ВІЦ (Witz) Конрад (пасля 1400, г. Ротвайль, Германія — да 1446),

швейцарскі жывапісец. З 1434 (або 1435) працаваў у Базелі і Жэневе. У сваіх творах, пераходных ад готыкі да мастацтва Адраджэння, дасягнуў вял. пластычнай дасканаласці ў адлюстраванні фігур, інтэр’ера, гар. і альпійскага пейзажаў. З яго работ захаваліся створкі трох алтароў: «Зярцала збавення чалавецтва» для сабора ў Базелі (каля 1435), св. Пятра для сабора Сен-П’ер у Жэневе (1444), часткі невядомага алтара (магчыма, «Жыццё Марыі»). Частка алтара св. Пятра «Дзівосны ўлоў» (1444) — адзін з першых пейзажаў у еўрап. жывапісе, які адлюстраваў канкрэтную мясцовасць (бераг Жэнеўскага возера).

Г.​А.​Фатыхава.

К.Віц. Дзівосны ўлоў. 1444.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАБІЛІ́Т (ад лац. mirabilis дзівосны), глаўберава соль,

мінерал класа сульфатаў, водны сульфат натрыю Na2[SO4]∙10H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя агрэгаты, налёты, скарынкі, зрэдку кароткапрызматычныя крышталі. Бясколерны, празрысты, зрэдку белы. Бляск шкляны. Крохкі. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 1,48 г/см³. Хемагеннага асадкавага паходжання, утвараецца з азёрных і марскіх расолаў пры т-ры ніжэй за 20—25 °C. Сыравіна для содавай, шкляной і лакафарбавай прам-сці; выкарыстоўваецца ў медыцыне. Радовішчы ў Расіі, Туркменістане, ЗША, Мексіцы, Аргенціне і інш.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСЕ́НКА Антон Паўлавіч (10.8.1737, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 4.12.1773),

расійскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургу ў майстэрні І.​Аргунова (1753—58) і АМ (1758—60). Пенсіянер АМ у Парыжы (1760—65), Рыме (1766—69). З 1770 праф. Пецярбургскай АМ, з 1772 — яе дырэктар. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя тэмы, працаваў у гіст. і партрэтным жанрах. У творчасці спалучаў патэтычнасць вобразаў і дынамічнасць кампазіцый позняга барока з традыцыямі класіцызму. Сярод твораў: «Дзівосны ўлоў рыбы» (1762), «Ахвярапрынашэнне Аўрама» (1765), «Каін» (1768), «Зеўс і Фетыда» (1769), «Уладзімір перад Рагнедай» (1770), «Развітанне Гектара з Андрамахай» (1773), партрэты П.​Шувалава (1760), Ф.​Волкава (1763) і інш. Яго малюнкам уласцівы дакладнасць форм і тонкая тэхніка. Склаў вучэбны дапаможнік «Тлумачэнне сціслай прапорцыі чалавека...» (1772).

Літ.:

Каганович А.Л. Антон Лосенко и русское искусство середины XVIII столетия. М., 1963.

А.Ласенка. Развітанне Гектара з Андрамахай. 1773.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯКО́Ў Міхась (Міхаіл Паўлавіч; н. 24.1.1951, в. Заброддзе Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец. Скончыў БДУ (1977). Працаваў у Мінску на заводзе, настаўнічаў. З 1978 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1981 дырэктар Літ. музея М.​Багдановіча, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». З 2000 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1966. Аўтар «Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988), зб. вершаў «Час надзеі» (1991). Піша для дзяцей (зб-кі «Побач з татам», 1988; «Ехаў поўны воз дзівос», 1994; «Шые вожык кажушок», 1996; «Дарынка-весялінка», 1999). Адчувае дзіцячую псіхалогію, расказвае пра дабрыню, шчырасць, працавітасць. Упершыню ў бел. л-ры распрацоўвае загадкі на міжмоўныя амонімы і антонімы (зб. «Дзіўныя «блізняты», 1987). На бел. мову пераклаў раманы В.​Скота «Квенцін Дорвард», М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот», С.​Лагерлёф «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», паасобныя творы С.​Маршака, Я.​Пермяка, Х.​К.​Андэрсена, казкі братоў Грым і інш. Многія верш П. пакладзены на музыку.

Тв.:

Тры чарадзеі: Вершы, скорагаворкі, загадкі. Мн., 1991;

Дзівосны свет. Мн., 1996;

Загадкі з поля і градкі. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭНТА́НА (Brentano),

Клеменс (9.9.1778, Эрэнбрэйтштайн, каля г. Кобленц, Германія — 28.7.1842), нямецкі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік гейдэльбергскага кола рамантыкаў (гл. ў арт. Германія раздзел Літаратура). Літ. дзейнасць пачаў пад уплывам Л.Ціка. Адыход ад тэматыкі і стылю іенскіх рамантыкаў назіраецца ў рамане «Годві» (1801), камедыі «Понсе дэ Леон» (1804). Лірыка Брэнтана, заснаваная на нар. песеннай творчасці, зрабіла пераварот у ням. паэзіі, паўплывала на творчасць іншых рамантыкаў (асабліва Г.​Гейнэ). Увёў у ням. паэзію тэму любоўных пакут, непадуладнага чалавеку ірацыянальнага пачуцця. Найб. вядомасць набылі вершы т.зв. рэйнскага цыкла: «Плывец у лодцы», «Вясёлыя музыканты», «Рыбак сядзеў у лодцы» і інш. Верш «Ларэлея» сам нарадзіў нар. паданне, стаў сімвалам рамант. мастацтва і натхніў многіх еўрап. паэтаў (І.​Айхендорфа, Гейнэ, Ж. дэ Нерваля, Г.​Апалінэра). З 1810-х г. у творчасці Брэнтана ўзмацніліся рэліг. пошукі, што адбілася ў духоўных вершах, навелах «Гісторыя сумленнага Касперла і прыгажуні Анерль», «Тры арэхі», «З летапісу вандроўнага шкаляра», у лірычнай драме «Заснаванне Прагі» (1815).

Аўтар сатыр. казак («Казка пра Гокеля і Гінкель» і інш.), оперных лібрэта. Апублікаваў зб. ням. нар. песень «Дзівосны рог хлопчыка» (1806—08, з Л.​А.​Арнімам). На бел. мову шэраг вершаў Брэнтана пераклаў У.​Папковіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Закаханы вандроўнік: Паэзія ням. рамантызму. Мн., 1989;

рус. пер. — Избранные стихотворения. М., 1986;

[Стихи] // Европейская поэзия XIX века. М., 1977;

Немецкая поэзия XIX века. М., 1984;

Поэзия немецких романтиков. М., 1985.

Літ.:

Балашов Н.И. Брентано и «Волшебный рог мальчика» // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3;

Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973. С. 351—395.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЗВАЛ (Nezval) Віцезслаў (26.5.1900, Біскаўпкі, Чэхія — 6.4.1958),

чэшскі пісьменнік. Нар. паэт Чэхаславакіі (1953). Вывучаў права і філасофію ў Брно і Празе (1919—22). Дэбютаваў кн. рамант.-сімвалісцкіх вершаў «Мост» (1922). У аналагічнай манеры напісаны вершы зб-каў «Пантаміма» (1924), «Маленькі сад руж» (1926), «Надпісы на магілах» (1927), паэмы «Дзівосны чараўнік» (1922), «Акрабат» (1927), «Эдысан» (1928). Супраць сац. і нац. прыгнёту скіраваны паэма «Сігнал часу» (1931), вершы зб-каў «Пяць пальцаў» (1932), «Зваротны білет» (1933), п’еса «Каханкі з кіёска» (1932). Сюррэаліст. ўплывы выявіліся ў кн. эсэ «Сучасныя паэтычныя кірункі» (1937), зб-ках сац. паэзіі «Прага з пальцамі дажджу» (1936), «Маці Надзея» (1938), «Пяць мінут за горадам» (1939). Антыфаш. пафас у сатыр. паэме «Прусакі» (1939), ліра-эпічнай хроніцы «Гістарычнае палатно» (1939). У зб-ках паэзіі «Вялікія куранты» (1949), «Спеў міру» (1950), «З роднага краю» (1951), «Крылы» (1952), «Васількі і гарады» (1955) гуманіст. матывы, высокая паэт. тэхніка спалучаюцца з рытарычнасцю і лозунгавасцю. Аўтар п’ес у вершах, кіна- і радыёсцэнарыяў і інш. Пераклаў асобныя творы А.​Рэмбо, Г.​Гейнэ, П.​Элюара, А.​Пушкіна і інш. На бел. мову зб. «Васількі і гарады» пераклаў Х.​Жычка, паасобныя вершы — Л.​Баршчэўскі, В.​Вітка, А.​Вялюгін, Жычка, П.​Макаль, В.​Матэвушаў, С.​Панізнік, П.​Прыходзька, С.​Шушкевіч. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1951, 1953.

Тв.:

Бел. пер. — Васількі і гарады: Вершы і паэмы. Мн., 1986;

У кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;

Рус. пер. — Избранное. М., 1960;

Стихи. Поэмы. М., 1972.

Літ.:

Будагова Л.Н. Витезслав Незвал. М., 1967;

Шерлаимова С.А. Витезслав Незвал. М., 1968.

Л.​П.​Баршчэўскі.

В.Незвал.

т. 11, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІНАВОДСТВА

Мэтанакіраваныя даследаванні па раслінаводстве на Беларусі пачаліся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (засн. ў 1840; з 1925 — БГСА). У ліку заснавальнікаў навук. раслінаводства А.​В.​Саветаў (першы доктар с.-г. навук, аўтар прац па вырошчванні кармавых траў і па сістэмах земляробства), І.​А.​Сцебут (чытаў першы ў Расіі курс па раслінаводстве, выдаў на яго аснове працу «Асновы палявой культуры і меры да яе паляпшэння ў Расіі», арганізаваў у Горках доследнае поле), М.​В.​Рытаў (арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур). У 1910 у Беняконах (Гродзенская вобл.) створана батанічна-сельскагаспадарчая доследная станцыя, на якой пад кіраўніцтвам В.​М.​Ластоўскага праводзіліся селекцыйная работа (створаны сорт азімага жыта Беняконскі, некалькі хуткаспелых сартоў лубіну) і выпрабаванні сартоў ячменю, аўса, бульбы. Даследаванні праводзіліся на Мінскай раслінаводчай і Горацкай (з 1920), Турскай, Віцебскай і Палескай (1921) с.-г. доследных станцыях, у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства (з 1925). У 1929 створана Бел. с.-г. доследная станцыя паляводства. У 1937 арганізаваны Ін-т сацыяліст. сельскай гаспадаркі (з 1956 — Бел. НДІ земляробства, з 2003 — НДІ земляробства і селекцыі). Да 1960-х г. насенняводчая і селекцыйная праца з с.-г. культурамі была накіравана на выяўленне і вывучэнне. мясц. і замежных сартоў, на ацэнку і ўдасканальванне асобных прыёмаў. У Бел. НДІ земляробства і селекцыі з 1960-х г. вядуцца комплексныя даследаванні па раслінаводстве, распрацоўваюцца тэхналогіі вытворчасці палявых культур і стратэгія інтэнсіўнага раслінаводства ў краіне (М.​А.​Кадыраў, І.​К.​Копцік, Л.В. і В.​П.​Кукраш, А.​І.​Лапо, М.​Дз.​Мухін, І.​Г.​Стралкоў, В.​С.​Шавялуха, М.​П.​Шкель, В.​М.​Шлапуноў, В.​І.​Шэмпель і інш.). У 1960-я г. створаны першыя бел. сарты: азімага жыта Белта (М.​Дз.​Мухін), ячменю Сувенір (М.​Дз.​Мухін, У.​А.​Сямёнаў) і Мінскі (М.​М.​Венядзіктаў), яравой пшаніцы Мінская (М.​Дз.​Мухін). З 1980-х г. вядзецца інтэнсіўны працэс стварэння і раянавання бел. сартоў: азімага жыта Пухаўчанка, Верасень, Ігуменскае, Сяброўка, Спадчына, Калінка, Радзіма, Зуброўка, Ясельда, Завея 2, Зарніца, Талісман; азімай пшаніцы Бярэзіна, Сузор’е, Капылянка, Быліна, Легенда, Шчара, Саната, Завея, Прэм’ера, Спектр, Гармонія, Каравай, Гродзенская 7; азімай трыцікале Дар Беларусі, Міхась, Мара, Ідэя, Модуль, Дубрава, Рунь, Марка, Сокал; яравой пшаніцы Інеса; яравога ячменю Заазерскі 85, Прыма Беларусі, Тутэйшы, Візіт, Верас, Гасцінец, Гонар, Сябар, Вежа, Сталы, Бурштын, Дзівосны, Талер, Атаман, Якуб; яравога аўса Буг, Асілак, Паланэз, Беларускі галазёрны, Стралец, Багач, Вандроўнік, Юбіляр; грэчкі Юбілейная 2, Чарнаплодная, Жалейка, Аніта, Беларуская, Жняярка, Смуглянка, Волма і інш. У ін-це выведзены сарты бабовых культур, якія адаптаваны да мясц. умоў: гароху Агат, Белус, Беларус, Палёт; яравой вікі Наталі; лубіну Данка, Гелена, Міртан, Першацвет, Ашчадны і інш.; распрацаваны безгербіцыдныя і энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі іх вырошчвання. Вядуцца шматпланавыя даследаванні тэхналогій вырошчвання кармавых траў і сіласных культур (канюшыны, рапсу, кукурузы і інш.), ствараюцца і раянуюцца іх сарты.

У БСГА значны ўклад у развіццё раслінаводства зрабілі А.​В.​Ключароў, І.​М.​Піўноўскі і інш. Распрацоўваліся пытанні тэорыі фарміравання высокіх ураджаяў (М.​С.​Савіцкі), перыядычнасці росту с.-г. раслін і яго рэгулявання (В.​С.​Шавялуха); удасканальваліся прыёмы і тэхналогіі вырошчвання палявых культур (В.​І.​Качурка, Ф.​І.​Лешчанка, Э.​М.​Мухаметаў, Л.​Б.​Наймарк, В.​Р.​Стралкоў, А.​А.​Шалюта), прапанаваны нетрадыцыйныя сістэмы вырошчвання грэчкі (М.​Я.​Мікалаеў), бульбы (П.​І.​Панасюга), зернебабовых сумесей (С.​С.​Камасін). Выкананы шэраг даследаванняў па ўдасканальванні прыёмаў вырошчвання палявых культур: ацэнка культур-папярэднікаў, распрацоўка лакальна-стужачнага спосабу ўнясення мінер. угнаенняў і інтэграванай сістэмы аховы пасеваў ва ўмовах радыяцыйнай нагрузкі (П.​К.​Александровіч, А.​М.​Брагін, І.Р. і Р.​Т.​Вільдфлуш, Г.​І.​Гарбылёва, С.​С.​Захараў, А.​А.​Калікінскі, С.​П.​Кукраш, А.​Р.​Цыганоў, П.​М.​Шарснёў і інш.), па селекцыі збожжавых і зернебабовых культур (А.​З.​Латыпаў, Р.​І.​Тарануха), бабовых кармавых траў (В.​З.​Шарапа). Выведзены сарты палявых культур: лубіну Акадэмічны 1, БСГА-382, Пружанскі, Бісер 347 (Р.​І.​Тарануха); фасолі Мотальская белая (П.​М.​Мінюк, В.​Н.​Кавалёў); канюшыны лугавой Мярэя (В.​І.​Бушуева); кукурузы Бема 172 СВ, Бема 210 СВ, Парумбель 212 СВ (В.​А.​Двайнішнікаў).

Па льнаводстве даследаванні вядуцца з 1950-х г. у НДІ земляробства і селекцыі, таксама на Магілёўскай абл. с.-г. доследнай станцыі. Праводзілася селекцыя лёну на ўраджайнасць і якасць валокнаў, на ўстойлівасць да палягання і фузарыёзу і інш. Распрацавана тэхналогія вырошчвання лёну, якая дазваляе атрымліваць 18 ц/га валокнаў і 9 ц/га насення. У 2000 на аснове эксперыментальнай базы «Устье» (Віцебская вобл.) створаны Бел. НДІ лёну, у якім выведзены сарты лёну Блакіт, Форт; распрацавана і рэкамендавана сартавая агратэхніка новых сартоў: Віта, Прамень, Пралеска, Васілёк, Блакіт (І.​А.​Голуб, В.​А.​Кажаноўскі, В.​А.​Пруднікаў, П.​І.​Шыбко).

Па буракаводстве работы вядуцца з 1928 на Ганусаўскай паляводчай доследнай станцыі (доследнай станцыі па цукр. бураках Нац. АН Беларусі). У розныя гады на станцыі распрацоўваліся тэхналогіі вырошчвання цукр. буракоў адпаведна з узроўнем развіцця і попытам вытворчасці. Створаны аднапарасткавыя трыплоідныя гібрыды Белдан, Данібел, Каўбел (Д.​С.​Бычкова, Т.​С.​Макарэвіч, І.​С.​Татур і інш.).

Па бульбаводстве даследаванні пачаты ў 1928 на Цэнтр. бульбяной доследнай станцыі. У 1956 створаны Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства. У 1990 вылучаны асобны БелНДІ бульбаводства. Уклад у селекцыю бульбы Зрабілі П.​І.​Альсмік, А.​Л.​Амбросаў, І.​І.​Бусько, М.​Дз.​Ганчароў, М.​А.​Дарожкін, А.​Я.​Зуйкоў, С.​М.​Купчына, З.​І.​Рамнёва, Л.​А.​Панцюхіна, А.​П.​Пузанкоў, М.​А.​Шыпількевіч і інш. У наш час найб. пашыраны сарты Ласунак, Явар, Аксаміт, Расінка, Скарб, Лазурыт, Выток, Сузор’е, Дэльфін, Альпініст, Архідэя, Ветразь, Здабытак. Комплексныя даследаванні агратэхнікі бульбы пачаты ў 1950-я г. Л.​І.​Гарэлкіным, працягваліся А.​Ф.​Багданоўскім, С.​А.​Банадысевым, І.​І.​Бусько, М.​В.​Кананучанкам, І.​С.​Малашанкам і інш. Пытанні ахоўных мерапрыемстваў вывучалі С.​І.​Бельская, М.​А.​Дарожкін, У.​Р.​Іванюк, Р.​Г.​Казак, Г.​М.​Крамнева, З.​І.​Рамнёва і інш.

У 2000 на базе Бел. НДІ земляробства і селекцыі створаны Нац. цэнтр генетычных рэсурсаў, які вывучае генетычны патэнцыял гаспадарча-карысных раслін з мэтай іх далейшага выкарыстання.

Літ.:

Шлапунов В.Н. Полевое кормопроизводство. Мн., 1985;

Семеноводство полевых культур. Мн., 1994;

Технология производства и качество продовольственного зерна. Мн., 1996;

Кадыров М.А. О земледелии: селекции и рациональном хозяйствовании. Мн., 2001;

Кормовой ячмень: генетика и селекция. Мн., 2003;

Банадысев С.А. Семеноводство картофеля: организация, методы, технологии. Мн., 2003;

Лен Беларуси. Мн., 2003.

Дз.​І.​Мельнічук, М.​М.​Старавойтаў.

т. 18, кн. 2, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)