Англа-саксонскае заваяванне 1/323; 3/240

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛАСАКСО́НСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ,

заваяванне Брытаніі паўн.-герм. плямёнамі англаў, саксаў, ютаў і фрызаў у 5—6 ст. Іх пірацкія напады на Брытанію з сярэдзіны 5 ст. змяніліся перасяленнем у прыбярэжныя раёны і ў глыб краіны. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне брытаў і кельтаў, большая частка Брытаніі да канца 6 ст. была заваявана, а брыты знішчаны, заваяваны або выцеснены ў Шатландыю, Уэльс і на кантынент. Склаліся англасаксонскія каралеўствы Кент, Уэсекс, Сусекс, Эсекс, Усх. Англія, Нартумбрыя, Мерсія.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нармандскае заваяванне Англіі 1066 1/323; 3/222; 7/404

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НДСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ А́НГЛІІ 1066,

уварванне ў Англію нармандскага і франц. рыцарства на чале з герцагам Нармандыі Вільгельмам, які прэтэндаваў на англ. прастол пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка (1066). Войскі Вільгельма пераплылі на парусніках Ла-Манш і высадзіліся на Паўд. узбярэжжы Англіі. У вырашальнай бітве паміж войскамі Вільгельма і новага англасаксонскага караля Гаральда II 14 кастр. каля Гастынгса нармандская конніца перамагла пешых англасаксаў. Гаральд загінуў. Вільгельм стаў каралём Англіі (гл. Вільгельм I Заваёўнік). У выніку Н.з.А. англасаксонская знаць была пазбаўлена б.ч. зямель і адхілена ад улады, яе месца заняло дваранства нарманафранц. паходжання. Вільгельм стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, якая ўключала вял. тэрыторыі і ў Англіі, і на мацерыку. Усе землеўладальнікі павінны былі прынесці каралю васальную прысягу вернасці («Салсберыйская прысяга»), У 1086 паводле загаду Вільгельма быў складзены кадастр усіх зямель Англіі — т. зв. «Кніга страшнага суда».

А.​М.​Сурта.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКІ́СТА (ад ісп. conquista заваяванне),

пашыраны ў гіст. л-ры тэрмін, які ўжываўся ў дачыненні да перыяду заваявання Мексікі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі іспанцамі і партугальцамі ў канцы 15—16 ст. Гл. таксама Канкістадоры.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНКЭ́ (1208—1259),

4-ы вял. хан Мангольскай імперыі, унук Чынгісхана. Уступіў на прастол у 1251 пры падтрымцы Батыя пасля 3-гадовай барацьбы. Імкнуўся стварыць цэнтралізаваны дзярж. апарат. Пры М. заваяваны Іран і пачата заваяванне Паўд. Кітая. Памёр у час паходу ў Кітай.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБО́РА, Дэвора,

паводле Бібліі, яўрэйская прарочыца і суддзя, якая аб’яднала стараж.-яўр. плямёны і ўзначаліла заваяванне імі Палесціны. У аснове падання гіст. факт бітвы аб’яднанага войска ізраільскіх плямён з войскам ханаанейскіх цароў. Подзвігам удзельнікаў бітвы і перамозе над ворагам прысвечана «Песня Дэборы» — стараж. помнік яўр. л-ры (каля 1200 да н.э.).

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРАНГЗЕ́Б (1618—1707),

апошні сапраўдны правіцель Мангольскай імперыі [1658—1707]. Сын Вял. Магола Шах-Джахана. У 1636—44 і 1652—57 быў намеснікам Дэкана. У барацьбе за трон 1658—59 забіў сваіх братоў-сапернікаў, арыштаваў бацьку. Завяршыў заваяванне Дэкана і Паўд. Індыі. Адзнака палітыкі Аўрангзеба — мусульм. нецярпімасць. Прыгнятаў індусаў. У часы яго праўлення ў Індыі ўмацаваліся еўрап. гандл. кампаніі.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБРЭХТ МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Albrecht der Bär; каля 1100—18.11.1170),

першы маркграф Брандэнбурга (з 1157). Вёў беспаспяховую барацьбу за Саксонію, з 1134 пачаў заваяванне слав. плямёнаў гавалян і люцічаў, адзін з кіраўнікоў крыжовага паходу супраць славян 1147. У 1150 захапіў гал. цэнтр гавалян Бранібор (пазней Брандэнбург). Пры гэтым знішчалася мясц. насельніцтва, насаджалася хрысціянства, на захопленыя землі перасяляліся каланісты з Германіі і Нідэрландаў.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЫКЕ́РТ, Маназкерт,

крэпасць у М. Азіі на ўсх. ускраіне Візантыі (каля воз. Ван, цяпер тэр. Турцыі), каля сцен якой 19.8.1071 адбылася бітва паміж войскамі візант. імператара Рамана IV Дыягена і сельджукскага султана Алп-Арслана. У выніку здрады варожай імператару клікі Дукаў візант. войска было разбіта, Раман IV трапіў у палон (адпушчаны за абавязацельства штогод выплачваць даніну). Бітва пры М. паскорыла заваяванне сельджукамі візант. уладанняў у М. Азіі.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)