БАНДАРЭ́НКА Зінаіда Аляксандраўна
(н. 28.4.1939, Мінск),
дыктар бел. тэлебачання. Нар. арт. Беларусі (1985). Скончыла БДУ (1968). З 1959 дыктар Гомельскай абл. студыі тэлебачання, з 1962 працуе на Бел. рэсп. студыі тэлебачання (з 1976 кіраўнік групы дыктараў). Яе творчую дзейнасць вызначаюць артыстызм, абаяльнасць, нац. характар.
т. 2, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦВІ́ННІК Любоў Якаўлеўна
(29.1.1914, Мінск — 3.12.1980),
дыктар беларускага радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1930 у К-це па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры Саўнаркоме БССР. У Вял. Айч. вайну дыктар Татарскага і Усесаюзнага радыё, з 1944 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Працавала над радыёкампазіцыямі тэатр. спектакляў (Бел. т-ра імя Я.Купалы «Пакуль вы маладыя» паводле І.Мележа, «Жан Крыстоф» паводле Р.Ралана і інш.).
т. 2, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н Ілья Львовіч
(н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел. АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Незабыўныя дні» М.Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.Труса, вершы М.Багдановіча, П.Броўкі і інш.
В.С.Іваноўскі.
т. 9, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫЧ Соф’я Якаўлеўна
(н. 29.12.1919, Мінск),
бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл. драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел. рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа.
т. 5, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)