Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬНАЕ ПА́ЛІВА,
вадкае паліва з нафты для дызеляў і газатурбінных установак; сумесь вуглевадародаў, якая мае да 4% прымесей (азот-, сера- ці кіслародзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў). Атрымліваюць дыстыляцыяй нафты. У вытв-сці Д.п. для быстраходных дызеляў выкарыстоўваюць газнагазойлевыя фракцыі (tкіп 180—360 °C, шчыльн. 790—860 кг/м³) з т-рай застывання ад -55 да -5 °C і згарання 35—61 °C, для ціхаходных — цяжкія вязкія фракцыі (tкіп 250—420 °C, шчыльн. 930 кг/м³) з т-рай застывання ад -5 да 10 °C і загарання 65—85 °C. Эксплуатацыйныя ўласцівасці (хуткае загаранне і павольнае гарэнне) характарызуюцца цэтанавым лікам (аптымальнае значэнне яго для Д.п. 45—60).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТО́РНАЕ ПА́ЛІВА,
вадкае ці газападобнае гаручае, якое выкарыстоўваюць у якасці паліва для рухавікоў унутр. згарання (поршневых, рэактыўных, газатурбінных). Атрымліваюць пераважна перапрацоўкай нафты (гл.Бензін, Газа), прыродных і спадарожных газаў (гл.Газы нафтавыя спадарожныя). Звычайна М.п. — сумесь асн. (базавага) паліва з прысадкамі (антыдэтанатарамі, антыаксідантамі, інгібітарамі карозіі і інш.). Выкарыстоўваюць таксама М.п., якое атрымліваюць перапрацоўкай цвёрдых гаручых выкапняў (вугалю, сланцаў, торфу). Гл. таксама Дызельнае паліва, Рэактыўнае паліва, Сінтэтычнае вадкае паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬ-МО́ЛАТ,
агрэгат ударнага дзеяння для забівання паляў, які працуе па прынцыпе двухтактавага дызеля. Падвешваецца на капры або самаходныя капровыя ўстаноўкі. Ударная масіўная частка Д.-м. падае ўніз па накіравальных (штангі, труба, цыліндр), б’е па нагалоўніку палі і сціскае распыленае ў цыліндры або поршні дызельнае паліва, якое самаўзгараецца. Частка энергіі згарання перадаецца палі для апускання, частка падкідвае ўдарнае прыстасаванне Д.-м. ўверх (да 3 м). Maca ўдарных частак у штангавых Д.-м. да 2500 кг, у трубчастых да 500 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.
Будаўніцтва пачата ў 1971 у г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1975 пушчана першая ўстаноўка па перапрацоўцы нафты, у 1977 пачала працаваць бітумная ўстаноўка. З 1994 адкрытае акц.т-ва ў складзе рас.-бел. адкрытага акц.т-ва «Нафтагазавая кампанія «Слаўнафта». Працуе на бел. нафце і з нафтаправода «Дружба». Вядзецца рэканструкцыя для больш глыбокай перапрацоўкі нафты і павышэння якасці нафтапрадуктаў. Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны, рэактыўнае паліва, мазут, дызельнае паліва, вакуумны газойль, пячное паліва, бітумы нафтавыя, звадкаваны газ, сера тэхнічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАПО́ЛАЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНАННЕ «НАФТА́Н».
Створана ў 1992 на базе Полацкага нафтаперапр. з-да (пабудаваны ў 1958—63); з 1976 Наваполацкі нафтаперапр.з-д, у 1980—92 ВА «Наваполацкнафтааргсінтэз». Перапрацоўвае да 12 млн.т нафты за год. Нафта паступае па адгалінаванні магістральнага нафтаправода «Дружба». Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны розных марак, газа, дызельнае, пячное і маторнае паліва, паліўны мазут, змазачнае масла, бензол, талуол, параксілол, артаксілол, розныя маркі буд., дарожных і дахавых бітумаў, серная кіслата, прысадкі да змазачных маслаў, быт. газ, растваральнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМО́НЫ,
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы: сумесь нітрату амонію NH4NO3 (акісляльнік) і невыбуховага гаручага (торф, драўняная мука, нафтапрадукты, парашкі металаў), якое лёгка акісляецца. Цеплата ўзрыву ў залежнасці ад складу 3—4,2 МДж/кг.
З тонкадысперснага NH4NO3 вырабляюць парашкападобныя Д., з сітаватага грануляванага — грануляваныя: грануліты (гранулы салетры, прамочаныя вадкім гаручым) і ігданіт (94—95% NH4NO3 і дызельнае паліва). Грануляваныя Д. ў параўнанні з парашкападобнымі менш гіграскапічныя і адчувальныя да мех. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць для ўзрыўных работ на паверхні і пад зямлёй (акрамя шахтаў, небяспечных на газ і пыл). Гл. таксама Дынаміты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
рэчывы, якія ў атмасферы даюць устойлівыя аэразолі, прызначаны для стварэння маскіруючых дымавых заслон. Да Д.р. адносяцца белы фосфар, цвёрдыя піратэхн. і вадкія сумесі, што пры гарэнні (т-ра 400—1000 °C) утвараюць дым ці туман рознымі метадамі.
Белы фосфар утварае дым пры ўзаемадзеянні з кіслародам паветра. Вадкія Д.р. — хлорсульфонавая кіслата, хларыды тытану TiCl4, волава SnCl4 і інш. ўтвараюць туман з кропель вадкасці, якая ўзаемадзейнічае з вільгаццю паветра; саставы на аснове нафтапрадуктаў (дызельнае паліва, мазут) даюць дым пры выпарэнні і наступнай кандэнсацыі пары. Піратэхн. сумесі маюць цвёрдыя Д.р., якія лёгка сублімуюць пры высокай т-ры (хларыд амонію, нафталін, антрацэн). Выкарыстоўваюць у вайск. справе (дымавыя шашкі, гранаты) і сельскай гаспадарцы (напр., для аховы раслін ад замаразкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬ, дызельны рухавік,
рухавік унутранага згарання, у якім дызельнае паліва загараецца ад уздзеяння высокай т-ры паветра, сціснутага поршнем. Названы ў гонар Р.Дызеля. Адрозніваюць Д. двух- і чатырохтактавыя; з аб’ёмным і плёначным сумесеўтварэннем; паводле канструкцыі камеры згарання — з нераздзеленай камерай, перадкамерныя, віхракамерныя, паветракамерныя і інш.
У Д. з нераздзеленай камерай згарання паліва ўпырскваецца непасрэдна ў цыліндр, дзе раўнамерна распыляецца; у астатніх — сумесеўтварэнне залежыць ад завіхрэнняў паветра, якія ўзнікаюць з-за асаблівасцей канструкцыі. Удзельны расход паліва ў найб. дасканалых Д. да 190 г/(кВт∙гадз); ккдз да 44%; ступень сціскання паветра да 20; магутнасць да 30 тыс.кВт, павышаюць яе наддувам. Д. выкарыстоўваюцца на транспарце, у энергетыцы (гл.напр., Дызельная электрастанцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́КІНГ (англ. cracking ад crack расшчапляць),
перапрацоўка нафты і яе фракцый для атрымання маторнага паліва, змазачных маслаў, сыравіны для хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. віды К.: тэрмічны і каталітычны.
Тэрмічны К. ажыццяўляецца пад уздзеяннем высокай т-ры (450—550 °C) і ціску 4—6 МПа; атрымліваюць бензінавыя і газойлевыя фракцыі, высокаараматызаваную нафтавую сыравіну для вытв-сці тэхн. вугляроду (сажы), α-алефінаў. Каталітычны К. ажыццяўляюць пры адначасовым уздзеянні высокай т-ры (450—500 °C), ціску да 0,4 МПа і ў прысутнасці каталізатара (алюмасілікатаў); атрымліваюць базавыя кампаненты высокаактанавых бензінаў, газойлі, вуглевадародныя газы. Для перапрацоўкі нафты з вял. колькасцю сярністых і смалістых рэчываў выкарыстоўваюць каталітычны К. пры 330—450 °C, ціску вадароду 5—30 МПа (т.зв.гідракрэкінг); атрымліваюць бензінавыя фракцыі, рэактыўнае і дызельнае паліва, нафтавыя маслы, вуглевадародныя газы і інш. Выкарыстоўваюць таксама электракрэкінг, які ідзе пры 1000—1300 °C, ціску 0,14 МПа (атрымліваюць этылен і ацэтылен дзеяннем ал. разраду ў метане); акісляльны піроліз (К. у прысутнасці кіслароду) і інш.
Літ.:
Технология переработки нефти и газа. Ч. 2. 3 изд. М., 1980.