КРЫНІ́ЧНІК (Veronica),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 дзікарослыя і 3 інтрадукаваныя віды. 3 дзікарослых найб. вядомыя К. даўгалісты (V. longifolia, нар. назвы турэчынка, падхлоп, шалфей баравы), дуброўны (V. chamaedrys, нар. назвы палейка, кандрацікі, трыдзевятка), лекавы (V. officinalis, нар. назвы сухотнік лесавы, парушэнец жаночы, раквіца, вароннік). Трапляюцца ў далінах рэк, па канавах, сярод хмызняку.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы і паўкусты выш. 5—150 см. Сцябло голае або апушанае. Лісце супраціўнае, кальчаковае ці чаргаванае. Кветкі няправільныя, сінія, блакітныя, белыя, сабраныя ў гронкі, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, пустазелле.

Крынічнік: 1 — гарычкавы; 2 — даўгалісты; 3 — дуброўны.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСНЕ́ЖНІК (Galanthus),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. 18 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе, на Каўказе, у М. Азіі, Іране. Трапляюцца ў горных лясах, на высакагорных лугах. На Беларусі часта наз. П. раннеквітучыя расліны (кураслеп дуброўны, пралеска высакародная і інш.); вырошчваюць П. беласнежны (G. nivalis), складкаваты (G. plicatus), Эльвеза (G. elwesii).

Шматгадовыя цыбульныя травы выш. да 30 см. Лісце (звычайна 2) лінейнае. Кветанос з адной паніклай белай кветкай. Размнажаюцца насеннем, якое разносяць мурашкі. Дэкар. расліны.

Падснежнік беласнежны.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ННІК (Glyceria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, Паўд. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (G. maxima), дуброўны (G. nemoralis), літоўскі (G. lithuanica), плывучы (G. fluitanse), складкаваты (G. plicata), трысняговы (G. arundinacea). Трапляюцца па берагах вадаёмаў, у забалочаных лясах, канавах.

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце з замкнёнымі похвамі, лінейнае, шурпатае. Каласкі шматкветныя, падоўжаныя, у мяцёлчатым суквецці. Плод — зярняўка. Пад назвай манна часам ужываюцца зярняўкі М. плывучага (адсюль назва роду). Харч. і карм. расліны.

Маннік вялікі.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ПУХ (Arctium),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 4 віды Л.: вялікі (A. lappa, нар. назвы брылі, дзяды, задзёрка, сабачнік), лямцавы (A. tomentosum, нар. назвы лопуцень, лапушнік, рапей), малы (A. minus), дуброўны (A. nemorosum). Трапляецца на пустках, каля жылля.

Двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м з прамастойнымі, моцна галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, зверху зялёнае, знізу шаравата-лямцавае. Кветкі лілова-пурпуровыя ў шарападобных кошыках з калючкамі. Плод — сямянка з чубком. У каранях 20—45% інуліну, дубільныя рэчывы, эфірны алей, настой з іх — лек. сродак (лопухавы алей). Маладыя карані і парасткі ядомыя. Лек, меданосныя, харч., дэкар. расліны.

Лопух вялікі.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАСІ́НАВІК, краснюк, чырвонагаловік (Leccinum aurantiacum),

грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 форм, афарбоўка шапкі якіх залежыць ад месца росту грыба. Напр., П. баравы, дуброўны, чырв.-буры. Трапляюцца з чэрв. па вер. у лясах з асінай, бярозай, радзей з дубам, елкай, хвояй.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 4—20 см (радзей 30), аранжавая, аранжава-чырв., чырв.-бурая, часам белая, паўшарападобная, сухая, з вузкай палоскай скуркі па краі. Ножка белая, даўж. 6—20 см, патоўшчаная каля асновы, валакністая, з лускавінкамі, якія з часам цямнеюць. Мякаць белая, шчыльная, на зломе сінее, потым шарэе. Споры гладкія, бураватыя, верацёнападобныя. Ядомы.

Падасінавік жоўта-буры.

т. 11, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАСЛЕ́П, анемона (Anemone),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 3 віды К.: дуброўны (A. nemorosa, нар. назва белыя пералескі), казяльцовы (A. ranunculoides, нар. назва казарост жоўты), лясны (A. sylvestris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўзгорках, схілах яроў і берагах рэк. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны як дэкар. расліны К. японскі (A. japonica) з буйнымі бела-ружовымі кветкамі, К. карончаты (A. coronaria) з белымі, ружовымі, простымі ці махрыстымі кветкамі, К. канадскі (A. canadensis) з бела-крэмавымі кветкамі.

Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя, травяністыя расліны, зрэдку паўкусты. Лісце прыкаранёвае, доўгачаранковае, пальчатарассечанае або раздзельнае. Кветкі адзіночныя, правільныя на кветаносных сцёблах з 3 кальчакова размешчанымі лісткамі. Калякветнік просты, венчыкападобны з 5—20 лісцікамі. Тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Меданосныя, лек., дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя.

Кураслеп.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГАРУ́КІЯ, Далгарукавы,

расійскія ваен. і дзярж. дзеячы, прадстаўнікі стараж. княжацкага роду. Родапачынальнік — Міхаіл Усеваладавіч Чарнігаўскі. Мянушку Д. атрымаў яго патомак Іван Андрэевіч Абаленскі. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Юрый Аляксеевіч (? — 15.5.1682), баярын, ваявода. Блізкая асоба цара Аляксея Міхайлавіча. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у заняцці Мсціслава, Дуброўны і Шклова, у паходзе ў Бел. Панямонне (1665). У 1658 прызначаны ваяводам у Мінску, Вільні. З 1660 галоўнакаманд. рас. войскамі на Беларусі. У 1671 кіраваў задушэннем паўстання на чале з С.​Разіным у Паволжы. Забіты ў час Стралецкага паўстання 1682. Якаў Фёдаравіч (1639, Масква — 19.11.1720), баярын. Паплечнік, саветнік і давераная асоба Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96. З 1712 сенатар, з 1717 прэзідэнт Рэвіз. калегіі. Рыгор Фёдаравіч (1656—26.8.1723), дыпламат. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Палтаўскай бітвы 1709. Пасол у Рэчы Паспалітай (1701—21). З 1721 сенатар. Васілій Уладзіміравіч (студз. 1667 — 22.2.1746), ген.-фельдмаршал (1728). Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. У 1708 на Украіне кіраваў задушэннем Булавінскага паўстання. З 1721 сенатар. З 1730 чл. Вярх. тайнага савета. У 1731 арыштаваны па справе царэвіча Аляксея, у 1739 сасланы ў Салавецкі манастыр. З 1741 вернуты са ссылкі, прызначаны прэзідэнтам Ваен. калегіі. Васіль Лукіч (каля 1670 — 19.11.1739), дыпламат. З 1706 пасол, пасланнік, паўнамоцны міністр у Рэчы Паспалітай, Даніі, Францыі, Швецыі. З 1728 чл. Вярх. тайнага савета. У 1730 сасланы ў Салавецкі манастыр за ўдзел у змове «вярхоўнікаў». Пакараны смерцю. Юрый Уладзіміравіч (13.11.1740—20.11.1830), ген.-аншэф (1774). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, рус.-тур. войнаў (1768—74 і 1787—91) і інш. У 1789—90 каманд. корпусам на Беларусі, у 1793—94 нач. войск у далучаных да Расіі зямель Рэчы Паспалітай. Аўтар мемуараў. Іван Міхайлавіч (18.4.1764—16.12.1823), тайны саветнік (1804). Скончыў Маск. ун-т (1780). У 1791—97 віцэ-губернатар Пензы, у 1802—12 губернатар ва Уладзіміры. Аўтар мемуараў. Васіль Андрэевіч (7.3.1804—17.1.1868), ген.-ад’ютант (1845), ген. ад кавалерыі (1856). Удзельнік задушэння Наўгародскага паўстання ваен. пасялян (1830) і паўстання 1830—31. Ваен. міністр (з 1853), адначасова чл. Дзярж. савета. у 1856—66 гал. нач. «Трэцяга аддзялення» і шэф корпуса жандараў. З 1866 обер-камергер двара. Пётр Уладзіміравіч, гл. Далгарукі П.У.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ФЛЯ (ням. Kachel),

керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.

К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней з выяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.

На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.

Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;

Беларуская кафля. Мн., 1989.

А.​А.​Трусаў, У.​В.​Угрыновіч.

Да арт. Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.​Ф.​Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.
Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.
Кафля. Самарканд. 1340-я г.

т. 8, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,

вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр. Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р. Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.​Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр. Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.​Хадкевіч і Р.​Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.​Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.​Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс. чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.​Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.​Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн. ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс. чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т. л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛ этн. бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).

Літ.:

Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;

Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.

Г.​М.​Сагановіч.

Да арт. Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.

т. 9, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)