ЗАГАРО́ДЫ ваенныя,

штучныя перашкоды (збудаванні і разбурэнні), якія ствараюцца на шляхах руху праціўніка з мэтай нанесці яму ўрон, затрымаць і ўскладніць прасоўванне, скаваць манеўр або вымусіць перамяшчацца ў выгадным для нашых войск напрамку.

Падзяляюцца на наземныя (у т. л. водныя), марскія і паветраныя (процісамалётныя); выбуховыя (мінна-выбуховыя і ядзерна-мінныя), невыбуховыя і камбінаваныя; аператыўныя і тактычныя. Наземныя З. падзяляюцца на процітанкавыя (мінныя палі, равы, эскарпы, контрэскарпы, надаўбні, вожыкі і інш.), проціпяхотныя (змешаныя мінныя палі, драцяныя З. і інш.), процітранспартныя (мінна-выбуховыя З., завалы, барыкады і інш.). Марскія З. бываюць мінныя, сеткавыя, бонавыя (гл. Боны), камбінаваныя (у т. л. процідэсантныя); устанаўліваюцца на паверхні, у тоўшчы вады і на дне. Паветраныя З.аэрастаты і інш. сродкі, якія перашкаджаюць палётам самалётаў і верталётаў, ускладняюць бомбакіданне. Гл. таксама Фартыфікацыя.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Інжынерныя загароды 1/392; 5/106

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІННАЎЗРЫЎНЫ́Я ЗАГАРО́ДЫ,

сістэма мінных палёў, адзіночных мін і загарод выбуховага рэчыва, якія размяшчаюцца на мясцовасці. Выкарыстоўваюцца з мэтай перашкоды праціўніку ў прасоўванні і манеўры (гл. Загароды). Па прызначэнні падзяляюцца на процітанк., проціпяхотныя, процідэсантныя, змешаныя, паводле спосабу прывядзення ў дзеянне — на кіроўныя і некіроўныя. Устанаўліваюць уручную, з дапамогай сродкаў механізацыі, у т. л. самалётаў, верталётаў, а таксама ракетамі і артылерыяй. На Беларусі пасля Вял. Айч. вайны выяўлена і абясшкоджана каля 27 млн. мін і інш. выбуховых рэчываў. У некат. раёнах размініраванне працягваецца.

Літ.:

Варенышев Б.В. Преодоление инженерных заграждений и препятствий. М., 1976.

С.У.Чарных.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НДЭР (ням. Brander),

судна, нагружанае гаручымі і выбуховымі рэчывамі, якое падпальвалі і пускалі па ветры ці цячэнні на варожыя караблі. У 19 — сярэдзіне 20 ст. брандэрам называлі старыя судны, якія затапляліся на ўваходзе ў гавань праціўніка з мэтай загароды.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬВА́ТЭРНАЯ КАЛО́НА,

строй караблёў (суднаў), пры якім яны ідуць адзін за адным у адной лініі на ўстаноўленай паміж імі адлегласці. Выкарыстоўваецца пры плаванні па фарватэрах, праз мінныя загароды і інш. Трансп. судны ў гады 1-й і 2-й сусв. войнаў звычайна станавіліся ў некалькі паралельных К.к. У эпоху паруснага флоту К.к. была асн. баявым парадкам злучэння караблёў і наз. лініяй баталіі, а тактыка іх дзеяння — лінейнай тактыкай.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАСТА́Т (ад аэра... + грэч. statos стаячы, нерухомы),

лятальны апарат, лягчэйшы за паветра. Пад’ёмная сіла аэрастата ствараецца змешчаным у абалонку газам (вадарод, гелій, цёплае паветра і інш.), шчыльнасць якога меншая за шчыльнасць паветра. Адрозніваюць аэрастаты кіроўныя (дырыжаблі, матарызаваныя аэрастаты з рухавікамі і паветранымі вінтамі), некіроўныя (паветраныя шары, радыёзонды, стратастаты і інш.) і прывязныя (для назірання ці загароды). Кіроўныя і некіроўныя аэрастаты выкарыстоўваюць для даследавання атмасферы Зямлі і ў спорце, прывязныя — у метэаралогіі, ваен. справе і інш. Гл. таксама Паветраплаванне.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РНЫ ПУНКТ,

1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.

2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл. Апорная геадэзічная сетка).

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВА́Я АБАРО́НА,

сілы і сродкі флоту, берагавыя ўмацаванні, прызначаныя для абароны ваенна-марскіх партоў, узбярэжжа, астравоў, праліваў ад нападу праціўніка з мора, сушы, паветра. Пачала фарміравацца ў 14 ст. з выкарыстаннем артылерыі, якая да сярэдзіны 20 ст. складала аснову берагавой абароны. Выкарыстоўваліся таксама марская пяхота, стралковыя і інж.-сапёрныя часці, зенітная артылерыя, караблі і катэры прыбярэжнага дзеяння, фартыфікацыйныя збудаванні і мінныя загароды. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі са стварэннем берагавых ракетна-артыл. войскаў берагавая абарона ажыццяўляюць сіламі сухапутных войскаў, войскаў ППА, ВПА і ВМФ. У некат. краінах берагавая абарона ўскладзена на ваенна-марскія сілы, у ЗША, напр., — на ваенна-марскія акругі і сухапутныя войскі.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ДАЎБНІ,

процітанкавыя, процітрансп., процідэсантныя загароды з бярвён (дыяметрам не менш за 25 см), метал., жалезабетонных бэлек або камянёў, укапаных у грунт вертыкальна або з нахілам 60—75° у бок праціўніка; выступаюць над паверхняй зямлі на 0,5—1,2 м. Устанаўліваюць Н. ў 3—5 радоў у шахматным парадку; аплеценыя калючым дротам, адначасова служаць і проціпяхотнай загародай. Н. выкарыстоўваліся са стараж. часоў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны ўстанаўліваліся ва ўмацаваных раёнах, пры абароне буйных гарадоў і інш. Н. часам ставілі партызаны Беларусі, але больш шырока выкарыстоўвалі засекі. У сучасных умовах Н. ўстанаўліваюць супраць дэсантаў у прыбярэжных раёнах мора, на берагах рэк і інш.

Надаўбні: 1 — з бярвён; 2 — з камянёў.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІ,

стрыжні (слупы, брусы), якія апускаюць у грунт для перадачы нагрузак ад збудаванняў. Бываюць жалезабетонныя, бетонныя, металічныя, драўляныя. Апускаюцца ў грунт палябойным абсталяваннем, завінчваннем, бетанаваннем у шчыліне.

Выкарыстоўваюцца для стварэння палевых фундаментаў, мастоў, падпорных сцен, у канструкцыях набярэжных, прычальных збудаванняў, плацін і інш. У асобных умовах выкарыстоўваюцца шпунтавыя П., якія ставяцца шчыльна адна да адной і ствараюць шпунтавыя загароды. Для сувязі верхніх частак П. робіцца ростверк, які служыць апорнай плітой ці бэлькай для збудавання. Пабудовы на П. вядомыя, у т. л. на Беларусі, з эпохі неаліту. Будаваліся па берагах рэк, азёр, на балотах, у т. л. для засцярогі ад паводак, звяроў і ворагаў.

Па́лі: 1 — драўляная; 2 — жалезабетонная суцэльная; 3 — жалезабетонная трубчастая; 4 — металічная трубчастая вінтавая.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)