ДЖО́ПЛІН (Joplin) Скот

(24.11.1868, г. Тэксаркана, ЗША — 1.4.1917),

амерыканскі піяніст, кампазітар, джазавы спявак. Атрымаў вядомасць як аўтар і выканаўца фартэпіянных твораў (каля 50) у стылі рэгтайм, які паўплываў на стылістыку музыкі яго балета «Танцавальны рэг» (1902), оперы «Трыманіша» (1911), мюзікла «Калі» (1916) і інш. Сярод інш. твораў інстр. п’есы «Сцяг з кляновым лістом» (1899), «Канферансье», мелодыя якой — вядучая муз. тэма фільма «Афера» (1973) — адрадзіла цікавасць да яго творчасці. Аўтар падручніка «Школа рэгтайма».

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ДМЕН (Goodman) Бені

(Бенджамін Дэйвід; 30.5.1909, г. Чыкага, ЗША — 13.6.1986, амерыканскі джазавы віртуоз-кларнетыст, кампазітар, кіраўнік джаз-аркестра. З 1921 выступаў з рознымі (з 1934 з уласным) джазавымі калектывамі; адзін з першых практыкаваў сумеснае музіцыраванне неграў і белых. Адзін з заснавальнікаў стылю свінг (празваны «каралём свінгу»),

выпрацаваў індывід. віртуозна-імправізацыйны стыль ігры на кларнеце. Вядомы і як выканаўца акад. музыкі (у т. л. канцэрта В.А.Моцарта, а таксама прысвечаных Гудмену твораў для кларнета Б.Бартака, А.Копленда, П.Хіндэміта, І.Стравінскага, Д.Міё і інш.). Аўтар камерных джазавых твораў.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЕСПІ (Gillespie) Джон Бёркс [празваны Дызі

(Dizzy); 21.10.1917, г. Чыра, ЗША — 1993], амерыканскі джазавы музыкант (трубач, а таксама выканаўца на трамбоне, фп., ударных),

аранжыроўшчык, кампазітар. Вучыўся ў Ларынбергскім ін-це (1933—35, штат Паўн. Караліна). З 1935 у аркестрах Філадэльфіі і Нью-Йорка. У сярэдзіне 1940-х г. разам з Ч.Паркерам і інш. стварыў стыль джаза бібоп (боп). Выступаў са сваім квінтэтам, затым біг-бэндам; апіраўся на малы імправізац. ансамбль, выкарыстоўваў багатую рытмічную арнаментыку (упершыню выкарыстаў лац.-амер. ўдарныя). Стварыў шэраг мелодый, якія сталі эталонам стылю бібоп, зрабіў значны ўклад у распрацоўку інш. джазавых стыляў. Аўтар кампазіцыі «Брат Кінг» (1963), прысвечанай М.Л.Кінгу.

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,

першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б. СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.Камінская (жонка Рознера), З.Ларчанка, Л.Лямпель, А.Гольдберг, кампазітар і спявак А.Гарыс, трубач і паэт Ю.Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.Лявіцін, скрыпач П.Гофман, піяніст А.Дабрушкес, гітарыст Л.Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш. Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач. Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т.л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.

Я.З.Басін.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)