АМЕБЕ́ЙНАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад грэч. amoibaios папераменны),
у вершаскладанні будова паэт. твора, заснаваная на кампазіцыйным паралелізме (паўтарэнні вершаванага радка або страфы). Шырока ўжываецца ў фальклоры (нар. песні). Выкарыстана Ф.Багушэвічам у вершы «Песня», заснаваным на чаргаванні пытальных і сцвярджальных інтанацый: «Чым бяздомны, мужычок? // — Бо чужога гляджу. // Чаму хіцёр, мужычок? // Бо дурны, як варона. // Чаго ўмёр, мужычок? // — Уцякаў ад закона!» Найчасцей у аснове амебейнай кампазіцыі ляжыць прыём анафары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІРАДКО́ЎЕ, актэт,
страфа з 8 вершаваных радкоў, для якіх характэрны сэнсавая, кампазіцыйная, інтанацыйна-рытмічная закончанасць і ўпарадкаванасць рыфмы. Радкі ў васьмірадкоўі могуць спалучацца адной — чатырма рыфмамі. Упершыню 8-радковую страфу ў бел. паэзіі выкарыстаў Сімяон Полацкі ў вершы «Стиси краесогласнии ко пресветлейшему... царю и великому князю Алексию Михайловичю...». Сустракаюцца васьмірадкоўе ў творах В.Дуніна-Марцінкевіча («Гапон»), Ф.Багушэвіча («Дурны мужык, як варона», «Мая хата»), Я.Лучыны («Што думае Янка, везучы дровы ў горад»). Пашырана ў сучаснай бел. паэзіі — «Маім гераіням» П.Панчанкі, «Відаць, і ў цябе...» Р.Барадуліна, «Калыханка маме» Н.Мацяш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНЫЯ СКЛАДЫ́,
апорныя ў сэнсава-інтанацыйных адносінах адзінкі вершаванай мовы. З’явіліся на этапе інтанацыйна-сказавага вершаскладання, заснаванага на чаргаванні пэўных моўных перыядаў. Больш самаст. ролю набылі ў рэчытатыўным, пазней у танічным вершы, дзе вызначалі аб’ём рытмарада. Ў сілабічным вершы роля М.с. паслаблена (вызначальнай у ім была не якасць, а колькасць складоў). Большую структурную ролю М.с. адыгрывае ў сілаба-танічным вершы, заснаваным на чаргаванні націскных і ненаціскных метрычных адзінак, дзе служыць дзейсным сродкам рытмічнага вылучэння найб. значных апорных слоў і выразаў. Гэта звязана з узмацненнем ролі інтанацыі ў слав. сілаба-тоніцы і ўплывам на яе нар.-песенных традыцый. Плённае выкарыстанне прынцыпаў рытмічнага ўзмацнення стала характэрнай рысай творчасці многіх усх.-слав. паэтаў (Т.Шаўчэнка, М.Някрасаў, У.Маякоўскі, С.Ясенін і інш.). Класічны ўзор такога выкарыстання — паэзія Я.Купалы. Пры лагічна-інтанацыйным, а не скандзіраваным чытанні яго твораў у кожным рытмарадзе вылучаюцца толькі тыя націскныя стопы, што падкрэсліваюць апорныя словы:
Што я мужы́к усе́ тут зна́юць
І, як ёсць гэ́ты свет вялі́к,
З мяне́ смяю́цца, пагарджа́юць,
— Бо я мужы́к, дурны мужы́к.
(«Мужык»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗКІ ПРА ЖЫВЁЛ,
адзін з найб. старажытных відаў казачнага эпасу, у сістэме маст. вобразаў якога цэнтр. месца займаюць персанажы жывёльнага свету. У бел. казачным эпасе складаюць 12—14% вядомых запісаў. Прайшлі складаны шлях развіцця ад паляўнічых апавяданняў продкаў, дзе прац. вопыт і трапныя назіранні за прыродай і жывёльным светам спалучаліся з анімізмам і татэмізмам, да сатыр. твораў, у якіх у алегарычнай форме адлюстраваны сац. канфлікты класавага грамадства. Ім уласцівы кампазіцыйная завершанасць, рыфмаваная ці рытмізаваная мова, асабліва ў прыказках-зачынах і канцоўках, шырокае ўжыванне прыказак і прымавак, песень. Характэрныя рысы гэтых казак — займальная ўмоўнасць, лаканічная форма, якая часам набліжае іх да байкі. Разгорнуты дыялог казак стварае магчымасці для імправізацыі. Часта дзеянне будуецца на нарошчванні падзей накшталт славутай казкі пра рэпку (гл.Кумулятыўныя казкі).
Тыповыя персанажы — ліса, воўк, мядзведзь, заяц, сабака, кот, баран, конь, певень і інш. — надзелены рысамі, якія адлюстроўваюць пануючыя ў народзе вобразныя ўяўленні пра гэтых жывёл. ліса заўсёды хітрая, кот мудры, воўк дурны і прагны. Праз гэтыя вобразы раскрываюцца тыповыя характары і якасці людзей, іх сац. і маральна-этычныя адносіны. У казках услаўляюцца тыя, хто стаіць за праўду і справядлівасць, высока ставіць шчырасць і ўзаемадапамогу, асуджае няўдзячнасць, гультайства, прагнасць, выказваюцца крытычныя адносіны народа да служак культу. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыстасць, зайздрасць, баязлівасць і інш. недахопы людзей. Мэта такіх казак, спецыяльна разлічаных на дзіцячую аўдыторыю, — пазнаёміць малых з навакольным светам, паказаць прасцейшыя ўзаемаадносіны паміж дзеяннем і яго вынікам.
Бел. казкі — неад’емная частка казачнага эпасу ўсх. славян, яны маюць нямала агульных рысаў з казкамі інш. народаў. Сюжэты такіх казак, як «Пра мужыка і лісу», «Лісічка-сястрычка і воўк», «Каток, пеўнік і ліска», «Дурны воўк», «Каза Дарота», цікава распрацаваны і ў бел., і ў рус., і ўкр. фальклоры. Яны вядомы і ў творчасці інш. народаў свету. Але бел. казкі маюць адметныя рысы, захоўваюць нац. каларыт і непаўторнасць: напр., «Чаму ваўкі званка баяцца», «Бык і ваўкі», «Чалавек і мядзведзь», «Сава і дзяцел», «Музыка і яшчарка», «Варона і рак». Даследчык усх.-слав. казак С.У.Саўчанка называў іх перламі бел. казачнага эпасу і вылучаў іх як адметную з’яву ў фальклоры ўсх. славян. Іх адметнасць падкрэслівалі Я.Ф.Карскі, чэш. фалькларыст І.Поліўка. Найбольш К. пра ж. апублікавана ў зб-ках Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна, М.Федароўскага, яны ўвайшлі ў асобную кн. шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), дзе змешчаны 145 варыянтаў розных сюжэтных тыпаў. У архіве Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі захоўваецца больш за 100 тэкстаў, сярод якіх творы на невядомыя раней у бел. фальклоры сюжэты. У наш час гэтыя казкі сталі здабыткам пераважна дзіцячай аўдыторыі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, ч. 1. М., 1916;
Костюхин Е.А. Типы и формы животного эпоса. М., 1987;
Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.