ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́МА жанравы тып паэмы, які ўзнік на мяжы паэзіі і драматургіі. Развіваецца на аснове арган. зліцця эпічнага і драм. пачаткаў. Выпрацавала і замацавала ўстойлівыя жанравыя прыкметы: канфліктна-напружанае сутыкненне характараў, маральна-этычных пазіцый, ідэалаў, страсцей, што складае асн.драм. «спружыну» твора, якому ўласціва маналагічна-дыялогавая форма, разгортванне дзеі, набліжанай да сцэнічнай падачы.
Аднак гэта найперш паэма, жанравую сутнасць якой вызначае сіла эпічнай паэтызацыі падзей і герояў, паэт. падыход ад іх увасаблення. Д.п. адметная схільнасцю да асэнсавання вузлавых перыядаў нац. гісторыі, буйных грамадскіх асоб, значных падзей. Яе зместам становіцца барацьба народа ў напружаныя моманты яго сац. і нац. самасцвярджэння. Дасягнула класічных узораў у творчасці Дж.Мільтана («Страчаны рай»), Дж.Байрана («Каін»), Ф.Шылера («Валенштэйн»), П.Б.Шэлі («Раскаваны Праметэй»), А.Міцкевіча («Дзяды»), А.Пушкіна («Барыс Гадуноў»), Л.Украінкі («Лясная песня») і інш. У бел. л-ры пачынальнік яе — Я.Купала, які даў узоры высокіх формаў драматычна-паэмнага мастацтва («Адвечная песня», «Сон на кургане»). Д.п. стварылі П.Глебка («Над Бярозай-ракой»), А.Куляшоў («Хамуціус»). Нац. традыцыя драматычна-паэмнага асэнсавання жыцця ў апошні час атрымала працяг у паэмах М.Арочкі («Курганне», «Крэва»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання, найб. ранні спіс «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Захаваўся ў гіст. зборніку канца 15 — пач. 16 ст., які зберагаецца ў Вільнюсе. Паходзіць з Усх. Беларусі, знойдзены ў Полацку ў 19 ст. Апрача «Летапісца» ў рукапісе змешчаны і Аўрамкі летапіс. Спіс дэфектны, канец тэксту не збярогся. Абрываецца на апавяданні пра загадкавую смерць у Кіеве кн. Скіргайлы.
Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад часоў Гедзіміна да Вітаўта, пададзеная ў форме займальнай гіст. аповесці з драматычна напружаным сюжэтам. Віленскі летапіс напісаны дзелавым стылем старабел. літаратурнай мовы з выкарыстаннем месцамі кніжных архаічных, стараж.-рус. і царк.-слав. элементаў. Упершыню апублікаваны А.Бычковым у 1893, перавыдадзены ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 17. СПб., 1907; т. 35. М., 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА БАВУ́»,
помнік бел. перакладной л-ры, сярэдневяковы рыцарскі раман. Узнік у Францыі. Бел. пераклад зроблены ў 2-й пал. 16 ст. з сербскага тэксту і паслужыў крыніцай шэрагу рус. спісаў. Збярогся ў т.зв. Пазнанскім зборніку. Мае займальны любоўна-авантурны сюжэт. Асн. змест — незвычайныя прыгоды сына цара Гвідона і царыцы Мілітрысы (у бел.рэд. — Мератрысы) у яго змаганні за бацькаўскую спадчыну і царэўну Дружнену. У імя кахання Бава праходзіць выпрабаванні, здзяйсняе волатаўскія подзвігі, пасля шчасліва вяртаецца на радзіму і карае смерцю падступную маці і яе палюбоўніка Дадона, забойцаў свайго бацькі. «Аповесць пра Баву» нагадвае твор нар. гераічнага эпасу, у якім выкарыстаны прыёмы гіпербалізацыі: Бава валодае надзвычайнай сілаю, героем выступае напаўчалавек-напаўсабака Палкан і інш.Драматычна напружаны сюжэт, багацце казачнага элемента спрыялі папулярнасці рамана, які бытаваў ва ўсх. славян да 20 ст., пранік у фальклор, стаўшы нар. казкаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЛЕКСАНДРЫ́Я»,
помнік сусв. л-ры, які апісвае жыццё, подзвігі і прыгоды Аляксандра Македонскага. Нап. ў 2—3 ст. ў Егіпце на грэч. мове і паслужыла крыніцай для шматлікіх празаічных і вершаваных перапрацовак і рэдакцый. Аляксандр паказаны выдатным палкаводцам і ўсемагутным валадаром, чалавекам высокіх фіз. і маральных якасцяў, моцнага характару, глыбокага розуму. Сюжэт «Александрыі» займальны, драматычна напружаны. Першыя бел. пераклады «Александрыі» з’явіліся ў 15 ст. На Беларусі бытавалі ў 2 рэдакцыях — лацінскай і сербскай. Крыніцай бел. перакладу лацінскай рэдакцыі было адно з польскіх друкаваных выданняў 16 ст. Яна больш сугучная раннегуманіст. ідэалам духоўнай велічы і годнасці чалавека, яго зямных спраў. Сербская рэдакцыя пазнейшая, з новымі героямі, інакшым выкладам некат. падзей і эпізодаў, перапрацавана ў духу хрысц. ідэалогіі, з больш моцным гучаннем тэмы марнасці чалавечага жыцця. Бел. пераклады «Александрыі» — важная крыніца пазнання этычных і эстэт. уяўленняў і маст. густаў бел. чытачоў эпохі феадалізму, вывучэння бел.літ. мовы. Бел. спісы «Александрыі» апубл. У.В.Анічэнка ў кн. «Александрыя» (1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў Уладзімір Уладзіміравіч (н. 6.6.1952, Мінск),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар.арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1971). У 1971—92 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1992 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў, Дзярж. харэаграфічным каледжы. Выканальніцкую манеру вызначаюць шчырасць, натуральнасць, сцэн. абаяльнасць; яго танец пластычна выразны, драматычна асэнсаваны, псіхалагічна завостраны. Стварыў яркія вобразы ў нац. спектаклях: Тыль і Філіп, Князь і Машэка («Тыль Уленшпігель», «Курган» Я.Глебава). Сярод інш. партый: Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Спартак, Крас («Спартак» А.Хачатурана), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Зігфрыд і Ротбарт, Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Кавалер, Базіль (Вялікае класічнае па на муз. Л.Мінкуса з балета «Пахіта» Э.Дэльдэвеза, «Дон Кіхот» Мінкуса), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 136—140.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАФА́Н ГРЭК (1330—50-я г., Візантыя — паміж 1405—15),
іканапісец, мініяцюрыст, майстар манум. размалёвак. Працаваў у Візантыі і Стараж. Русі. Размалёўваў цэрквы ў Канстанцінопалі, Галаце, Халкедоне, Кафе (Феадосія); на Русі — царкву Спаса на Ільіне ў Ноўгарадзе (1378), у Маскоўскім Крамлі царкву Нараджэння Маці Божай (1395, з Сімяонам Чорным), Архангельскі (1399) і Благавешчанскі (1405; з А.Рублёвым і Прохарам з Гарадца) саборы. Працаваў таксама ў Серпухаве, Ніжнім Ноўгарадзе, магчыма, у Каломне і Пераслаўлі-Залескім. Яму прыпісваюць абразы дэісуснага чына Благавешчанскага сабора ў Маскоўскім Крамлі: «Спас», «Маці Божая Данская», «Іаан Прадцеча» (пры ўдзеле і пад яго кіраўніцтвам выкананы інш. абразы гэтага і святочнага чыноў). Адкрыў у Маскве майстэрню, якая стварала абразы і мініяцюры. Творчасць адметная драматычна-эмацыянальнай трактоўкай вобразаў, дынамічнай кампазіцыяй, стрыманым каларытам, пластычнасцю выяў, падкрэслена смелым і дакладным накладаннем светлавых блікаў.
Літ.:
Алпатов М.В. Феофан Грек. М., 1979;
Вздорнов Г.И. Феофан Грек: Творч. наследие. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВЕ́Р (Noverre) Жан Жорж (29.4.1727, Парыж — 19.10.1810),
французскі артыст балета, балетмайстар; рэфарматар і тэарэтык харэаграфічнага мастацтва. Вучыўся ў Ж.Д.Дзюпрэ і Л.Дзюпрэ. З 1743 артыст, з 1751 і балетмайстар у еўрап. т-рах, у т. л. Парыжскай оперы (у 1776—81 гал. балетмайстар). Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самаст. відам сцэн. мастацтва. Яго лепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, муз., верагодна, Ф.Гарнье); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на муз. Ж.Ж.Радольфа), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» паводле П.Карнеля (1775; абедзве на муз. І.Старцэра); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на муз. Ф.Аспельмайра (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на муз. Мілера). Аўтар кн. «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самаст. спектакль. Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.
Літ. тв.: Рус.пер. — Письма о танце и балетах. Л.; М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРБАРА́Н (Zurbarán) Франсіска дэ (хрышчаны 7.11.1598, г. Фуэнтэ-дэ-Кантас, Іспанія — 27.8.1664),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі у П.Д. дэ Вільянуэвы. Працаваў пераважна ў Льерэне, Севільі, Мадрыдзе. Зазнаў уплыў М.Караваджа. Творы вылучаюцца грубаватай рэалістычнасцю вобразаў, павышанай дэталізацыяй, частым увядзеннем у карціны элементаў нацюрморта. Раннім работам уласціва выкарыстанне шырокіх форм і аб’ёмаў («Укрыжаванне», 1627). У перыяд творчага росквіту (1630—40-я г.) ствараў суровыя манументальна-лаканічныя, драматычна-напружаныя і адначасова стрыманыя ў выяўленні пачуццяў вобразы. Творы адметныя смелай абагульненасцю і матэрыяльнасцю пластычнай мадэліроўкі, строгай гамай шэрых і карычневых, насычаных чырвоных тонаў: «Трыумф святога Фамы Аквінскага» (1631), «Спакушэнне святога Іераніма» (1634), «Святы Францыск», цыкл карцін для картэзіянскага кляштара Ла Картуха ў Херэс-дэ-ла-Франтэра (1637—39) і інш. Для твораў 1650—60-х г. характэрны рысы лірычнай сузіральнасці і эмацыянальнай усхваляванасці: «Бічаванне Хрыста», «Мадонна з дзіцем і Іаанам Хрысціцелем». У 1640-я г. стварыў серыі карцін, прысвечаных жыццю кляштара ордэна іеранімітаў у Гуадалупе: «Спакушэнне брата Дыега Арзаскага», «З’яўленне Хрыста брату Андрэсу Сальмерону», «Уяўленне брата Педра-Саламанкскага»; партрэты (серыя «Дактары з Ла Мерсед», «Доктар з Саламанкі» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́КЕР Соф’я Юр’еўна (7.1.1907, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 23.4.1984),
бел. спявачка (драм. сапрана). Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыла Бел. студыю оперы і балета пад кіраўніцтвам А.Баначыча (1933), вучылася ў Бел. кансерваторыі (1932—36, клас П.Ціханава). У 1933—41 і 1944—77 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала моцным голасам прыемнага тэмбру, высокай вак. культурай, муз.-драм. здольнасцямі, якія дазвалялі ёй выконваць разнапланавыя ролі: ад глыбока драматычных (Аўгіння ў оперы «У пушчах Палесся» А.Багатырова) да востра камедыйных (Рагнеда Янаўна ў «Калючай ружы» Ю.Семянякі). Майстэрства стварэння драматычна напружаных, багатых псіхал. адценнямі вобразаў найб. выявілася ў партыях опернай класікі: Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Ліза, Марыя, Настасся, Аксана («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні). Сярод каларытных камедыйных вобразаў: Часнікова («Страшны двор» С.Манюшкі), Адарка («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Дуэнья («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева), Фроська («Марозка» М.Красева), Мірабела («Цыганскі барон» І.Штрауса). Шмат выступала ў канцэртах, у т. л. з творамі бел. кампазітараў.
Літ.:
Жураўлёў Д. Соф’я Друкер // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Дз.М.Жураўлёў.
С.Ю.Друкер.С.Друкер у ролях Адаркі (злева) і Тоскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТРА́СЦІ ХРЫСТО́ВЫ»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай літаратуры канца 15 ст., легендарна-апакрыфічная аповесць пра Ісуса Хрыста. Змешчаны ў рукапісным зборніку разам з «Аповесцю пра трох каралёў» і «Жыціем Аляксея, чалавека божага». Перакладзена з лац. мовы з выкарыстаннем польскіх і чэш. крыніц, напісана дробным паўуставам. Пераклад зроблены католікам, вызначаецца высокай дакладнасцю і маст. дасканаласцю. Мова аповесці без царкоўнаславянізмаў, поўна адлюстроўвае жывую бел. мову таго часу. Асн.літ. крыніца помніка — апакрыфічнае Евангелле ад Нікадзіма.
У цэнтры твора яркае, драматычна напружанае апісанне апошніх дзён жыцця, пакутніцкай смерці і ўваскрэсення гал. героя, Смерць Ісуса Хрыста пададзена з пункту гледжання царк.-рэліг. ідэйна-маст. канцэпцый хрысціянства як гераічны подзвіг і высакародная ахвяра ў імя лепшай будучыні ўсіх людзей. У аповесці створаны таксама вобраз Багародзіцы. Душэўныя перажыванні Божай маці, глыбокі боль за сына раскрыты ў псіхалагічна праўдзівых маналогах-плачах. Упершыню выдадзены М.М.Тупікавым у 1901. Зборнік зберагаецца ў Расійскай Нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Публ.:
Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.
Літ.:
Карский Е.Ф. Западнорусский сборник XV в Императорской Публичной библиотеки в С.-Петербурге Q.I. № 391 // Карский Е.Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам М., 1962;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967.