ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),

у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза, балетмайстар М.​Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, балетмайстар А.​Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, балетмайстар Ю.​Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЖА́Р (Béjart; сапр. Бержэ; Berger) Марыс

(н. 1.1.1927, Марсель),

французскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр, педагог. Як класічны танцоўшчык дэбютаваў у 1944 у Марсельскай оперы. З 1949 працаваў у розных трупах Францыі і Бельгіі. З 1957 узначальваў «Балетны тэатр Парыжа», з 1960 кіраўнік трупы «Балет XX стагоддзя» (Брусель), у 1987—92 заснавальнік і кіраўнік трупы «Балет Бежара ў Лазане». Ставіць сюжэтныя і бессюжэтныя сімф. балеты і сінт. спектаклі з выкарыстаннем розных відаў сцэн. мастацтва. Прынцыпова новае вырашэнне рытмічных і прасторава-часавых задач, элементы драм. ігры абумоўліваюць іх дзейснасць і дынамічнасць. Сярод пастановак: «Сімфонія для аднаго чалавека» (у гал. партыі — Бежар) П.​Шэфера і П.​Анры, «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.​Стравінскага, «Балеро» М.​Равеля, «9-я сімфонія» на музыку Л.​Бетховена, «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева, «Ніжынскі, клоун божы» на музыку П.​Чайкоўскага і Анры. Прэміі Тэатра нацый (1960, 1962), фестывалю танца (Парыж, 1965) і інш.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТАРКА,

мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.​Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.​Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.

М.​А.​Лазарук.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)