Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Жоўцевы пузыр 11/19
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎЦЕВЫ ГРЫБ, воўчы грыб (Tylopilus felleus),
шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі расце ў лясах. Вельмі падобны да баравіка, адрозніваецца ружовым колерам гіменафора і горкім смакам мякаці. Неядомы. можа выклікаць атручэнне. Выкарыстоўваецца як жаўцягонны сродак (адсюль назва).
Шапка дыям. 3—8 см, пукатая, сухая, бураватая або бурая. Мякаць мяккая, белая, на зломе ружовая, без асаблівага паху. Гіменафор прырослы або выемчаты, трубачкі белыя, потым брудна-шаравата-ружовыя. Ножка падоўжана-клубнепадобная або цыліндрычная, суцэльная, уверсе з яўна бачным чорна-бурым сеткавым малюнкам. Споры верацёнападобнападоўжаныя, гладкія, светла-ружавата-бураватыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎЦЕВЫ ПУЗЫ́Р,
полы орган стрававальнай сістэмы большасці пазваночных жывёл і чалавека, у якім адбываецца збіранне і канцэнтрацыя жоўці. Размешчаны на ніжняй паверхні правай долі печані. Адсутнічае ў міног, некат. рыб, птушак (галубы, зязюлі, калібры, папугаі, страусы, туканы), млекакормячых (кітападобныя, сланы, алені, вярблюды, няпарнакапытныя, многія мышападобныя грызуны).
Форма грушападобная, радзей канічная. Мае дно, цела і шыйку, якая пераходзіць у пузырную пратоку, што злучана з пячоначнай пратокай і ўтварае агульную жоўцевую пратоку. У чалавека ёмістасць Ж.п. 30—70 см, даўж. 10—14 см, шыр. 3,5—4 см. Сценка Ж.п. таўшч. 1,5—2 мм складаецца са слізістай і мышачнай абалонак, ніжняя паверхня ўкрыта брушынай. Пры перыяд. скарачэнні мускулатуры сценак Ж.п. жоўць паступае ў агульную жоўцевую пратоку і дванаццаціперсную кішку, дзе ўдзельнічае ў працэсах стрававання. Ж.п. рэгулюе і падтрымлівае на пастаянным узроўні ціск жоўці ў жоўцевых шляхах. Паталогіі Ж.п.: заганы развіцця, пашкоджанні, функцыян парушэнні, захворванні (запаленне — халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба), пухліны Лячэнне — кансерватыўнае і аператыўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Воўчы грыб, гл.Жоўцевы грыб
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎЦЕКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
захворванне, абумоўленае ўтварэннем камянёў у жоўцевым пузыры і (або) жоўцевых пратоках. Частата ўтварэння жоўцевых камянёў павялічваецца з узростам і дасягае 50% у жанчын старэй за 80 гадоў. У мужчын жоўцевыя камяні трапляюцца ў 3—5 разоў радзей, у дзяцей — вельмі рэдка. Асн. прычыны ўзнікнення Ж.х.: застой жоўці, запаленне жоўцевага пузыра і жоўцевых шляхоў, змяненне хім. саставу жоўці ў сувязі з парушэннямі абмену рэчываў (спадчынная схільнасць). Жоўцевыя камяні (халеліты) — цвёрдыя ўтварэнні, колькасць якіх можа складаць ад аднаго да некалькіх тысяч, велічыня — да некалькіх сантыметраў у дыяметры, Маса — да 30 г і болей. Асн. праяўленне захворвання — болі ў правым падрабрынні, якія ўзнікаюць пасля ежы, асабліва вострай або тлустай. Часта назіраюцца слабасць, недамаганне, раздражняльнасць, горкая адрыжка, няўстойлівы стул. Ускладненні Ж.х.: флегмона, гангрэна, вадзянка, эмпіема і перфарацыя жоўцевага пузыра, жоўцевы перытаніт, самаадвольны жоўцевы свішч. Лячэнне тэрапеўтычнае, бальнеалагічнае, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЧАНЬ,
буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).
Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл.Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.