Завяданне (біял.) 2/82; 4/466

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВЯДА́ННЕ РАСЛІ́Н,

1) фізіялагічны працэс, што выклікаецца нястачай вады ў органах раслін (гл. Водны рэжым раслін).

2) У фітапаталогіі — хвароба, якая характарызуецца панікласцю розных органаў раслін, што звязана са стратай тургару. Часта на лісці ўтвараюцца характэрныя плямы. Назіраецца пры пашкоджанні раслін або іх частак патагеннымі мікраарганізмамі пры мех. пашкоджанні каранёў, інтэнсіўным выпарэнні вады лісцем, лішку вады ў глебе і ўздзеянні інш. неспрыяльных фактараў.

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСУ́ДЗІСТЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

парушэнні функцый сасудзістай сістэмы, якія характарызуюцца стратай тургару ўсёй раслінай ці яе часткай. Прычыны: недахоп вільгаці ў глебе, парушэнне дзейнасці каранёвай сістэмы, мех. закупорванне праводнай сістэмы фітапатагеннымі грыбамі ці бактэрыямі і іх таксічным уплывам, утварэнне ў сасудах пузырападобных уздуццяў, камедзі. Выяўляюцца пасвятленнем жылак лісця, пабурэннем сасудаў, утварэннем прыдаткавых каранёў на сцёблах, некрозамі. На Беларусі найб. пашыраны трахеамікозы (вертыцылёзнае завяданне памідораў, фузарыёзнае завяданне лёну, бабовых, агароднінных раслін) і трахеабактэрыёзы (чорная ножка і кальцавая гніль бульбы, сасудзісты бактэрыёз капусты, бактэрыяльны рак памідораў). Гл. таксама Бактэрыяльныя хваробы раслін, Вертыцылёз, Фузарыёз.

Да арт. Сасудзістыя хваробы раслін. Вертыцылёзнае завяданне: 1 — сланечніку; 2 — перцу; 3 — сасудзісты бактэрыёз капусты; бактэрыяльнае завяданне: 4 — памідораў; 5 — тытуню; 6 — чорная ножка бульбы.

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРАФІ́Я (ад грэч. atrophia завяданне),

памяншэнне памераў органа ці тканкі, якое суправаджаецца паніжэннем або спыненнем іх функцыі. Адрозніваюць атрафію фізіялагічную (узроставая інвалюцыя вілачкавай залозы ў юнацтве, палавых залоз, касцей, мышцаў, скуры, унутраных органаў у старасці) і атрафію паталагічную, што бывае пры хваробах.

Атрафія ўзнікае ад памяншэння прытоку крыві да тканкі ці органа, пашкоджання нерваў пры траўмах ці запаленнях, ад працяглага бяздзеяння тканкі, парушэння дзейнасці залоз унутранай сакрэцыі, дзеяння мех. фактараў.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАФІ́ТЫ [ад гігра... + ...фіт(ы)],

расліны, якія жывуць ва ўмовах залішняга ўвільгатнення. Да гіграфітаў адносяцца травяністыя расліны вільготных трапічных лясоў, балот (гелафіты), вільготных глеб. Па ўмовах жыцця і асаблівасцях будовы да гіграфітаў вельмі блізкія расліны з паглыбленым у ваду або плаваючым лісцем — гідатафіты, гідрафіты. У адрозненне ад ксерафітаў у гіграфітах няма прыстасаванняў, якія абмяжоўваюць расходаванне вады. Маюць пераважна тонкія вял. ліставыя пласцінкі са слабаразвітой кутыкулай. Сцёблы доўгія, мех. тканкі амаль не развітыя, каранёвая сістэма слабая, таму нязначны недахоп вады выклікае ў іх завяданне.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́Ж (франц. massage),

комплекс прыёмаў механічнага дазіраванага раздражнення паверхні цела чалавека з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі. Рэфлекторна ўплывае на функцыян. стан нерв. сістэмы, актывізуе абмен рэчываў, паляпшае кровалімфазварот і скарачальную здольнасць мышцаў. Бывае агульны (усяго цела) і мясцовы (асобных ч. цела). Адрозніваюць лячэбны М. (назначаецца ўрачом пры комплексным лячэнні хвароб і траўмаў), спартыўны (трэніровачны, папярэдні, аднаўленчы), гігіенічны (садзейнічае ўмацаванню здароўя), касметычны (памяншае завяданне скуры, праяўленне дэфектаў скуры твару і інш.). Паводле тэхнікі выканання М. падзяляюць на класічны, сегментарны, кропкавы, фінскі, шведскі. Робяць рукамі ці спец. апаратамі. Асн. прыёмы М. — пагладжванне, расціранне, размінанне, вібрацыя і інш.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУЗА́РЫУМ (Fusarium),

род недасканалых грыбоў гіфаміцэтаў. Каля 60 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя Ф.: аўсовы (F. avenaceum), бузінавы (F. sambucinum), вастраспоравы (F. oxysporum), паслёнавы (F. solani), снежны (F. nivale). Сапратрофы ў глебе і на расл. рэштках, многія віды паразітуюць на наземных і падземных органах раслін, выклікаюць фузарыёзы, завяданне раслін (вілт). Некат. ўтвараюць таксіны, антыбіётыкі, фітагармоны (гіберэліны).

Міцэлій шматклетачны, паветраны, павуціністы, белы ці розных адценняў чырв. і жоўтага колеру. Канідыяносцы простыя або разгалінаваныя, адзіночныя ці сабраныя ў падушачкі. Канідыі 2 тыпаў. Некат. віды здольныя ўтвараць хламідаспоры, на міцэліі — склероцыі.

т. 16, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІФАМІЦЭТА́ЛЬНЫЯ (Hyphomycetales),

парадак недасканалых грыбоў. Вядома каля 7500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 2 тыс. відаў, трапляюцца ў розных экалагічных згуртаваннях. Паразіты або сапратрофы. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці антыбіётыкаў (напр., аспергіл, пеніцыл) і іншых рэчываў біял. барацьбы з хваробамі с.-г. культур (трыхадэрма). Многія выклікаюць плямістасць, завяданне, гнілі раслін. Прычыняюць страты сельскай і лясной гаспадарцы.

Міцэлій шматклетачны. Канідыяносцы адзіночныя або сабраны ў карэміі і спарадахіі. Размнажаюцца канідыямі. У многіх гіфаміцэтальных у цыкле развіцця адзначаны склерацыйныя стадыі. Вылучаюць асн. экалагічныя групы гіфаміцэтальных: глебавыя (віды з родаў аспергіл, пеніцыл, літэрнарыя і інш.), паразіты раслін (віды з родаў цэркаспора, вертыцыл, кладаспорый, гельмінтаспорый, ботрыцыс і інш.), водныя (віды з родаў ангвіласпора, трыкладыум і інш.), драпежныя (напр., артаботрыс, дактылярыя).

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТАГАРМО́НЫ (ад фіта... + гармоны),

гармоны раслін, арганічныя рэчывы, што выпрацоўваюцца спецыялізаванымі тканкамі раслін і ўздзейнічаюць у невял. колькасці як рэгулятары і каардынатары развіцця. Адрозніваюць 5 тыпаў Ф.: аўксіны, гіберэліны, цытакініны (стымулятары), а таксама абсцызавая кіслата і этылен (інгібітары). Адзнакі Ф.: здольнасць перамяшчацца ад месца ўтварэння да месца ўздзеяння; рэгулятарны ўплыў на біясінтэз ферментаў і інш. бялкоў; універсальнае распаўсюджванне сярод вышэйшых раслін. Усе тыпы Ф. перакрываюцца па сваёй актыўнасці і ўздзейнічаюць амаль на кожны аспект развіцця: дзяленне і расцяжэнне клетак, дыферэнцыяцыя, арганагенез, рост сцёблаў, лісця, каранёў і пладоў, утварэнне кветак, завяданне, спакой пупышак і насення і інш. У вышэйшых раслін існуюць інш. тыпы Ф. (напр., фактар цвіцення — фларыген). Функцыян. і хім. аналагі Ф. выяўлены і ў ніжэйшых раслін.

т. 16, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРО́З у раслін,

амярцвенне ўчасткаў тканак, органаў ці частак раслін. Адбываецца пад уплывам фітапатагенных арганізмаў (інфекц. Н.) або інш. патагенных фактараў (неінфекц. Н., гл. Неінфекцыйныя хваробы раслін), у выніку лакальнага (мясц. Н.) ці агульнага (сістэмнага) іх уздзеяння. Як правіла, з’яўляецца вынікам ахоўнай рэакцыі расліны (затрымлівае пашырэнне патагену). Праяўляецца ў выглядзе плям розных форм і памераў і анамальнага колеру, цэнтр. ч. якіх потым можа разбурацца (на лістах утвараюцца дзіркі) ці загніваць, пры апёках — таксама сеткаватасцю і трэшчынамі на пладах, пабурэннем (пачарненнем) і засыханнем цэлых лістоў, кветак (суквеццяў), завязей, маладых парасткаў; пры Н. сасудзіста-валакністых пучкоў назіраецца завяданне, скручванне, кучаравасць лісця. У клетках адбываецца каагуляцыя або разрэджванне калоідаў цытаплазмы, разбурэнне арганоідаў. Н. ствалоў і галін дрэў, парэнхімных тканак часта суправаджаецца камедзе- і слізецячэннем.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)