ДАШЧЫ́НСКІ (Юзаф) (1781, Вільня — 1844),

бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.​М.​Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.​Сальеры і «Белая дама» Ф.​А.​Буальдзьё, сімфоніі І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр. секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.​Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.​К.​Агінскага і К.​Курпінскага).

Літ.:

Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.

А.​Л.​Капілаў.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМО́ВЫЯ АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

сусветныя комплексныя спаборніцтвы па зімовых відах спорту. Праводзяцца з 1924 Міжнар. алімп. камітэтам 1 раз у 4 гады (у 1940 і 1944 не адбыліся). Месцы правядзення: I — г. Шамані (Францыя, 1924), II і V — г. Санкт-Морыц (Швейцарыя, 1928, 1948), III і XIII — г. Лейк-Плэсід (ЗША, 1932, 1980), IV — г. Гарміш-Партэнкірхен (Германія, 1936), VI — Осла (Нарвегія, 1952), VII — г. Корціна-д’Ампеца (Італія, 1956), VIII — г. Скво-Вэллі (ЗША, 1960), IX і XII — г. Інсбрук (Аўстрыя, 1964, 1976), X — г. Грэнобль (Францыя, 1968), XI — г. Сапара (Японія, 1972), XIV — г. Сараева (Югаславія, 1984), XV — г. Калгары (Канада, 1988), XVI — г. Альбервіль (Францыя, 1992), XVII — г. Лілехамер (Нарвегія, 1994), XVIII — г. Нагана (Японія, 1998). Бел. спартсмены выступаюць з 1964 (у складзе каманды СССР), у якасці самастойнай каманды з 1994—15-е месца па колькасці медалёў з 67 каманд; заваявалі 1 залаты медаль (Я.​Л.​Рэдзькін, біятлон, гонка на 20 км, 1992), 3 сярэбраныя (А.​У.​Папоў, біятлон, эстафета 4×7,5 км, 1992; І.​М.​Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 19.94; С.​В.​Парамыгіна, біятлон, 7,5 км, 1994), 4 бронзавыя (Р.​М.​Ачкіна, лыжныя гонкі, эстафета 3×5 км, 1968; Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 1988; А.​П.​Айдараў, біятлон, 20 км, 1998; Дз.​У.​Дашчынскі, фрыстайл, 1998).

У.​Г.​Майсееў.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СА,

цыклічны вак. ці вак.-інстр. твор на кананічны лац. тэкст. Выконваецца ў час імшы — цэнтр. абраду сутачнага цыкла богаслужэння каталіцкай царквы, аналагічнага правасл. літургіі. М. складаецца з ардынарыя (раздзелы, тэкст якіх павінен гучаць штодзённа) і пропрыя (раздзелы, тэкст якіх мяняецца ў залежнасці ад пэўнага свята ці рытуалу). Ардынарый уключае 5 частак: Kyrie eleison (Госпадзі, памілуй), Gloria (Слава ў вышніх богу), Credo (Верую), Sanctus (Свят) і Benedictus (Блаславён), Agnus Dei (Ягня божае). Тэкст М. звычайна спяваюць, некат. раздзелы выконваюць рэчытацыяй. Асн. разнавіднасці М. — рэквіем, кароткая М. (missa brevis, уключае Kyrie і Gloria) і «харальная». Інтанацыйная аснова М. — грыгарыянскі харал.

Яе раннія ўзоры аднагалосыя і ананімныя. Прыкладна з 14 ст. паявіліся аўтарскія хар. шматгалосыя творы (4-галосая Г. дэ Машо, 1364). У 15—17 ст. пераважалі хар. М. без суправаджэння Г.​Дзюфаі, І.​Окегема, Я.​Обрэхта, Жаскена Дэпрэ, А.​Ласа, Дж.​Палестрыны, Дж.​Габрыэлі, К.​Мантэвердзі. У 18—19 ст. М. ўключае сольныя, хар. і аркестравыя нумары (сярод узораў — «Высокая меса» І.​С.​Баха, «Урачыстая меса» Л.​Бетховена, М. c-moll В.​А.​Моцарта). Уплыў эстэтыкі рамантызму відавочны ў месах Ф.​Шуберта, Ф.​Ліста, А.​Брукнера. У 20 ст. М. пісалі Л.​Яначак, І.​Стравінскі, Ф.​Пуленк, А.​Месіян і інш.

На Беларусі захаваліся шматлікія нотныя рукапісы з творамі ў жанры М., большасць якіх ананімныя або падпісаны імем перапісчыка ці ўласніка рукапісу (Міхалевіча з Полацка, М.​Кніфкі з Гродна, Нікалаеўскага са Слоніма, рукапісы з Нясвіжа і інш., усе 18 ст.). Сярод аўтараў М. 18 ст. Шымкевіч, В.​Данькоўскі, полацкі езуіт Лаўрыновіч (верагодна), у 19 ст. — Баброўскі, Ф.​Міладоўскі, С.​Манюшка, І.​Глінскі, К.​Горскі, Ю.​Дашчынскі і інш. У сучаснай бел. музыцы да жанру М. звяртаюцца Л.​Шлег (рэквіем «Помніце!», 1980), В.​Капыцько («Меса ў гонар Св. Францыска Асізскага», 1993, і інш.), А.​Літвіноўскі («Грыгарыянская меса», 1994).

Т.​А.​Цітова.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),

кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.

Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст, па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.​Мозель, К.​М.​Вебер, Л.​Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.​Бетховенам, Г.​Берліёзам, Ф.​Лістам, Ф.​Мендэльсонам) — Р.​Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.​Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.​Рыхтэр, Г.​Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.​Нікіш, Я.​Ферэнчык (Венгрыя), Ф.​Мотль, Ф.​Вейнгартнер, К.​Мук, Р.​Штраус, Б.​Вальтэр, В.​Фуртвенглер, О.​Клемперэр, Г.​Абендрот, К.​Мазур, К.​Зандэрлінг (Германія), А.​Тасканіні, К.​Абада (Італія), П.​Манцё, Ш.​Мюнш, А.​Клюітэнс, І.​Маркевіч (Францыя), Т.​Бічэм, А.​Боўлт, А.​Коўтс (Вялікабрытанія), В.​Бярдзяеў, Г.​Фітэльберг (Польшча), В.​Менгельберг (Нідэрланды), Л.​Стакоўскі, Дж.​Сел, Л.​Бернстайн (ЗША), Э.​Ансермэ (Швейцарыя), Д.​Мітропулас (Грэцыя), В.​Таліх (Чэхія, Славакія), Л.​Матачыч (Югаславія), Дж.​Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.​Пашкевіч, І.​Хандошкін, М.​Балакіраў, Э.​Напраўнік, А. і М.​Рубінштэйны, 20 ст. — М.​Галаванаў, С.​Кусявіцкі, А.​Пазоўскі, С.​Рахманінаў, С.​Самасуд, В.​Сафонаў, В.​Сук, пазней А.​Гаўк, В.​Гергіеў, В.​Дударава, І.​Зак, К.​Іваноў, К.​Кандрашын, Д.​Кахідзе, Дз.​Кітаенка, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, І.​Мусін, Н.​Ніязі, Г.​Раждзественскі, Н.​Рахлін, Я.​Свягланаў, Ю.​Сіманаў, К.​Сімяонаў, У.​Співакоў, Ю.​Фаер, У.​Федасееў, Б.​Хайкін, Ю.​Цемірканаў, А.​Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.​Дабравольскі, Ю.​Дашчынскі, браты В. і Д.​Стафановічы, у 20 ст.хар. дырыжоры М.​Дрынеўскі, А.​Кагадзееў, Н.​Ламановіч, І.​Мацюхоў, Г.​Пятроў, В.​Роўда, Г.​Цітовіч, Р.​Шырма, Л.​Яфімава, нар. аркестра — І.​Жыновіч, Дз.​Захар, М.​Казінец, оперна-сімф. — І.​Абраміс, А.​Анісімаў, Б.​Афанасьеў, Я.​Вашчак, І.​Гітгарц, Н.​Грубін, В.​Дуброўскі, Т.​Каламійцава, М.​Калядка, Л.​Любімаў, Л.​Лях, У.​Машэнскі, Г.​Праватораў, Ю.​Цырук, А.​Энгельбрэхт, Ю.​Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.​Бяльзацкі, Б.​Райскі, Э.​Рознер, М.​Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел. акадэмія музыкі, Бел. ун-т культуры.

Літ.:

Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;

Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;

Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;

Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 6, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),

мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.

Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.​Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.​Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.

У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.​Гюго, А.​Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.​Санд, Э.​Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.​Р.​Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.​Ламарцін, А.​Мюсэ, Ш.​А.​Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.​Вордсварт, С.​Т.​Колрыдж, Р.​Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.​Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.​Байран, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.​Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.​Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.​Г.​Вакенродэр, Наваліс, Л.​Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.​Брэнтана, Л.​Арнім, Г.​Кляйст, А.​Шаміса, Г.​Гейнэ, браты Грым, І.​Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.​Леапардзі, У.​Фоскала, А.​Мандзоні (Італія), Ш.​Пецёфі (Венгрыя), А.​Эленшлегера (Данія), Э.​Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.​Радзічавіча (Сербія), Я.​Колара (Чэхія), Я.​Краля (Славакія), В.​Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.​Ірвінг, Дж.​Ф.​Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.​Хотарн, Э.​По, Г.​Мелвіл, Г.​Лангфела, Р.​У.​Эмерсан, Г.​Д.​Тора, Э.​Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.​Рылеева, В.​Кюхельбекера, А.​Адоеўскага, А.​Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.​Жукоўскага, Я.​Баратынскага, К.​Бацюшкава, І.​Казлова, А.​Пагарэльскага, Ф.​Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.​Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.​Лермантава і М.​Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.

У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, У.​Сыракомля, В.​Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел. рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.​Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.​Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.​Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.​Караткевіча, Я.​Брыля, І.​Навуменкі, А.​Карпюка і інш.

У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.

Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.​Гро. Ж.​Л.​Давід, П.​Ж.​Давід д’Анжэ, А.​Дам’е, Э.​Дэлакруа, Т.​Жэрыко, П.​П.​Прудон, Ф.​Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.​Рунге, І.​Г.​Фюслі), пейзаж (К.​Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.​Бонінгтан, Дж.​Констэбл, У.​Тэрнер) і ЗША (Дж.​Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.​Матэйка, П.​Міхалоўскі (Польшча), І.​Манес, І.​Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.​Кіпрэнскага, В.​Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.​Брулова, Ф.​Бруні, Ф.​Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.​Іванава, П.​Фядотава.

На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.​Дмахоўскі, Я.​Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.​Бартэльса, Б.​Клямбеўскага, Я.​Манюшкі, Р.​Слізня, сфарміравалася творчасць М.​Э.​Андрыёлі.

У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.​А.​Гофмана, К.​М.​Вебера (Германія), Н.​Паганіні, Дж.​Расіні (Італія), Дж.​Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.​Шапэна (Польшча), Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, Р.​Вагнера (Германія), Г.​Берліёза, Дж.​Меербера (Францыя), Ф.​Ліста (Венгрыя), В.​Беліні, Дж.​Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.​Брамса (Германія), А.​Брукнера, Х.​Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.​Малера (Аўстрыя), Р.​Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.​Вярстоўскі, пазней П.​Чайкоўскі, С.​Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.​Метнер, А.​Скрабін, Вердзі, Ж.​Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл. Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.​Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.​Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.

Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел. нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.​Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).

Літ.:

Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;

История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;

Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;

Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;

Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;

Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;

Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;

Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;

Романтизм в музыке. Мн., 1999;

Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;

Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;

Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.

М.​С.​Рагачэўская (літаратура, выяўленчае мастацтва), В.​Я.​Буйвал (бел. выяўленчае мастацтва), А.​М.​Кулагін (архітэктура), Т.​А.​Цітова (музыка).

Да арт. Рамантызм. Э.​Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.
Да арт. Рамантызм. І.​Г.​Фюслі. Жах. 1790—91.
Да арт. Рамантызм. К.​Д.​Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.
Да арт. Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)