Зазямленне 4/471

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЗЯМЛЕ́ННЕ,

электрычнае злучэнне з зямлёю эл. машын, апаратаў, прылад, правадоў і інш., а таксама прыстасаванне, што забяспечвае такое злучэнне. Бывае ахоўнае (для засцярогі людзей), рабочае і маланкаахоўнае.

Ахоўнае З. (карпусоў эл. машын, апаратаў і інш.) засцерагае людзей ад паражэння эл. токам. Яно зніжае да небяспечных значэнняў напружанне дотыку або крокавае напружанне (пры прабоях ізаляцыі ці кароткіх замыканнях). Рабочае З. забяспечвае нармальную работу эл. машын, апаратаў, установак (зазямляюцца нейтралі трансфарматараў, нулявыя правады нізкавольтных ЛЭП, радыётэхн. антэны і інш.). Маланкаахоўнае З. засцерагае эл. ўстаноўкі і абсталяванне ад перанапружання і току маланкі. Зазямляюцца ахоўныя тросы паветраных ЛЭП, разраднікі, маланкаадводы на тэхн. збудаваннях і інш. З. складаецца з метал. электродаў (зазямляльнікаў) і праваднікоў, што злучаюць электроды з аб’ектам. Зазямляльнікі (стальныя трубы, рэйкі, стрыжні, стальныя або медныя лісты, палосы, правады і інш.) забіваюцца або закопваюцца ў зямлю (пажадана на глыбіню ўзроўню грунтавых вод), злучаюцца палосамі з дапамогай зваркі. Эл. супраціўленне кожнага тыпу З. строга рэгламентуецца і падлягае перыядычнай праверцы (замяраецца вымяральнікамі З., якія працуюць паводле прынцыпу вымяральнага моста або па кампенсацыйным прынцыпе з выкарыстаннем дапаможных зондаў-зазямляльнікаў).

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗАВО́З,

аўтамабіль, паўпрычэп ці прычэп, абсталяваны цыстэрнай для вадкага паліва (бензіну, газы, дызельнага паліва). Цыстэрна мае паказальнік узроўню паліва, клапан для сувязі ўнутр. поласці цыстэрны з навакольнай атмасферай пры ўзнікненні празмернага ціску, зліўныя патрубкі з хуткадзейнымі засаўкамі, адстойнікі з водааддзельнікамі, проціпажарныя сродкі, зазямленне.

Ёмістасць цыстэрнаў на аўтамабілі і прычэпе 1,2—8 тыс. л, на паўпрычэпах 7—30 тыс. л. Цыстэрны вял. ёмістасці (больш за 5 тыс. л) абсталяваны ўнутры падоўжнымі і папярочнымі перагародкамі (хвалярэзамі) для памяншэння гідраўлічных удараў.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭ́КТАРНЫ РАДЫЁПРЫЁМНІК,

найпрасцейшы радыёпрыёмнік, у якім прынятыя сігналы радыёстанцый не ўзмацняюцца, а толькі дэтэктыруюцца (гл. Дэтэктыраванне). Прыняты сігнал вылучаецца ў вагальным контуры Д.р., пераўтвараецца дэтэктарам у эл. ваганні гукавых частот, якія праслухоўваюцца ў тэлеф. навушніках. У Д.р. адсутнічае ўласная крыніца энергіі і ўсе працэсы ў ім адбываюцца за кошт энергіі прынятых сігналаў. Выкарыстоўваецца для прыёму перадач магутных радыёстанцый, а таксама ў навуч. мэтах.

Схема дэтэктарнага радыёпрыёмніка: A — антэна; LC — вагальны контур; D — дыёд; C — блакіровачны кандэнсатар; Т — галаўны тэлефон; З — зазямленне.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)