ШАБЕ́ТА, каліта, кайсцерка,

у беларусаў невялікая скураная сумачка-кашалёк, у якой насілі крэсіва, сцізорык, люльку, тытунь, медзякі і інш. дробязь. У 18—19 ст. насілі з правага боку, мацавалі да пояса або да раменьчыка, перакінутага цераз плячо. Мела форму прамавугольніка (9—16 × 8—12 см) з 1 або 2 кляпамі на ўсю шырыню, некалькі ўнутр. адсекаў, фігурны верх, аздоблены арнаментам з рамбічнай сеткі, крыжыкаў, хвалістых ліній, кружкоў, утвораных цісненнем і прасечкай. На Падняпроўі вядомы Ш. аб’ёмныя, авальнай формы. Ш. ўпрыгожвалі дэкар. штапам, аплікацыяй, наразнымі скуранымі мохрыкамі, вышыўкай, пляценнем з дробных раменьчыкаў, набіўкамі латунных цвічкоў з блішчастымі плешкамі. Найб. пашырана на Палессі.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 17, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́ШКА (польскае fraszka дробязь, жарт),

у польскай л-ры вершаваная мініяцюра жартоўнага ці сатырычнага зместу; блізкая да эпіграмы. Форма Ф. абумовіла сціслую перадачу думкі, яе лаканічнасць і афарыстычнасць. Уведзена Я.Каханоўскім. Засноўвалася на раскрыцці або высмейванні нейкай падзеі, асобы, жыццёвай сітуацыі, часта мела філас. падтэкст, пазней больш апіралася на асацыятыўнае абыгрыванне фразеалагізмаў і моўных досціпаў, паступова адыходзячы ад надзённай тэматыкі. Жанр Ф. распрацоўвалі М.​Рэй, І.​Красіцкі, А.​Міцкевіч. Ц.​Норвід, Ю.​Тувім і інш.

Трымае прыгажосць сваю высока Нэта,
Калі віншую, не аддзячыць мне за гэта.
А як вянок павешу ёй перад дзвярамі,
Яго ў зямлю затопча гордымі нагамі.
О, найхутчэй прыходзьце, старасць і маршчыны,
Мо вам удасца як угаварыць жанчыну.
(Я.​Каханоўскі; пер. У.​Мархель)

Ф. блізкая да бел. карацелькі — невялікага, звычайна ад 2 да 6 вершарадоў, завершанага па форме і думцы паэт. твора.

У.​І.​Мархель.

т. 16, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШТЫ́Н (ням. Bernstein), янтар,

мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочна-белы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. каля г/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.

Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш. Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.

У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.

Бурштын.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)