ПА́РКЕР ((Parker) Чарлі) (Чарлз Крыстафер; псеўд. Бёрд; Bird; 29.8.1920, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША — 12.3.1955),

амерыканскі джазавы музыкант, выканаўца на альт-саксафоне, кампазітар. Па паходжанні афраамерыканец. З 1935 выступаў з рознымі джазавымі калектывамі, адначасова ў квінтэце Дж.Гілеспі, з 1947 са створаным ім квінтэтам; іграў і са стр. аркестрам. Яго імправізацыі вызначаліся віртуознасцю, развітым рытмавым і дынамічным мысленнем, асаблівасцямі гуказдабывання і фразіроўкі, што надавала яго выкананню асіметрычнасць і неардынарнасць. Стварыў (разам з Гілеспі) джазавы стыль бібоп («Салёны арахіс», «Звычайная вышыня», 1945). Сярод інш. найб. вядомых кампазіцый: «Цяпер пара», «Канфірмацыя», «Сюіта хатняй птушкі», «Арніталогія»; канцэртны альбом «Квінтэт года» (разам з Гілеспі, 1953) і інш.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)