ГУЙ,
у старажытнакітайскай міфалогіі душа (дух) нябожчыка. З распаўсюджаннем будызму Гуй стала агульнай назвай дэманаў і насельнікаў пекла. Уяўлялі Гуя падобным на чалавека, які не адкідвае ценю, раптоўна становіцца нябачным ці прымае аблічча звера, мужчыны ці жанчыны, каб завабліваць людзей і забіваць іх.
т. 5, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,
прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.
т. 6, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРЫЯ́Т (Viriathus; ? — 139 да н.э.),
кіраўнік паўстання плямён лузітан у стараж. Іспаніі супраць Рыма. Зачэпкай да паўстання быў загад рым. прэтара Гальбоя забіваць ці ператвараць у рабоў няўзброеных лузітан. Умела выкарыстоўваючы тактыку партыз. барацьбы, паўстанцы неаднаразова наносілі паражэнне рым. легіёнам. У 141 быў прызнаны ў Рыме незалежным правіцелем.
Па-здрадніцку забіты сваімі прыбліжанымі, якіх падкупілі рымляне. Пасля гэтага Лузітанія была канчаткова заваявана Рымам.
т. 4, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАСАНО́ГІЯ»,
удзельнікі нар. паўстання 1639 у Ніжняй Нармандыі (Францыя). Назва ад паўлегендарнага кіраўніка паўстанцаў Жана Басаногага. Паўстанне выклікана ўвядзеннем цяжкага салянога падатку («габелі»). Пачалося ў г. Аўранш, распаўсюдзілася на ўсю вобласць. Паўстанцы (сяляне, гар. нізы, буржуа) стварылі сваю армію (саманазва «армія пакуты»; каля 20 тыс. чал.), заклікалі насельніцтва не плаціць падаткі, узбройвацца і забіваць зборшчыкаў падаткаў. Разбіты восенню 1639 каралеўскімі часцямі.
т. 2, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛО́ТЫ,
земляробы Стараж. Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. І. не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытв-сці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні І., самае буйное з іх — т. зв. 2-я Месенская вайна (7 ст. да н.э., гл. Месенскія войны). З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый супраць І.
т. 7, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБАНО́ГІЯ (Chilopoda),
клас членістаногіх надклас мнаганожак (паводле некаторых вучоных — падклас). 4 атр.: касцянкі, скалапендравыя, геафілы (Geophilomorpha, або Geophilida), скутыгеры, або мухалоўкі (Scutigeromorpha, або Scutigerida). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках і субтропіках. Жывуць у глебе, лясным подсціле, пад камянямі. Актыўныя ўначы, удзень хаваюцца. На Беларусі найб. вядомыя прадстаўнікі з атр. касцянак.
Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 30 см) пляскатае, падзелена на галаву і сегментаванае (ад 19 да некалькіх дзесяткаў членікаў) тулава. На галаве пара вусікаў і 3 пары сківіц, па баках вял. колькасць простых вочак (у некат. вочак няма). На кожным сегменце па адной пары канечнасцей. Першая пара — нагасківіцы з ядавітымі залозамі, сакрэт якіх дапамагае забіваць здабычу і абараняцца ад ворагаў. Раздзельнаполыя. Драпежнікі: кормяцца беспазваночнымі, зрэдку дробнымі пазваночнымі.
т. 5, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ БЮРО́ МІ́РУ (МБМ; International Реасе Bureau),
міжнароднае аб’яднанне міралюбівых сіл. Засн. ў снеж. 1891 у Берне (Швейцарыя) па ініцыятыве Ф.Баера. Напачатку мела на мэце «каардынаваць дзейнасць т-ваў міру і адстойваць ідэю мірнага вырашэння міжнар. спрэчак», арганізоўвала штогадовыя мірныя канферэнцыі. Пасля 1-й сусв. вайны каардынавала мірную і гуманітарную дзейнасць няўрадавых арг-цый, азнаямляла іх з ідэямі і прапановамі Лігі Нацый, праводзіла кангрэсы пацыфістаў (гл. Пацыфізм). З 1924 штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя). У 2-ю сусв. вайну не функцыянавала. Пасля вайны да 1962 наз. Міжнар. к-т узаемадзеяння арг-цый у барацьбе за мір. Імкнецца «садзейнічаць справе міру ўмацаваннем міжнар. супрацоўніцтва і негвалтоўных метадаў вырашэння канфліктаў», у т.л. праз супрацоўніцтва з ААН (мае кансультатыўны статус у Савеце па эканам. і сац. пытаннях ААН). Садзейнічала скліканню 1-й спец. сесіі Ген. Асамблеі ААН па раззбраенні (1978). Выступае за ўсеагульнае і поўнае раззбраенне, права чалавека на адмову ад ваен. службы (разглядае яго як «права адмовіцца забіваць») і інш., фарміруе адпаведную грамадскую думку. Выдае час. «Geneva Monitor» («Жэнеўскі назіральнік»), кнігі, памфлеты, справаздачы аб канферэнцыях. Нобелеўская прэмія міру 1910. Нобелеўскімі прэміямі міру ўзнаг. арганізатары і кіраўнікі МБМ Баер, Э.Дзюкамен, Ш.А.Габа, Б. фон Зутнер, А.М.Лафантэн, Ш.Макбрайд і інш.
т. 10, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)