Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАНАРО́ДЖАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця з моманту нараджэння і да канца першага месяца жыцця. Бывае даношанае (цяжарнасць 38—41 тыдзень), неданошанае дзіця, пераношанае (цяжарнасць больш за 41 тыдзень). Пасля нараджэння Н.д. прыстасоўваецца да ўмоў навакольнага асяроддзя. Адбываецца ўдасканальванне органаў і сістэм арганізма, асабліва сардэчна-сасудзістай сістэмы, сістэмы імунітэту. Н.д. мае масу цела ў сярэднім 3000—4000 г, даўж. 50—52 см. Даўж. галавы Н.д. складае чвэрць цела, акружнасць чэрапа — 34—36 см (на 1—2 см больш за акружнасць грудной клеткі) Да 3-га дня адпадае кукса пупавіны. У першыя 3—4 дні ў Н.д. адбываецца «фізіялагічная» страта масы цела (да 10%), з 6—7-га дня маса пачынае прыбываць (за 1-ы тыдзень павялічваецца на 600—700 г). Пераношанае Н.д. мае прыкметы трафічных парушэнняў (напр., шчыльныя косці чэрапа з закрытымі швамі і малымі цемечкамі), больш схільнае да захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАНО́ШАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця, што нарадзілася заўчасна (22—38 тыдняў цяжарнасці).
У Н.д. тонкая, у складкі скура, на твары маршчыністая, слаба развітыя пазногці, мяккія вушныя ракавіны (усяго больш за 50 прыкмет). Мае фізіял. асаблівасці — аслабленае дыханне. вяласць, санлівасць, зніжаны імунітэт, тэрмалабільнасць і інш., у выніку — схільнасць да захворванняў. У першыя гады жыцця можа адставаць у фіз. і псіх. развіцці ў залежнасці ад ступені неданошанасці. Вылучаюць групу глыбока Н.д. (500—1000), сярод якіх асабліва высокія паказчыкі захваральнасці і смяротнасці. Выходжванне Н.д. ажыццяўляецца ў мед. апаратах (кувезах) у спец. установах. Мерапрыемствы па прафілактыцы праводзяцца ў дародавы перыяд (антэнатальная ахова плода). Гл. таксама Невыношванне цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЬКО́ЎСТВА (у праве),
засведчаны ў органах ЗАЦСа факт паходжання дзіцяці ад пэўнага мужчыны. Пры нараджэнні дзіцяці ў маці, якая знаходзіцца ў шлюбе, дзейнічае прэзумпцыя, што бацькам з’яўляецца яе муж. У гэтым выпадку звесткі пра бацьку ў запіс аб нараджэнні дзіцяці ўносяцца на падставе пасведчання аб шлюбе. Калі шлюб не быў зарэгістраваны, запіс пра бацьку робіцца па сумеснай заяве бацькі і маці. У выпадку адмовы бацькі прызнаць сваім дзіця, якое нарадзілася па-за шлюбам, спрэчкі аб устанаўленні бацькоўства вырашае суд. Пры нараджэнні дзіцяці незамужняй жанчынай звесткі пра фактычнага бацьку ў запіс акта аб нараджэнні не ўносяцца, калі бацька адмовіцца прызнаць дзіця сваім і няма рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства. У такіх выпадках запіс пра бацьку дзіцяці робіцца на прозвішча маці, а імя і імя па бацьку запісваецца па яе ўказанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫНА́РЫ ((Portinari) Кандыда) (29.12.1903, г. Брадоскі, Бразілія — 7.2.1962),
бразільскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Нац.маст. школе ў Рыо-дэ-Жанейра (1918—28). У 1936—39 праф. ун-та ў Рыо-дэ-Жанейра. Зазнаў уплывы экспрэсіянізму, сюррэалізму, П.Пікасо. З сярэдзіны 1930-х г. у рэаліст. манеры адлюстроўваў жыццё простага народа (батракоў, індзейцаў, неграў), часта надаваў персанажам узнёсла-гераічны характар. Творам уласціва абагульненне форм, мяккасць святлоценявой распрацоўкі, дакладнасць малюнка. Аўтар манум. размалёвак у будынках Мін-ва адукацыі Бразіліі ў Рыо-дэ-Жанейра (1936—45), Б-кі кангрэса ЗША у Вашынгтоне (1941), каледжа ў г. Катагуазіс (1948—49), пано «Вайна і мір» у будынку ААН у Нью-Йорку (1955), партрэта Р.Ралана (1936), карцін «Мёртвае дзіця» (1944), серыі «Бежанцы» (1945) і інш.Міжнар. прэмія Міру 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́НКУЛУС (ад лац. homunculus чалавечак),
чалавекападобная істота, якую, на думку натуралістаў сярэднявечча, быццам можна атрымаць штучным шляхам. У 17 ст. лічылі, што маленькі гамункулус заключаны ў чалавечым сперматазоідзе і пры яго пападанні ў арганізм жанчыны толькі павялічваецца ў памерах, ператвараючыся ў дзіця. Гл. таксама Анімалькулізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАЦЭНТРЫ́ЗМ [ад грэч. pais (paidos) дзіця + лац. centrum цэнтр],
прынцып некаторых пед. сістэм (Ж.Ж.Русо, свабоднага выхавання і інш.), які адмаўляе сістэматычнае навучанне і выхаванне дзяцей паводле распрацаваных вучэбных планаў і праграм з цвёрдым раскладам, а патрабуе арганізацыю заняткаў на падставе непасрэдных жаданняў і інтарэсаў дзяцей.