ВАСЬМІРАДКО́ЎЕ,
актэт, страфа з 8 вершаваных радкоў, для якіх характэрны сэнсавая, кампазіцыйная, інтанацыйна-рытмічная закончанасць і ўпарадкаванасць рыфмы. Радкі ў васьмірадкоўі могуць спалучацца адной — чатырма рыфмамі. Упершыню 8-радковую страфу ў бел. паэзіі выкарыстаў Сімяон Полацкі ў вершы «Стиси краесогласнии ко пресветлейшему... царю и великому князю Алексию Михайловичю...». Сустракаюцца васьмірадкоўе ў творах В.Дуніна-Марцінкевіча («Гапон»), Ф.Багушэвіча («Дурны мужык, як варона», «Мая хата»), Я.Лучыны («Што думае Янка, везучы дровы ў горад»). Пашырана ў сучаснай бел. паэзіі — «Маім гераіням» П.Панчанкі, «Відаць, і ў цябе...» Р.Барадуліна, «Калыханка маме» Н.Мацяш і інш.
А.А.Майсейчык.
т. 4, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА «ДЗВІНА́».
Дзейнічала на Беларусі з 1900 у маёнтку Язогнева (цяпер у межах Віцебска). Выпускала суровую і беленую льняную пражу і ніткі. Мела 10 аддзяленняў (матальнае, упаковачнае, сушыльнае, цюкавальнае і інш.). У 1900 дзейнічалі паравыя рухавікі (2) і катлы (6), у 1910—13 — 3 паравыя рухавікі. Сыравіна — лён трапаны і пакулле, паліва — дровы, з 1913 — торф. Працавала ад 335 (1900) да 1807 чал. У сав. час рэканструявана. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Бійск (Расія). У 1946 на базе ф-кі створаны дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»).
т. 4, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНІКІ,
катэгорыя работнікаў на Беларусі ў 15 — сярэдзіне 19 ст., якія працавалі гал. чынам на будах. Набіраліся пераважна са збяднелых сялян. Некваліфікаваныя буднікі звычайна выпальвалі попел з драўніны пэўных парод і нарыхтоўвалі дровы, клёпку для будных печаў. Кваліфікаваныя буднікі выварвалі з попелу паташ (палівачы і карытнікі), выпальвалі вугаль для кузняў, рабілі бочкі пад паташ, выконвалі дапаможныя работы (кавалі, бондары, цагельнікі і інш.). За сваю працу буднікі атрымлівалі ардынарый (харчы), адзенне і грашовую плату. Большасць буднікаў мела свае хаты, бяздомныя жылі па месцы працы ў спец. памяшканнях.
В.І.Мялешка.
т. 3, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РКА
(італьян. barca),
1) драўлянае пласкадоннае судна для сплаву грузаў па рэках. На Беларусі баркі выкарыстоўвалі ў бас. Дняпра і Прыпяці ў 17 — пач. 20 ст. Падзяляліся на сплаўныя і самаходныя. Сплаўныя баркі без ветразя, палубы і даху, з закругленымі носам і кармой, крыху нахіленымі бакамі будавалі толькі на адзін рэйс (уніз па цячэнні ракі). Пасля іх разбіралі і прадавалі на буд. матэрыял ці дровы. Па Дняпры да Чорнага мора сплаўлялі вялікія баркі даўж. 42—53 м, шыр. 15—17 м, грузападымальнасцю 320—800 т. Палескія (пінскія) баркі ў бас. Прыпяці былі самаходныя і служылі некалькі навігацый (да 8 гадоў). Яны мелі дах, ветразь і параўнаўча невял. памеры: даўж. 19—40 м, шыр. 2,8—5,6, грузападымальнасць ад 20 да 80 т.
2) Агульная назва ўсіх сплаўных пласкадонных рачных суднаў у 19 ст.
Н.І.Буракоўская.
т. 2, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)