ФУЗА́РЫУМ (Fusarium),
род недасканалых грыбоў гіфаміцэтаў. Каля 60 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя Ф.: аўсовы (F. avenaceum), бузінавы (F. sambucinum), вастраспоравы (F. oxysporum), паслёнавы (F. solani), снежны (F. nivale). Сапратрофы ў глебе і на расл. рэштках, многія віды паразітуюць на наземных і падземных органах раслін, выклікаюць фузарыёзы, завяданне раслін (вілт). Некат. ўтвараюць таксіны, антыбіётыкі, фітагармоны (гіберэліны).
Міцэлій шматклетачны, паветраны, павуціністы, белы ці розных адценняў чырв. і жоўтага колеру. Канідыяносцы простыя або разгалінаваныя, адзіночныя ці сабраныя ў падушачкі. Канідыі 2 тыпаў. Некат. віды здольныя ўтвараць хламідаспоры, на міцэліі — склероцыі.
т. 16, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)