ВІЦ (Witz) Конрад
(пасля 1400, г. Ротвайль, Германія — да 1446),
швейцарскі жывапісец. З 1434 (або 1435) працаваў у Базелі і Жэневе. У сваіх творах, пераходных ад готыкі да мастацтва Адраджэння, дасягнуў вял. пластычнай дасканаласці ў адлюстраванні фігур, інтэр’ера, гар. і альпійскага пейзажаў. З яго работ захаваліся створкі трох алтароў: «Зярцала збавення чалавецтва» для сабора ў Базелі (каля 1435), св. Пятра для сабора Сен-П’ер у Жэневе (1444), часткі невядомага алтара (магчыма, «Жыццё Марыі»). Частка алтара св. Пятра «Дзівосны ўлоў» (1444) — адзін з першых пейзажаў у еўрап. жывапісе, які адлюстраваў канкрэтную мясцовасць (бераг Жэнеўскага возера).
Г.А.Фатыхава.
т. 4, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)