ЗААПА́РК,

гл. Заалагічны парк.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗААПА́РК.

Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.​І.​Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.

Ю.​В.​Рабаў.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЭЛ (Durrell) Джэралд Малкам (7.11.1925, г. Джамшэдпур, Індыя — 30.1.1995),

англійскі натураліст, пісьменнік. У 1928 сям’я пераехала ў Англію, у 1935 — на в-аў Корфу (Грэцыя), з 1939 зноў у Англіі. У 1947 арганізаваў і ўзначаліў сваю першую экспедыцыю па збіранні калекцыі рэдкіх жывёл у Афрыку, пазней — у Паўд. Амерыку, Паўд.-Усх. Азію, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. На в-ве Джэрсі (Англія) заснаваў і ўзначаліў заапарк (1958) і фонд па захаванні дзікіх жывёл (1964). Вядомасць прынесла першая кн. «Перапоўнены каўчэг» (1953). Аўтар больш як 20 кніг: «Мая сям’я і іншыя жывёлы» (1956), «Сустрэчы з жывёламі» (1959), «Заапарк у маім багажы» (1960), «Птушкі, жывёлы і родзічы» (1969), «Зялёны рай» (1978) і інш., якія вызначаюцца шчырай любоўю да прыроды, бездакорным стылем, тонкім гумарам і вобразнай мовай.

Н.​М.​Саркісава.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМАКО́ (Bamako),

горад, сталіца Малі. Засн. ў 1882. 802 тыс. ж. (з прыгарадамі, 1987). Рачны порт, на левым беразе р. Нігер. Канцавая чыг. станцыя на лініі Дакар—Нігер. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандлёва-прамысл. і фін. цэнтр краіны. Харчасмакавая прам-сць (халадабойня, цыгарэтная ф-ка, вытв-сць кансерваў і інш.), тэкст., папяровыя, металаапр., дрэваапр. прадпрыемствы. Зборка аўтамашын, веласіпедаў, электра- і радыётэхн. прылад. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Мастацкія рамёствы. ЦЭС. Музеі, батанічны сад і заапарк.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ДНЕЙ (Sydney),

горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс. ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).

Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр. спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-й пал. 19 ст. С. — гал. прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.

У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.​Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.​Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.

Панарама Сіднея.
Сідней. Дзелавы цэнтр.

т. 14, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ЛЕ (Opole),

горад на Пд Польшчы. Адм. ц. Апольскага ваяводства. 130 тыс. ж. (1993). Маш.-буд., металаапр.. лёгкая (швейная, трыкат., мэблевая), харч., буд. матэрыялаў (шкляная, 2 цэментныя з-ды), паліграф. прам-сць. Порт на р. Одра, вузел чыгунак і аўтадарог. 2 ВНУ, 2 тэатры, музей, заапарк.

Упершыню згадваецца каля 1000 як слав. паселішча. З 1202 рэзідэнцыя Пястаў. Перад 1254 атрымаў гарадскія правы. З 1532 Аполе (ням. Опельн) у складзе Аўстрыі, з 1740 — Прусіі, пасля 1871 — Германіі. З 1945 зноў у Польшчы. Захаваліся кафедральны сабор 15 ст., францысканскі (засн. ў 1287) і дамініканскі (засн. ў 1295) кляштары, камяніцы 15—18 ст., вежа (1300) б. замка Пястаў і інш.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЖО́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Мінска. Створана ў 1960 плацінай на р. Свіслач (232 км ад вусця). Уваходзіць у склад Сляпянскай воднай сістэмы. Пл. 1,63 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 4,7 м. Аб’ём вады 2,87 млн. м³. Катлавіна — затопленая пойма р. Свіслач. 9 астравоў (агульная пл. 6 га). Сярэдні шматгадовы сцёк 379 млн. м³. Рэгуляванне сцёку сезоннае. Ч.в. моцнапраточнае. Водзяцца карп, плотка, шчупак, джгір. Выкарыстоўваецца для тэхн. водазабеспячэння трактарнага і аўтамаб. з-даў і ЦЭЦ-3, добраўпарадкавання Мінска, як зона адпачынку. Па другі бок плаціны, на старой пойме р. Свіслач, Мінскі заапарк.

А.​А.​Макарэвіч.

Чыжоўскае вадасховішча.

т. 17, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,

навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).

З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурце-на-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.

На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.

Э.​Р.​Самусенка.

У Мінскім заалагічным парку.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРБІ́Н,

горад на ПнУ Кітая, на р. Сунгары. Адм. ц. правінцыі Хэйлунцзян. 4,35 млн. ж. (2000). Трансп. вузел, буйны эканам. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. эл.-тэхн., эл.-энергет., трансп., станка- і прыладабудаванне), харч., дрэваапр. будматэрыялаў, цукр., папяровая і інш. Шматлікія ВНУ. Заапарк. Харбінскі летні муз. фестываль (ліпень). Зімовы фестываль ледзяных збудаванняў.

Засн. ў 1898 на месцы рыбацкага паселішча ў сувязі з буд-вам Кітайскай Чанчуньскай чыгункі: тут знаходзілася яе цэнтр. адміністрацыя, склалася вял. рас. дыяспара. Пасля грамадз. вайны ў Расіі Х. — адзін з гал. цэнтраў белай эміграцыі. У 1932—45 акупіраваны яп. войскамі, фармальна ў складзе Маньчжоў-Го. 18—20.8.1945 у ходзе савецка-японскай вайны 1945 вызвалены Чырв. Арміяй і Амурскай ваен. флатыліяй.

Сярод эмігрантаў 1920—40-х г. быў значны бел. асяродак. У оперным тэатры працавалі спявак М.Л.Забэйда-Суміцкі, дырыжор І.​П.​Райскі і яго сын Б.А.Райскі. У Х. знаходзілася бел. місія ордэна марыянаў на чале з Ф.Абрантовічам (1928—39) і А.​Цікотам (1939—48), святары Я.​Германовіч (В.Адважны), Т.​Падзява, К.​Найловіч. Місія выдавала час. «Католический вестник».

Літ.:

Русский Харбин. М., 1998;

Аблова Н.Е. История КВЖД и российской эмиграции в Китае (первая половина XX в.). Мн., 1999.

Ю.​В.​Бажэнаў.

Горад Харбін. Будынак царквы св. Сафіі (цяпер музей рускай гісторыі).

т. 16, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНІНГРА́Д,

горад у Расіі, цэнтр Калінінградскай вобл., на р. Прэголя, пры ўпадзенні ў Калінінградскі зал. Балтыйскага м. 424 тыс. ж. (1997). База рыбапрамысл. і трансп. флоту. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Незамярзаючы порт, звязаны з Балтыйскім м. глыбакаводным каналам (да г. Балтыйск). Прам-сць: машынабуд. і металаапр., цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая, вытв-сць буд. матэрыялаў; бурштынавы камбінат. Атлантычны НДІ рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі. 3 ВНУ, у т. л. ун-т (засн. ў 1544). 2 тэатры. Філармонія. Музеі гіст.-маст. і бурштыну. Бат. сад, заапарк. Кафедральны сабор (14 ст.), гарадскія вароты (18 ст.); помнік Ф.​Шылеру (1910), магіла ням. філосафа І.​Канта.

Засн. ў 1255 крыжаносцамі Тэўтонскага ордэна. У хуткім часе стаў важным партовым горадам (наз. Кёнігсберг, суседнія слав. народы называлі Кралявец). У 1525—1618 рэзідэнцыя прускіх герцагаў. З 1701 у складзе каралеўства Прусія. У Сямігадовую вайну 1756—63 заняты рас. войскамі (1758, да 1762 цэнтр рас. генерал-губернатарства Усх. Прусіі). З 1871 у складзе аб’яднанай Германіі. У 2-ю сусв. вайну, асабліва ў ходзе Усходне-Прускай (Кёнігсбергскай) аперацыі 1945, моцна разбураны (да 90%). Паводле рашэння Патсдамскай канферэнцыі 1945 К. з прылеглай тэрыторыяй (каля ​1/3 б Усх. Прусіі) адышоў да СССР. У 1946 перайменаваны ў К.

Літ.:

Губин А.Б., Строкин В.Н. Очерки истории Кенигсберга. Калининград, 1991;

Орлов А. Город на Преголе: Зарисовки из прошлого. Калининград, 1993.

т. 7, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)