ДАНІЛЕ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч: н. 28.10.1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1953—82 у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Друкуецца з 1940. Большасць апавяданняў прысвяціў падзеям вайны, жыццю вёскі і школы, працы настаўнікаў. Героі яго твораў — людзі высакародныя, верныя свайму дому, зямлі, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу (аповесці «Наш дом», 1971, «Апанаска Лугавы», 1972, і інш.). Для дзяцей выдаў кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Піша вершы, нарысы.

Тв.:

Мая песня. Мн., 1952;

Майская навальніца. Мн., 1959;

Наваселле. Мн., 1964;

Запаветны акіян. Мн., 1972;

Маці Мар’я. Мн., 1976;

Журлівіца. Мн., 1980;

Родная зямля. Мн., 1982.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭЛЕ МО́ЙХЕР-СФО́РЫМ (сапр. Шолам Якаў Абрамовіч; 1835/36, г. Капыль Мінскай вобл. — 1917),

яўрэйскі пісьменнік; пачынальнік рэалістычнай яўр. л-ры на ідыш. Жыў у Расіі. Пісаў пераважна на ідыш, публіцыстычныя і больш познія творы — на іўрыце. Дэбютаваў зб. літ.-крытычных артыкулаў «Суд свету» (1860). У аповесцях «Маленькі чалавечак» (1864—65), «Фішка Кульгавы» (1869), «Кляча» (1873), сатыр. драме «Такса» (1869), паэме «Яўрэйчык» (1875), сацыяльна-быт. раманах «Падарожжа Веніяміна Трэцяга» (1878), «Запаветны пярсцёнак» (ч. 1—2, 1888—89) і аўтабіяграфічным — «Шлойме рэб Хаім» (1894—1917) шырокая панарама жыцця яўрэяў у сярэдзіне 19 ст. на Беларусі, Літве, Украіне, абагульнена-гратэскавы вобраз-сімвал яўрэйскага мястэчка. У яго творчай манеры спалучаны прыёмы гратэску, сатыры і гумару, псіхал. і лірычнай прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Маленький человечек. Путешествие Вениамина Третьего. Фишха Хромой. М., 1961.

Г.​В.​Сініла.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),

мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.​Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).

Л.​Л.​Кароткая.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́ПЧЫК (Леанід Цімафеевіч) (14.11.1933, Мінск — 7.12.1998),

бел. пісьменнік. Скончыў Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (Масква, 1958). Хадзіў матросам на рыбалавецкім траўлеры, настаўнічаў, быў журналістам, працаваў у саўгасе на Піншчыне, на Бел. тэлебачанні, рэжысёрам мультфільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1958. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў «Даўгінаўскія вёрсты» (1977), «Ў краі Налібоцкай пушчы», «Ёсць у сэрцы запаветны куток» (абедзве 1979), «Адкуль у вёскі імя» (1981), «Дрэмле памятка дзён» (1991). Апісаў многія літ.-гіст. мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Чачота, Ядвігіна Ш., З.​Бядулі і асабліва Я.​Купалы. П’еса П. (з Дз.​Кальчанкам) «Князь Наваградскі» паст. Гродзенскім драм. т-рам у 1988 (на яго лібрэта кампазітар А.​Бандарэнка напісаў аднайм. оперу, паст. 1992). Па сцэнарыях П. Бел. тэлебачанне і «Беларусьфільм» паст. фільмы «Наваградак, чытаючы Міцкевіча» (1980), «Налібоцкія пчаляры» (1982), «Круіз на кані» (1990), «Напалеон Орда» (1991), «Беларускія ратушы» (1992).

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТО́НАЎ (сапр. Кліментаў) Андрэй Платонавіч

(1.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.1.1951),

рускі пісьменнік. Скончыў Варонежскі чыг. палітэхнікум (1924). У 1923—26 працаваў губернскім меліяратарам, кіраваў будаўніцтвам варонежскай электрастанцыі. Першая публіцыст. кн. «Электрыфікацыя» (1921). Першы зб. прозы — «Епіфанскія шлюзы» (1927). У раманах «Чавянгур» (апубл. 1972), «Шчаслівая Масква» (не завершаны, апубл. 1991), аповесцях «Джан» (апубл. 1964), «Катлаван» (апубл. 1969), «Ювенільнае мора» (апубл. 1979) непрыманне навязваемых форм сац. перабудовы жыцця. Аўтар зб. вершаў «Блакітная глыбіня» (1922), кн. аповесцей і апавяд. «Рака Патудань» (1937), аповесцей «Горад Градаў», «Запаветны чалавек» (абедзве 1928), п’ес «Высокае напружанне» (пач. 1930-х г., апубл. 1984), «Вучань ліцэя» (1950, апубл. 1974), кніг ваен. карэспандэнцый «Апавяданні пра Радзіму» (1943), «Салдацкае сэрца» (1946), літ.-крытычных артыкулаў «Роздумы чытача» (1939, апубл. 1970), кінасцэнарыяў, твораў для дзяцей і інш. Творчасці П. ўласціва сістэма філас. метафар, спецыфічная лексіка і стылістыка. Бел. матывамі прасякнуты апавяданні «Сёмы чалавек», «Сяржант Шадрын (Гісторыя рускага маладога чалавека нашага часу)», нарысы «Прарыў на Захад», «Дарога на Магілёў», «У Магілёве», «Падзенне немцаў», «На магілах рускіх салдат», «Роздумы афіцэра». На бел. мову асобныя апавяданні П. пераклалі А.​Марціновіч, М.​Навіцкі, А.​Шарахоўская.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—85;

Избранное. М., 1983;

Избранное. Мн., 1989;

Государственный житель: Проза. Ранние соч. Письма. Ми., 1990;

Антисексус. М., 1991;

Сокровенный человек: Повести, рассказы. Мн., 1993;

Чевенгур;

Котлован. Мн., 1999.

Літ.:

Васильев В.В. Андрей Платонов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. М., 1990;

Кузьменко О.А. Андрей Платонов: призвание и судьба: Очерк творчества. Киев, 1991;

«Страна философов» Андрея Платонова: Пробл. творчества. М., 1994.

А.П.Платонаў.

т. 12, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)