ЖВА́ЧКА,
перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял. прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.
т. 6, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВА́ЧНЫЯ (Ruminantia),
падатрад млекакормячых атр. парнакапытных. 5—6 сям., 76 родаў, каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі, Мадагаскара і Антыльскіх а-воў. Пераважна стадныя палігамныя жывёлы. На Беларусі 5 відаў; алень высакародны, зубр, казуля, лань, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігу. Да Ж. належаць свойская жывёла: авечкі, козы, буйн. раг. жывёла.
Маюць 4 пальцы (2 з іх рудыментарныя). У страўніку 4 аддзелы — рубец, сетка, кніжка (у некат. няма) і сычуг. Корм раслінны. Вял. значэнне для Ж. мае жвачка (адсюль назва). Карэнныя зубы вял., разцы і іклы толькі ў ніжняй сківіцы. У многіх добра развітыя рогі. Дзікія Ж. — аб’екты промыслу.
т. 6, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)