ВІ́ЛА

(ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.Л.Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.Нёйтра і інш.).

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЕР

(Breuer) Марсель Лаяш (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),

амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.Зерфюсам і П.Л.Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБНЯ́К,

добраўпарадкаваны гарадскі ці загарадны дом. Асабнякі пашырыліся ў 18—19 ст. у краінах Зах. Еўропы, Беларусі, Расіі. На Беларусі паводле арх.-планіровачнай структуры блізкія да сядзібных дамоў (Брэст, Ваўкавыск, Гомель, Пружаны, Слонім). Вызначаліся лаканізмам у вырашэнні планаў і фасадаў. Паводле планіровачнай кампазіцыі — пераважна 6-часткавыя з вылучанай у цэнтры залай і анфіладай меншых памяшканняў. У асабняках 1-й пал. 19 ст. з’явілася калідорная сістэма (Мазыр). Фасады аздаблялі 4-калонным порцікам. Выкарыстанне цэглы і дрэва ў буд-ве асабнякоў абумовіла спалучэнне стылявых дэталяў класічнай архітэктуры з элементамі нар. дойлідства (дом Агінскага ў Гродне). Асабнякі адыгрывалі важную ролю ў гар. асяроддзі і стваралі арх. акцэнты забудовы (Ашмяны, Пінск, Слонім і інш.). Сучасныя буд. матэрыялы і канструкцыі значна ўзбагацілі архітэктуру асабнякоў новымі выразнымі сродкамі і прыёмамі. У прыгарадзе і сельскай мясцовасці па індывідуальных праектах будуюцца добраўпарадкаваныя катэджы.

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)