КРЭ́КІНГ (англ. cracking ад crack расшчапляць),
перапрацоўка нафты і яе фракцый для атрымання маторнага паліва, змазачных маслаў, сыравіны для хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. віды К.: тэрмічны і каталітычны.
Тэрмічны К. ажыццяўляецца пад уздзеяннем высокай т-ры (450—550 °C) і ціску 4—6 МПа; атрымліваюць бензінавыя і газойлевыя фракцыі, высокаараматызаваную нафтавую сыравіну для вытв-сці тэхн. вугляроду (сажы), α-алефінаў. Каталітычны К. ажыццяўляюць пры адначасовым уздзеянні высокай т-ры (450—500 °C), ціску да 0,4 МПа і ў прысутнасці каталізатара (алюмасілікатаў); атрымліваюць базавыя кампаненты высокаактанавых бензінаў, газойлі, вуглевадародныя газы. Для перапрацоўкі нафты з вял. колькасцю сярністых і смалістых рэчываў выкарыстоўваюць каталітычны К. пры 330—450 °C, ціску вадароду 5—30 МПа (т.зв. гідракрэкінг); атрымліваюць бензінавыя фракцыі, рэактыўнае і дызельнае паліва, нафтавыя маслы, вуглевадародныя газы і інш. Выкарыстоўваюць таксама электракрэкінг, які ідзе пры 1000—1300 °C, ціску 0,14 МПа (атрымліваюць этылен і ацэтылен дзеяннем ал. разраду ў метане); акісляльны піроліз (К. у прысутнасці кіслароду) і інш.
Літ.:
Технология переработки нефти и газа. Ч. 2. 3 изд. М., 1980.
т. 8, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)