БА́РКА
(італьян. barca),
1) драўлянае пласкадоннае судна для сплаву грузаў па рэках. На Беларусі баркі выкарыстоўвалі ў бас. Дняпра і Прыпяці ў 17 — пач. 20 ст. Падзяляліся на сплаўныя і самаходныя. Сплаўныя баркі без ветразя, палубы і даху, з закругленымі носам і кармой, крыху нахіленымі бакамі будавалі толькі на адзін рэйс (уніз па цячэнні ракі). Пасля іх разбіралі і прадавалі на буд. матэрыял ці дровы. Па Дняпры да Чорнага мора сплаўлялі вялікія баркі даўж. 42—53 м, шыр. 15—17 м, грузападымальнасцю 320—800 т. Палескія (пінскія) баркі ў бас. Прыпяці былі самаходныя і служылі некалькі навігацый (да 8 гадоў). Яны мелі дах, ветразь і параўнаўча невял. памеры: даўж. 19—40 м, шыр. 2,8—5,6, грузападымальнасць ад 20 да 80 т.
2) Агульная назва ўсіх сплаўных пласкадонных рачных суднаў у 19 ст.
Н.І.Буракоўская.
т. 2, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)