Дракон, гл. Цмок

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дракон (сузор’е) 4/268, 556—557 (карта), 597; 5/533

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАКО́Н (лац. Draco),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Мае 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Ламаны ланцужок слабых зорак Д. агінае сузор’е Малая Мядзведзіца і заканчваецца больш яркай зоркай γ (2-й візуальнай зорнай велічыні), назіраючы за якою англ. астраном Дж.Брадлей адкрыў (1725) аберацыю святла. Адна з зорак Д. — Тубан каля 2,5 тыс. гадоў назад была і праз 20 тыс. гадоў зноў будзе «Палярнай» зоркай. У Д. знаходзіцца яркая планетарная туманнасць 8-й зорнай велічыні, якая пашыраецца. З тэр. Беларусі Д. відаць круглы год.

Сузор’е Дракон.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАКО́Н,

у міфалогіі многіх народаў крылаты (часам шматгаловы) вогненны змей, тулава якога складалася з частак цела змяі, кракадзіла, птушкі, рыбы, льва, сабакі і інш. У краінах Усх. Азіі лічыўся бажаством вады, якое прыносіць урадлівасць, пазней — сімвал улады. Д. былі пераможаны Гераклам (Гідра, Ладон), Апалонам (Піфон, Тыфон), Георгіем Пераможцам і інш.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТО́Е РУНО́,

у грэчаскай міфалогіі залатая воўна барана. Паводле міфаў, Нефела, жонка цара Фіваў Афаманта, атрымала барана ад Гермеса і аддала сваім дзецям Фрыксу і Геле. На спіне гэтага барана Фрыкс прыбыў (Гела па дарозе загінула) да цара Ээта ў Калхіду, дзе ахвяраваў жывёлу Зеўсу, а скуру барана павесіў у гаі Арэса. Потым З.р., якое ахоўваў дракон, укралі арганаўты. У пераносным сэнсе З.р. — багацце, якім імкнуцца завалодаць.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАХВО́СЦІК (Зоя Валянцінаўна) (н. 26.9 1959, Мінск),

бел. актрыса. Унучка Г.П.Глебава, дачка В.С.Белахвосціка. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982), працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. Найб. ярка акцёрскі талент выявіўся ў ролях нац. рэпертуару: Паўлінка, Аленка («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.Купалы), Зоська («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота), Юлька («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча). Сярод інш. роляў: Паліна («Даходнае месца» А.Астроўскага), Эльза («Дракон» Я.Шварца), Лаура («Блакітная ружа» Т.Уільямса), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава).

М.А.Бартніцкая.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́МАЎ (Мікалай Паўлавіч) (16.4.1901, Харкаў — 6.9.1968),

рускі рэжысёр і мастак. Нар. арт. СССР (1960). Праф. (1960). Вучыўся ў Новай маст. студыі ў Петраградзе (1915—19). З 1922 тэатр. мастак, рэжысёр. У 1935—49 і з 1955 маст. кіраўнік Ленінградскага т-ра камедыі. Лепшыя спектаклі, якія паставіў і аформіў Акімаў, адметныя тонкай іроніяй, дакладнасцю характарыстык: «Звычайны цуд», «Дракон» Я.Шварца, «Дон Жуан» Дж.Байрана, «Стракатыя апавяданні» паводле А.Чэхава і інш. Аўтар графічных работ (кніжная ілюстрацыя, партрэт, тэатр. афіша).

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАКО́НТ, Дракон (грэч. Drakōn),

старажытны афінскі заканадавец, архонт. Пры ім у 621 да н.э. на каменных плітах запісаны прававыя звычаі. Паводле законаў Д. скасоўвалася права радавой арыстакратыі на кроўную помсту, карныя функцыі перадаваліся арэапагу. Разам з тым прадугледжваліся вельмі жорсткія пакаранні для тых, хто спакушаўся на чужую ўласнасць (напр., пакаранне смерцю за крадзеж зерня, агародніны). У 594 да н.э. крымінальныя нормы заканадаўства Д. змякчыў Салон. Выразы «драконаўскія законы», «драконаўскія меры» захаваліся ў прымаўках і азначаюць жорсткія мерапрыемствы.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНА́ЎТЫ,

у грэчаскай міфалогіі героі паходу па залатое руно, якое ахоўваў дракон. Больш за 50 арганаўты пад кіраўніцтвам Ясона накіраваліся на караблі «Арго» ў Калхіду. З дапамогай чараўніцы Медэі захапілі руно і прывезлі яго ў Грэцыю. Паход арганаўтаў — часты сюжэт у творах ант. і пасляант. мастацтва (рэльеф у Дэльфах, кратэр сярэдзіны 5 ст. да н.э.); ён выкарыстаны ў эпасах Апалонія Радоскага і В.Флака, драм. трылогіі Ф.Грыльпарцэра, оперы Л.Керубіні і інш.

Да арт. Арганаўты. Геракл і арганаўты. Размалёўка кратэра з г. Арвіета. Каля 450 да н.э.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХО́ЎСКІ (Мікола) (Мікалай Аляксандравіч; н. 3.7.1950, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім маст. вучылішчы (1966—68), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1974—76). З 1977 паралізаваны. Друкуецца з 1979. Дэбютаваў п’есамі для лялечнага тэатра, адна з іх («Калі дракон прачнуўся», 1982) прысвечана праблемам экалогіі. У драме «Машэка» (1988) праз самабытнае раскрыццё характараў і псіхалогіі ўладара, раба і незалежнага чалавека паставіў актуальную праблему пра згубны ўплыў улады на асобу. Дзеянне твора афарбавана з’яўленнем фантаст. прывідаў, часам пераходзіць у сферу ірэальнага. У драме абсурду «Ку-ку» (1992, 1-я прэмія на Рэсп. конкурсе драматургіі 1992) пераплецена рэальнае і ўяўнае, звычайнае і свет фантазій. Аўтар апавяданняў, казак, артыкулаў.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)