МАРЫЯ СЦЮ́АРТ (Mary Stuart; 7 ці 8.12.1542, г. Лінлітгаў, Вялікабрытанія — 8.2.1587),
каралева Шатландыі [з 1542, фактычна ў 1561—67] і Францыі (1559—60]. Дачка Якава V Шатландскага і Марыі Гіз (рэгентша ў час маленства М.С.). У 1548—61 жыла ў Францыі, з 1558 жонка франц.дафіна (з 1559 кароль Францыск II), пасля смерці якога ў 1561 вярнулася ў Шатландыю. Як праўнучка Генрыха VII (гл.Генрых, англ. каралі) прэтэндавала на англ. прастол. Апіралася на шатл. католікаў, што выклікала ў 1567 паўстанне шатл. кальвінісцкай знаці. Абвінавачаная ў саўдзеле ў забойстве свайго другога мужа лорда Дарнлі ў 1567 адраклася ад прастола на карысць сына (шатл. кароль Якаў VI; з 1603 англ. кароль Якаў I), у 1568 эмігрыравала ў Англію, дзе паводле загаду Лізаветы I была зняволена. Праз 19 гадоў абвінавачана ў падрыхтоўцы шэрагу змоў католікаў супраць Лізаветы, асуджана і пакарана смерцю. Трагічнаму лёсу М.С. прысвечаны літ. творы В.Альф’еры, Ф.Шылера, Ю.Славацкага, С.Цвэйга і інш.
Літ.:
Биркин К. Временщики и фаворитки XVI, XVII и XVIII столетий. М., 1992. Т. 1. С. 331—371;
Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ННА Д’АРК (Jeanne d’Arc; 1410 ці 1412, Дамрэмі-ла-Пюсэль, Францыя — 30.5.1431),
нацыянальная гераіня Францыі, якая ўзначаліла адзін з этапаў вызв. барацьбы франц. народа супраць англічан у Стогадовую вайну 1337—1453. З сял. сям’і. Апантаная містычнай верай у сваё прызначэнне вызваліць Францыю ад англічан, 4.3.1429 прыбыла ў г. Шынон, дзе дамаглася падтрымкі дафіна Карла. 8.5.1429 франц. войска на чале з Ж.д’А. зняло аблогу англічан з Арлеана (у народзе яе сталі называць Арлеанскай дзевай). Пасля шэрагу перамог яна павяла армію ў Рэймс, дзе 17.7.1429 адбылася каранацыя Карла VII. У вер. 1429 франц. войскі на чале з Ж.д’А. няўдала штурмавалі Парыж. 23.5.1430 у час дапамогі г. Камп’ен, абложанаму саюзнікамі англічан бургундцамі, Ж.д’А. узята ў палон і выдадзена англічанам. У лют. — маі 1431 на царк. судзе ў Руане яна абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве і спалена на кастры. 7.7.1456 рэабілітавана, 16.5.1920 кананізавана. Вобраз Ж.д’А. шырока адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Вальтэр, Ф.Шылер, М.Твэн, Б.Шоу, Ж.Ануй), выяўл. мастацтве (Ж.Басцьен-Лепаж, П.Дэларош, Я.Матэйка і інш.), музыцы (Ф.Ліст, Дж.Вердзі, П.І.Чайкоўскі, А.Анегер).
Літ.:
Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк:Пер. с фр.М., 1992.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт Жанна д’Арк. Спаленне Жанны д’Арк 30.5.1431 на плошчы Старога Рынку ў Руане. Фрагмент фрэскі ў Пантэоне. Парыж. Мастак Ж.Ланепво. 19 ст.