РАДАШКО́ВІЦКАЯ ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ЗАДУ́МА,

спроба гуртка беларусаў-інтэлігентаў мяст. Радашковічы (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) і ваколіц паставіць у 1892 на бел. мове п’есу «Злодзей» Ядвігіна Ш. (А.​Лявіцкі) без цэнзурнага дазволу. Спектакль пры ўдзеле аўтара меркавалася паказаць на платнай маёўцы, а на выручаныя грошы адкрыць бальніцу. Даведзеная да генеральнай рэпетыцыі пастаноўка была забаронена мясц. ўладамі, якія ўбачылі ў гэтай акцыі «палітычную справу». Спроба паказу спектакля на «забароненай» мове засталася няздзейсненай і ўвайшла як Р.т.з. ў гісторыю бел. т-ра.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАН (ад лац. planum плоскасць),

1) чарцёж, які паказвае ва ўмоўных знаках на плоскасці частку зямной паверхні (гл. План мясцовасці).

2) Гарызантальны разрэз або від зверху якога-н. збудавання або прадмета (гл. План у архітэктуры).

3) Папярэдне намечаны парадак ажыццяўлення якой-н. праграмы, выканання працы, правядзення мерапрыемстваў (гл. Планаванне).

4) Задума, праект, асн. рысы якой-н. працы, пераказу (напр., П. даклада, п’есы).

5) Спосаб разгляду, пабудовы, падыходу да чаго-н. (напр., у тэарэт. П.).

6) Размяшчэнне аб’ектаў на выяве — першы, сярэдні, задні П. і іх памеры — буйны, дробны (напр., П. кінематаграфічны).

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САЎ (Алег Паўлавіч) (н. 16.11.1945, г. Слуцк),

бел. мастацтвазнавец, дзеяч кінамастацтва. Скончыў БДУ (1966). Заснавальнік і мастацкі кіраўнік майстэрні мультфільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» (1975—89), анімацыйных студый (1989—95), віцэ-прэзідэнт кінавідэастудыі «Кадр-2» (з 1995). З 1963 выступае ў друку па праблемах бел. выяўл. мастацтва. Аўтар сцэнарыяў хранікальна-дакумент. і публіцыстычных фільмаў «Прафесар прыгажосці» (1972, з У.​Бойкам), «Загадка Ф.​Скарыны» (1973), «Развітальны вальс» (1977), «Задума» (1979), «Нераскрыты» (1992) і інш. Стваральнік анімацыйных фільмаў: «Казка пра вясёлага клоуна» (1980, рэжысёр), «Несцерка» (1978, аўтар сцэнарыя з В.​Вольскім), аўтар сцэнарыяў і рэжысёр стужак «Песня пра зубра» (1983), «Вельмі стары чалавек» (1989), «Дэкамерон» (1994, і прадзюсер).

Л.​Д.​Фінкельштэйн.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСУ (Алена Якаўлеўна) (н. 1.5.1914, С.-Пецярбург),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1945). Скончыла Ленінградскі ун-т (1940). З 1944 працавала ў Шадрынскім, з 1951 Мінскім пед. ін-тах, у 1980—85 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Аўтар навук. прац і метадычных дапаможнікаў: «Станаўленне метаду сацыялістычнага рэалізму ў творчасці Я.​Купалы» (1962), «Пытанні тэорыі літаратуры» (1964, з М.​А.​Лазаруком), «Фальклорныя традыцыі ў дакастрычніцкай творчасці Я.​Купалы» (1965), «Дакастрычніцкая творчасць Я.​Купалы ў святле літаратурных сувязей і традыцый» (1976), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (1970, з Лазаруком), «Задума. Мастацкая ідэя і вобразны свет літаратурнага твора» (1980), «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў» (1983, з Лазаруком), «Вывучэнне рускай літаратуры ва ўзаемасувязі з беларускай» (1988, з В.​Івашыным, Лазаруком) і інш.

т. 9, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРЭ́ТА (італьян. libretto літар. кніжачка),

1) славесны тэкст муз.-драм. твора (оперы, аперэты; раней таксама кантаты і араторыі). Будуецца на паслядоўным сюжэтным развіцці дзеяння, пішацца пераважна вершамі, радзей прозай (часцей у дыялогу). Л. — літ. драм. аснова оперы і не разглядаецца як самаст. маст. твор. Слова ў ім набывае поўную сілу ўздзеяння толькі ў адзінстве з музыкай. Задума Л., а часам і драматургічны сцэнарны план (сцэнарый) часта належаць кампазітару. Некаторыя кампазітары пішуць Л. сваіх твораў. Можа быць арыгінальным паводле тэмы, але часцей грунтуецца на сюжэтах і вобразах маст. л-ры ці нар. творчасці. Муз. інтэрпрэтацыя драм. тэксту абумоўлівае пераасэнсаванне кампазітарам і лібрэтыстам літ. першакрыніцы.

2) Літаратурны сцэнарый балетнага спектакля.

3) Кароткі выклад зместу оперы, аперэты, балета.

Г.​Р.​Куляшова.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭПТУА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА (англ. conceptional art ад concept ідэя, агульная задума + art мастацтва),

канцэптуалізм, кірунак у авангардным мастацтве 2-й пал. 20 ст. Узнікла ў ЗША ў канцы 1960-х г. (тэарэтык і аўтар тэрміна С.​Ле Віт; мастакі Р.​Бэры, Л.​Вейнер, Д. Х’юблер, Дж. Косут), адначасова пашырылася ў Зах. Еўропе (мастакі англ. групы «Мастацтва і мова» Т.​Аткінсан, Х.​Харэл, Д.​Байнбрыдж, М.​Болдуін і інш.). Працягвае традыцыі дадаізму і антымастацтва. У аснове К.м. — ідэя (канцэпт) важнасці не самога суб’ектыўнага прадмета адлюстравання, якую дэклараваў поп-арт, а таго, што прадмет абазначае, адмаўленне абавязковай завершанасці маст. твора. Мастак-канцэптуаліст не столькі выканаўца твора, колькі яго праграміст, тэарэтык. Ён дае гледачу права на «сааўтарства», самаст. асэнсаванне магчымых варыянтаў разумення сутнасці твора, прапануе аналізаваць не твор, а прыроду, прызначэнне і сутнасць мастацтва. Аналіз кода твора ідзе праз філасофію і лінгвістыку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваюць фотаздымкі, пісьмовую інфармацыю, графіку, гук, відэазапісы і інш., часам стварэнне маст. твора замяняецца рэфлекторнымі дыскусіямі. К.м. блізкае да перфомансу.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЗА́ЙН (ад англ. design задума, праект, чарцёж, малюнак),

від творчай дзейнасці па праектаванні і фарміраванні эстэт. і функцыян. якасцей прадметнага асяроддзя; вынік праектнай дзейнасці. Асн. аб’екты Д. — прадметна-прасторавае асяроддзе: яго кампаненты, рэчы і сувязі паміж імі, якія ўзяты ў адносінах да людзей і разглядаюцца ў разнастайных сістэмных сувязях з сацыякультурным асяроддзем. Мэта Д. — задавальненне матэрыяльных і духоўных патрабаванняў чалавека шляхам праектавання розных аб’ектаў: прамысл. вырабаў, элементаў візуальнай камунікацыі, адзення і інш.; фарміраванне гарманічнага прадметнага асяроддзя. Мае розныя галіны: Д. прамысловы, графічны, інтэр’ера і інш. З ім звязаны паняцці «тэхнічная эстэтыка» (тэорыя Д.) і «мастацкае канструяванне» (праектная практыка Д.).

Д. пачаў фарміравацца з развіццём масавай вытворчасці ў высокаразвітых прамысл. краінах (з 1754 Каралеўскае т-ва мастацтва ў Вялікабрытаніі пачало прысуджаць прэміі за лепшыя праекты прамысл. вырабаў). Развіццё Д. ў сучасным разуменні пачалося з 1-й пал. 20 ст. (нямецкі Веркбунд, 1907; Баўгауз, 1919—33; Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні ў Расіі, 1918—30). Важную ролю ў станаўленні Д. адыгралі Дж.Рэскін, У.Морыс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ і інш., якія прапагандавалі прынцыпы функцыяналізму, стварэнне тыповых, але старанна распрацаваных формаў. У 1959 на 1-й ген. асамблеі Міжнар. савета арг-цый прамысл. Д. прыняты тэрмін industrial design (індустрыяльны дызайн; прафес. скарачэнне — дызайн).

У Беларусі Д. развіваецца з канца 1910. Гэтаму спрыяла дзейнасць аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», створанага ў рамках Віцебскага маст.-практычнага ін-та па ініцыятыве К.Малевіча (існаваў да 1923). Новы ўздым Д. пачынаецца ў 1960-я г., асабліва ў вытв-сці трансп. сродкаў, быт. тэхнікі, мэблі, адзення і інш. У 1987 створаны Саюз дызайнераў Беларусі. Дызайнерская дзейнасць ажыццяўляецца ў Нацыянальным дызайн-цэнтры, дызайн-студыях Бел. саюза дызайнераў, на вытв. прадпрыемствах. З 1995 на Беларусі існуе Аддзяленне Міжнар. асацыяцыі «Саюз дызайнераў». Дызайнераў рыхтуюць Бел. АМ і Еўрапейскі гуманітарны ун-т.

Літ.:

Безмоздин Л.Н. Художественно-конструктивная деятельность человека. Ташкент, 1975;

Глазычев В.Л. О дизайне. М., 1970;

Лазарев Е.Н. Дизайн машин. Л., 1988;

Нестеренко О.И. Краткая энциклопедия дизайна. М., 1994;

Селезнев И.Ф. Дизайн. Мн., 1978.

Ф.​Р.​Вількін, Я.​Ю.​Ленсу.

Да арт. Дызайн. 1. Ю.​Жуцяеў, С.​Паланевіч, В.​Сонца, С.​Хлебародава. МАЗ-2000. 1994. 2. В.​Сямёнаў. Цяжкавоз БелАЗ-7924. 1997. 3. Трактар «Беларусь». 4. Т.​Кузюкова, А.​Пастухоў, А.​Цэхановіч. Мікраскоп. 1993. 5. Двухкамерны халадзільнік «Атлант». Мадэль 152-01. 6. А.​Дольнікаў. Бінокль. 1997. 7. Г.​Шакавец. Пыласос. 1995. 8. Т.​Лісавенка. Калекцыя адзення «Мадыльяні». 1994.
Да арт. Дызайн. 1,2. С.​Саркісаў. Рэкламна-інфармацыйная графіка да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.​Скарыны. 1989. 3. Т.​Гардашнікава, Дз.​Сурскі. З серыі плакатаў «Эканомія ў быце». 1991. 4. Э.​Жакевіч. Знакі-інфарматары да выдання У.​А.​Чантурыя «Гісторыя архітэктуры Беларусі». 1977.
Да арт. Дызайн. 1. У.​Цэслер, С.​Войчанка. Лагатып фірмы. 1992. 2. Л.​Мялоў, С.​Саркісаў. Лагатып Целяханскай лыжнай фабрыкі 1985. 3. Я.​Круглоў. Лагатып транспартнай фірмы. 1988.
Да арт. Дызайн. В.​Мінько, А.​Хількевіч. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Разварот кнігі. 1995.

т. 6, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФАЭ́ЛЬ [Raffael, Raphael; сапр. Рафаэла Санці (Санцыо), Raffaello Santi (Sanzio); 26 ui 28.3 або 6.4.1483, г. Урбіна, Італія — 6.4.1520],

італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Дж.​Санці (да 1494), у Перуджы ў П.​Перуджына (каля 1495—1505, або 1499—1500). Раннія творы, у якіх адчувальны ўплыў Перуджына, вызначаюцца тонкай паэзіяй і мяккім лірызмам пейзажных фонаў, ураўнаважанасцю кампазіцый: «Каранаванне св. Мікалая Таленцінскага» (каля 1500), «Тры грацыі», «Сон рыцара» (абедзве каля 1500—02), «Укрыжаванне са св. Іеранімам» (1.503), «Мадонна Канестабіле» (каля 1504), «Заручыны Марыі» (1504). З 1504 працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Перуджы і Умбрыі. Пад уплывам Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Ф.​Барталамео перайшоў да больш класічнай манеры, сцвердзіўся як майстар рэнесансавага жывапісу: «Мадонна дэль Грандука» (1504), «Малая Мадонна Каўпер» (1504—05), «Мадонна на лузе» (1506), «Мадонна са шчыглянём» (1507), «Святая сям’я Каніджані» (1507—08), «Вялікая Мадонна Каўпера», «Мадонна Тэмпі», «Прыгожая садоўніца» (усе 1508), партрэты Аньёла і Мадалены Доні і інш. З 1508 у Рыме. Паводле заказу пап Юлія II і Льва X пісаў фрэскі ў залах (станцах) Ватыканскага палаца, у якіх увасобіў гуманіст. ідэалы свабоды і зямнога шчасця, жыццесцвярджальныя ўяўленні пра прыгажосць і дасканаласць чалавека, яго гармонію са светам. Фрэскам уласцівы спакойная веліч і гарманічная стройнасць шматфігурных кампазіцый, павышаная роля арх. фонаў, якія дасканала звязаны з рэальным арх. асяроддзем, майстэрства перадачы святлаценю, мяккі светлы каларыт: «Дыспут», «Афінская школа», «Парнас», «Мудрасць, Мера і Сіла» ў Станца дэла Сеньятура (1508—11), «Выгнанне Эліядора з храма», «Сустрэча Льва I з Атылам», «Меса ў Бальсене», «Вызваленне апостала Пятра з цямніцы» ў Станца д’Эліядора (1511—14), «Пажар у Борга», «Каранаванне Карла Вялікага папай Львом III» у Станца дэль Інчэндыо (1514—17) і адпаведныя гал. кампазіцыям алегарычныя, біблейскія і міфалагічныя сцэны на плафонах. Стылістычна блізкія да ватыканскіх фрэсак кардоны серыі шпалер для Сіксцінскай капэлы (1515—16). Духам ант. класікі з яе культам пачуццёвай прыгажосці прасякнута фрэска «Трыумф Галатэі» на віле Фарнезіна (1511). Пісаў алтарныя абразы, рэліг. карціны і партрэты, якія вызначаюцца майстэрствам перадачы характару персанажаў, экспрэсіўнасцю, складаным гучным каларытам: «Мадонна Альба» (каля 1510—11), «Мадонна ды Фаліньё» (1511—12), «Партрэт кардынала» (каля 1512), «Сіксцінская мадонна» (1513—14), «Святая Цэцылія» (1514), «Мадонна з рыбай» (каля 1514), «Партрэт Бальдасарэ Кастыльёне» (каля 1515), «Жанчына ў пакрывале» («Донна Велата», каля 1516), «Нясенне Крыжа» (1517), «Партрэт Льва X з двума кардыналамі» (1518—19), «Святая сям’я Францыска I» (1518), «Праабражэнне» (1517—20) і інш. У некат. позніх работах адчуваюцца рысы маньерызму. Арх. дзейнасць Р. стала сувязным звяном паміж творчасцю Д.​Брамантэ і А.​Паладыо. З 1514 гал. архітэктар Рымскага сабора Святога Пятра, стварыў яго новы план, у аснову якога паклаў арх. тып базілікі. Дабудоўваў пачаты Брамантэ ватыканскі двор з лоджыямі. Пабудовам Р. ўласціва спалучэнне дэкору фасадаў з асаблівасцямі мясцовасці і суседняй забудовы, памерамі і прызначэннем будынка: царква Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (з 1509), капэла Кіджы царквы Санта-Марыя дэль Попала (1512—20), палацца Відоні-Кафарэлі (з 1515), Бранконіо дэль Аквіла (1520) у Рыме, палацца Пандальфіні ў Фларэнцыі (з 1520, дабудаваны па праекце Р. арх. Дж. да Сангала). Часткова ажыццёўлена аўтарская задума Р. ў пабудове вілы Мадама ў Рыме (з 1517, дабудавана арх. А. да Сангала Малодшым), арганічна звязанай з навакольнымі садамі і тэрасным паркам. Творчасць Р. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. жывапіс 16—19 ст.

Літ.:

Гращенков В.Н. Рафаэль. 2 изд. М., 1975;

Пашут Л. Рафаэль: Пер. с венг. М., 1981;

Дажина В.Д. Рафаэль и его время. М., 1983;

Прусс И.Е. Рафаэль: [Альбом]. М., 1983;

Лебедянский М.С. Портреты Рафаэля. М., 1983.

С.​У.​Пешын.

Рафаэль.
Рафаэль. Афінская школа. Станца дэла Сеньятура. 1508—11.
Рафаэль. Прыгожая садоўніца 1508.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЖЫСЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА.

рэжысура, мастацтва ствараць гарманічна цэласнае відовішча, якое вызначаецца пэўным маст. адзінствам (спектакль, кінафільм, тэлефільм і інш.).

У тэатры рэжысёр паводле сваёй творчай задумы кіруе работай усіх удзельнікаў пастаноўкі (акцёраў, сцэнографа, кампазітара і інш), знітоўвае ўсе элементы спектакля і падпарадкоўвае іх раскрыццю ідэйна-маст. сутнасці драм. твора. Рэжысёрская задума ўключае ідэйнае вытлумачэнне (інтэрпрэтацыю) п’есы, вызначэнне яе жанру, стылю і адпаведна манеру акцёрскага выканання, характарыстыку персанажаў, вырашэнне спектакля ў часе і прасторы (тэмп, рытм, мізансцэны, арганізацыя сцэнічнай пляцоўкі), а таксама прынцыпы маст. афармлення спектакля (з мастаком і кампазітарам). У залежнасці ад асаблівасцей п’есы, яе тэмы, ідэі, жанру, стылю і інш. вынікае форма спектакля. Гал. сфера дзейнасці ў Р.м. — работа рэжысёра з акцёрам на рэпетыцыі над увасабленнем пастановачнай задумы спектакля. Адносіны паміж рэжысёрам і акцёрам у працэсе работы маюць характар творчага ўзаемадзеяння. Р.м. прайшло шлях ад спалучэння ў адной асобе драматурга, выканаўцы і рэжысёра да трансфармацыі рэжысёра як асн. творчага інтэрпрэтатара і арганізатара сцэн. твора.

Р.м. ў сучасным разуменні ўзнікла ў канцы 19 ст. і звязана з дзейнасцю рэжысёраў Л.​Кронека, О.​Брама, М.​Райнгарта (Германія), А.​Антуана (Францыя), Г.​Крэга (Вялікабрытанія) і інш., якія імкнуліся да ўзнаўлення на сцэне «кавалка жыцця», ансамбля. Дынамічнаму развіццю Р.м. садзейнічалі вял. рус. рэжысёры К.​Станіслаўскі (гл. Станіслаўскага сістэма), У.​Неміровіч-Данчанка (стваральнік школы рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства), У.​Меерхольд (прынцыпы ўмоўнага т-ра, біямеханіка, адкрытая паліт. тэндэнцыёзнасць тэндэнцыйнасць*, эксперыменты ў форме спектакля і г.д.), Я.​Вахтангаў (сінтэз рэжысёрскіх пошукаў Станіслаўскага і Меерхольда), А.​Таіраў (імкненне да арган. суіснавання ўсіх элементаў сцэн. мастацтва: слова, спеваў, пантамімы, танца і г.д.). Пад уплывам іх творчых ідэй працавалі рэжысёры Ж.​Капо, Ш.​Дзюлен, Л.​Жувэ (Францыя), М.​Валенцін (Германія), Ю.​Астэрва, Л.​Шылер (Польшча), Э.​Бурыян (Чэхія), Е. Ле Гальен (ЗША) і інш. Новы творчы імпульс Р.м. дала творчасць Б.​Брэхта, які стварыў тэорыю эпічнага т-ра. Рэжысёрскім пазіцыям Брэхта блізкія Ж.​Вілар, Ж.​Баро (Францыя), П.​Брук (Вялікабрытанія), Дж.​Стрэлер (Італія) і інш. Прынцыпы Р.м. ў рас. т-ры 2-й пал. 20 ст. развівалі і развіваюць М.​Акімаў, М.​Ахлопкаў, А.​Васільеў, А.​Дзікі, Л Додзін, Ю.​Завадскі, Б.​Захава, М.​Захараў, М.​Кнебель. А.​Лабанаў, Ю.​Любімаў, А.​Папоў, Р.​Сіманаў, Г.​Таўстаногаў, Л.​Хейфіц, А.​Эфрас, А.​Яфрэмаў і інш.

На Беларусі ў нар. т-ры (паказах скамарохаў, батлейкі, нар. драмы) своеасаблівым рэжысёрам была нар. традыцыя, якой прытрымліваліся ўсе ўдзельнікі прадстаўленняў. Станаўленне Р.м. звязана з тэатр. дзейнасцю ў 1840—50-я г. В.​Дуніна-Марцінкевіча (гл. Дуніна-Марцінкевіча тэатр), у 1-й пал. 20 ст. з творчасцю І.​Буйніцкага, А.​Бурбіса, Ф.​Ждановіча, У.​Фальскага. Яны апіраліся на нар. тэатр. традыцыі: стваралі сінт. па характары паказы, у якіх шырока выкарыстоўвалі муз. і харэагр. нар. творчасць; іх спектаклі вызначаліся моцным нац. каларытам, жыццёвай верагоднасцю, дакладнасцю нар. характараў і побыту. Традыцыі бел. нар. т-ра, Першай бел. трупы Буйніцкага прадаўжалі Ждановіч і У.​Галубок. Параўнальна вял. ўвагу яны аддавалі раскрыццю сац. зместу твора, яго ідэйна-маст. гучанню, імкнуліся да больш глыбокай псіхал. распрацоўкі вобразаў. Прыкметна паўплывала на развіццё бел. Р.м. сістэма Станіслаўскага. Традыцыі рус. рэаліст. школы з прынцыпамі бел. нар. т-ра спалучаў у сваёй творчасці Е.​Міровіч, які ўмела садзейнічаў раскрыццю творчай індывідуальнасці акцёра. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся акцёрскім ансамблем, пластычнай выразнасцю і рэжысёрскім вынаходніцтвам, стыліст. своеасаблівасцю і адзінствам, дакладна распрацаванымі масавымі сцэнамі. У канцы 1920—30-я г. паявіліся рэжысёры, творчасць якіх вызначыла асаблівасці бел. Р.м. наступных гадоў. Глыбіня думкі, вострая форма, лаканізм выразных сродкаў, лірызм уласцівы рэжысуры М.​Міцкевіча. Адчуванне сучаснасці, эмацыянальнасць і рамантычная афарбоўка — адметныя рысы рэжысуры К.​Саннікава. Яркая відовішчнасць, тэатральнасць, майстэрства сцэн. кампазіцыі характэрны рэжысуры Л.​Літвінава. Уклад у развіццё Р.м. зрабілі А.​Аркадзьеў, Дз.​Арлоў, Ю Арынянскі, Г.​Волкаў, В.​Галаўчынер, М.​Зораў, М.​Кавязін, С.​Казіміроўскі, У.​Кумельскі, Н.​Лойтар, Л.​Мазалеўская, У.​Маланкін, А.​Міронскі, І.​Папоў, В.​Пацехін, М.​Рафальскі, Л.​Рахленка, В.​Рэдліх, А.​Скібнеўскі, М.​Співак, А.​Струнін, С.​Уладычанскі, В.​Фёдараў, Ю.​Шчарбакоў, Б.​Эрын. Р.м. 1970—90-х г. характарызуецца ў пэўнай ступені абнаўленнем тэатр. выразных сродкаў, імкненнем да філасофска-абагульненай задумы спектакля і трактоўкі характараў, да сцэн. метафарычнасці, асацыятыўнасці. Пераемнасць творчых традыцый, пошукі сучаснага стылю характэрны для лепшых спектакляў Р.​Баравіка (акрэсленасць грамадскай пазіцыі і глыбокая распрацоўка сцэн. характараў), У.​Караткевіча (сацыяльна-паліт. распрацоўка матэрыялу п’есы, удумлівая работа з акцёрам), Б.​Луцэнкі (пошук новых выразных магчымасцей драматургічнага матэрыялу п’есы і імкненне іх спалучыць з сучаснымі эксперыментальнымі пошукамі Р.м.), В.​Раеўскага (канцэптуальныя падыходы да з’яў сучаснасці і выяўленне іх у яркай сцэн. форме), В.​Мазынскага (імкненне ўзнавіць прынцыпы нар. т-ра з улікам сучасных тэатр. навацый), В.​Баркоўскага (эксперыменты ў галіне формы і зместу спектакля), А.​Андросіка (наследаванне традыцый рус. Р.м.), В.​Катавіцка, Р.​Таліпава (імкненне асвоіць прынцыпы сучаснага зах.-еўрап. Р.м.) і інш. Рэжысёрскія кадры рыхтуюць Бел. дзярж. АМ і Бел. ун-т культуры.

У кіно рэжысёр узначальвае творчы і вытворчы працэс па стварэнні фільма. Ён вызначае паводле сцэнарыя ідэйна-маст. задуму фільма і даводзіць яго да цэласнага ўвасаблення, кіруе сумеснай работай акцёраў, аператара, мастака, кампазітара і інш. удзельнікаў пастаноўкі.

У кіно Р.м. зарадзілася ў пач. 20 ст. У зах. кінематографе ў розныя часы высокім узроўнем вызначалася Р.м. Л.​Буньюэля (Іспанія), Ж.​Л.​Гадара, Л.​Дэлюка, Р.​Клера, Ф.​Лежэ. Ж.​Мельеса, А.​Рэне, Ж.​Рэнуара, Ф.​Труфо (Францыя); Д.​Грыфіта, Т.​Інса, Ф.​Капры, Ф.​Ф.​Копалы. С.​Крамера, С.​Кубрыка, Дж.​Лукаса, Э.​Портэра, М.​Скарсезе, С.​Спілберга, Дж.​Форда, Ч.​Чапліна (ЗША); Р.​Віне, Ф.​Ланга, Ф.​В.​Мурнаў, Р.​В.​Фасбіндэра (Германія); Л.​Андэрсана, Т.​Рычардсана (Вялікабрытанія); М.​Антаніёні, Л.​Вісконці, П.​П.​Пазаліні, Р.​Раселіні, В.​Дэ Сікі. Ф.​Феліні (Італія); І.​Бергмана (Швецыя); А.​Курасавы (Японія); А.​Вайды, Е.​Гофмана, К.​Занусі (Польшча). У Расіі Р.м. звязана з дзейнасцю В.​Абдрашытава, Р.​Аляксандрава. бр. Васільевых, С.​Бандарчука, Дз.​Вертава, У.​Гардзіна, С.​Герасімава, А.​Германа, М.​Губенкі, Г.​Данеліі, М.​Калатозава, Р.​Кармэна, Р.​Козінцава, Л.​Куляшова, М.​Міхалкова, А.​Міхалкова-Канчалоўскага, Г.​Панфілава, Я.​Пратазанава, У.​Пудоўкіна, І.​Пыр’ева, Э.​Разанава, М.​Рома, А.​Сакурава, А.​Таркоўскага, В.​Шукшына, С.​Эйзенштэйна, Ф.​Эрмлера, С.​Юткевіча.

Станаўленне Р.м. ў бел. кіно адбывалася ў 1920—30-я г. і звязана з дзейнасцю Э.​Аршанскага, Я.​Дзігана, У.​Корш-Сабліна, Ю.​Тарыча, з пошукамі рэжысуры ў адлюстраванні героікі рэвалюцыі і сучаснай праблематыкі, у распрацоўцы тэмы перавыхавання чалавека ва ўмовах новага грамадства. Р.м. Тарыча ўласцівы рамант. ўзнёсласць з даследаваннем жыццёвага асяроддзя, дакладнасць у перадачы каларыту эпохі і гіст. падзей. Фільмы Корш-Сабліна вызначаюцца экспрэсіўнасцю буйных планаў, выразнымі дэталямі, плакатна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў, увагай да псіхалогіі чалавека-працаўніка, да рэаліст. быт. падрабязнасцей. Традыцыі героіка-рамант. вырашэння тэмы прадоўжаны ў фільмах 1940—50-х г., прысвечаных Вял. Айч. вайне (Л.​Голуб, М.​Фігуроўскі) і гіст.-рэв. падзеям (Корш-Саблін). Адметнасць Р.м. 1960—1-й пал. 1970-х г. звязана з новым пакаленнем бел. кінематаграфістаў, сцвярджэннем імі дакумент. стылістыкі як дамінуючага маст. прынцыпу адлюстравання рэчаіснасці. Свабоднае, раскаванае апавяданне, будзённая плынь жыцця, адмаўленне ад знешняга пафасу, патэтыкі, здымкі «пад хроніку» выразна выявіліся ў фільмах пра Вял. Айч. вайну П.​Арманда, Р.​Віктарава, І.​Дабралюбава, В.​Турава, А.​Спешнева, Б.​Сцяпанава. Рэжысёры імкнуліся да маст. рэканструкцыі гіст. фактаў, уключалі ў ігравыя фільмы кінахроніку, фотаздымкі і інш., прынцыпы дакументалізму часам спалучаліся з вобразна-паэт. абагульненнямі і сімволікай. У 2-й пал. 1970-х — 1990-я г. з пашырэннем жанравай і стылявой палітры Р.м. пераважнае развіццё атрымалі эпічныя і публіцыст. кінастужкі. Для Р.м. гэтага часу характэрны пошукі сац. і філасофскіх абагульненняў, увага да маст. даследавання стыхіі нар. жыцця, паглыбленая цікавасць да паўсядзённага побыту, імкненне ствараць каларытныя нар. характары (Тураў, В.​Рыбараў). Прыкметнымі сталі публіцыст. прынцыпы вырашэння творчай задумы, што выявілася ў падкрэслена вострых характарыстыках драм. канфліктаў і герояў у фільмах В.​Нікіфарава, М.​Пташука, Турава. Схільнасць да яркай відовішчна-выяўл. формы вылучае рэжысуру В.​Рубінчыка. Высокім майстэрствам у даследаванні трагічных падзей Вял. Айч. вайны на Беларусі, сінтэзам стылявых прыёмаў ігравога і дакумент. кіно, арганічным спалучэннем эпасу і публіцыстыкі вылучаецца Р.м. Э.​Клімава. У 1960—90-я г. значна вырасла Р.м. і ў бел. дакумент. кіно (І.​Вейняровіч, М.​Гарбуноў, М.​Жданоўскі, Ю.​Лысятаў, Дз.​Міхлееў, І.​Пікман, В.​Сукманаў, М.​Хубаў, У.​П.​Цяслюк, У.​У.​Цяслюк, Р.​Ясінскі і інш.), асабліва ў цыклах В.​Дашука.

На тэлебачанні рэжысёр увасабляе ідэйна-маст. задуму ў цэласную структуру тэлевізійнага твора (тэлефільма, тэлеспектакля, тэлеперадачы); стварае гукапластычнае экраннае відовішча, у якім сінтэтычна аб’яднаны выяўл. сродкі тэлевізійнага мастацтва: тэледраматургія, акцёрскае мастацтва, пластыка экраннай мовы, гукарытмічны строй дзеяння (музыка, мова і шумы). Станаўленне бел. тэлерэжысуры пачалося ў 2-й пал. 1960-х г. і звязана з выпускам кароткаметражных маст. стужак. Псіхалагічнай дакладнасцю, лірыка-паэт. бачаннем свету, мяккім гумарам вызначаюцца тэленавелы В.​Басава, Ю.​Дубровіна, М.​Кожына, Нікіфарава, В.​Панамарова, Рубінчыка, В.​Урагава. Р.м. 1970—90-х г. наследавала і творча пераасэнсоўвала вопыт, набыты ў кіно. Значнае месца занялі шматсерыйныя тэлетворы, засн. на дакумент.-маст. трактоўцы падзей гісторыі. Арганічнае ўвядзенне ў маст. палатно ўрыўкаў з дакумент. стужак, фатаграфій, дакументаў, дыктарскага тэксту як прынцыпова важнага структураўтваральнага элемента, што пашырыла рамкі дзеяння, наблізіла гіст. час экранных падзей да рэальнага часу (творы А.​Гутковіча, Дубровіна, В.​Карпілава, Сцяпанава). Асабліва прыкметны рост Р.м. ў экранізацыях твораў бел. і рус. класічнай л-ры: з дапамогай багатых выяўл. сродкаў відэатэхнікі пластычна, выразна прачытана паэт. спадчына Я.​Купалы; рысы эпічнасці, паэтычна-метафарычная, пластычная вобразнасць, паглыбленае даследаванне псіхалогіі герояў у часы драм. і трагічных выпрабаванняў, дакумент. выразнасць у перадачы атмасферы вайны вылучаюць экранізацыі твораў В.​Быкава і В.​Казько; сугучнасцю інтанацыі аўтарскага апавядання і рэжысёрскай, выяўл., акцёрскай культуры адзначана экраннае ўвасабленне твораў І.​Тургенева, І.​Мележа, У.​Караткевіча. Плённа працавалі і працуюць рэжысёры-тэледакументалісты С.​Агеенка, Г.​Адамовіч, У.​Арлоў, В.​Аслюк, Басаў, У.​Бокун, І.​Волах, С.​Гайдук, Н.​Гаркунова, Ю.​Гарулёў, Л.​Гедравічус, Ф.​Грыцкова, В.​Жыгалка, І.​Калоўскі, А.​Карпаў, М.​Князеў, В.​Шавялевіч, М.​Якжэн і інш. Гл. таксама Кінамастацтва, Тэлевізійнае мастацтва.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;

История белорусского кино. [Кн. 1—2]. Мн., 1969—70;

Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Сабалеўскі А. Ад п’есы — да спектакля. Мн., 1965;

Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980;

Яго ж: Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Слова пра майстроў сцэны Мн., 1967;

Майстры беларускай сцэны. Кн. 3. Мн., 1978;

Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;

Яго ж. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;

Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. Мн., 1979;

Пятровіч С. Еўсцігней Міровіч 2 выд. Мн., 1978;

Смольскі Р. Пазначана часам: Пошукі сучаснай бел. рэжысуры. Мн., 1984;

Баравік Р.І. Рэжысура Беларусі: прабл. канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000;

Красинский А.В. Юрий Тарич. Мн, 1971;

Кино Советской Белоруссии М., 1975;

Современное белорусское кино. Мн., 1985;

Бондарева Е.Л. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980;

Павлючик Л. От исповеди к эпосу: Судьбы и фильмы Виктора Турова. М., 1985;

Нечай О.Ф. Большой мир малого экрана. Мн., 1979;

Яе ж. Телевидение как художественная система. Мн., 1981.

А.​К.​Саннікаў, Р.​І.​Баравік (рэжысёрскае мастацтва ў тэатры), А.​В.​Красінскі (у кіно), В.​Ф.​Нячай (на тэлебачанні).

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),

мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.

Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.​Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.​Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.

У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.​Гюго, А.​Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.​Санд, Э.​Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.​Р.​Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.​Ламарцін, А.​Мюсэ, Ш.​А.​Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.​Вордсварт, С.​Т.​Колрыдж, Р.​Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.​Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.​Байран, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.​Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.​Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.​Г.​Вакенродэр, Наваліс, Л.​Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.​Брэнтана, Л.​Арнім, Г.​Кляйст, А.​Шаміса, Г.​Гейнэ, браты Грым, І.​Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.​Леапардзі, У.​Фоскала, А.​Мандзоні (Італія), Ш.​Пецёфі (Венгрыя), А.​Эленшлегера (Данія), Э.​Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.​Радзічавіча (Сербія), Я.​Колара (Чэхія), Я.​Краля (Славакія), В.​Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.​Ірвінг, Дж.​Ф.​Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.​Хотарн, Э.​По, Г.​Мелвіл, Г.​Лангфела, Р.​У.​Эмерсан, Г.​Д.​Тора, Э.​Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.​Рылеева, В.​Кюхельбекера, А.​Адоеўскага, А.​Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.​Жукоўскага, Я.​Баратынскага, К.​Бацюшкава, І.​Казлова, А.​Пагарэльскага, Ф.​Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.​Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.​Лермантава і М.​Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.

У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, У.​Сыракомля, В.​Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел. рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.​Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.​Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.​Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.​Караткевіча, Я.​Брыля, І.​Навуменкі, А.​Карпюка і інш.

У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.

Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.​Гро. Ж.​Л.​Давід, П.​Ж.​Давід д’Анжэ, А.​Дам’е, Э.​Дэлакруа, Т.​Жэрыко, П.​П.​Прудон, Ф.​Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.​Рунге, І.​Г.​Фюслі), пейзаж (К.​Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.​Бонінгтан, Дж.​Констэбл, У.​Тэрнер) і ЗША (Дж.​Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.​Матэйка, П.​Міхалоўскі (Польшча), І.​Манес, І.​Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.​Кіпрэнскага, В.​Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.​Брулова, Ф.​Бруні, Ф.​Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.​Іванава, П.​Фядотава.

На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.​Дмахоўскі, Я.​Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.​Бартэльса, Б.​Клямбеўскага, Я.​Манюшкі, Р.​Слізня, сфарміравалася творчасць М.​Э.​Андрыёлі.

У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.​А.​Гофмана, К.​М.​Вебера (Германія), Н.​Паганіні, Дж.​Расіні (Італія), Дж.​Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.​Шапэна (Польшча), Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, Р.​Вагнера (Германія), Г.​Берліёза, Дж.​Меербера (Францыя), Ф.​Ліста (Венгрыя), В.​Беліні, Дж.​Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.​Брамса (Германія), А.​Брукнера, Х.​Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.​Малера (Аўстрыя), Р.​Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.​Вярстоўскі, пазней П.​Чайкоўскі, С.​Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.​Метнер, А.​Скрабін, Вердзі, Ж.​Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл. Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.​Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.​Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.

Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел. нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.​Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).

Літ.:

Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;

История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;

Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;

Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;

Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;

Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;

Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;

Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;

Романтизм в музыке. Мн., 1999;

Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;

Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;

Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.

М.​С.​Рагачэўская (літаратура, выяўленчае мастацтва), В.​Я.​Буйвал (бел. выяўленчае мастацтва), А.​М.​Кулагін (архітэктура), Т.​А.​Цітова (музыка).

Да арт. Рамантызм. Э.​Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.
Да арт. Рамантызм. І.​Г.​Фюслі. Жах. 1790—91.
Да арт. Рамантызм. К.​Д.​Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.
Да арт. Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)