ДУ́КТАЎ Уладзімір Уладзіміравіч (н. 28.12.1953, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у прэсе, на парт. рабоце. З 1994 сакратар Магілёўскага абл.аддз. СП Беларусі. Друкуецца з 1986. Аўтар кн. прозы «Дзякуй і даруй» (1993), «Трэцяя асоба» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРО́ТАК,
слова або спалучэнне слоў, якім называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай. У бел. мове выражаецца назоўным склонам назоўніка ці інш. часцінай мовы («Даруйце, любыя! Даруй, матуля!»), а таксама клічнай формай («Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку»), Сінтаксічна З. са сказам не звязаны і членам сказа не бывае. Можа стаяць у пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Каб узмацніць эмацыянальнасць, З. суправаджаюць выклічнікам і інш. словамі эмацыянальнай ацэнкі: «О, край мой любімы, як многа прыволля, і думам, і працы бяскрайні прастор».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БНІС (Bubnys) Вітаўтас (н. 9.9.1932, в. Чудзішкяй Прэнайскага р-на, Літва),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі пед.ін-т (1957). Друкуецца з 1953. Аўтар кніг апавяданняў «Пахучы аер» (1967), «Белы вецер» (1974), аповесцяў «Рамунас» (1964), «Арберон» (1969) і інш. Раманы «Галодная зямля» (1971), «Пад летнім небам» (1973; за абодва Дзярж. прэмія Літвы 1974), «Красаванне нясеянага жыта» (1976), пра гіст. лёс літоўскага сялянства; «У гадзіну поўні» (1980), «Запрашэнне» (1983), «Даруй грахі нашы» (1989), «Няхай адкрыюцца твае вочы» (1993) пра жыццё інтэлігенцыі, яе маральную і грамадз. адказнасць. На бел. мову асобныя творы Бубніса пераклаў У.Яцко (у зб. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЕ́РЫНА Юдзіф Самойлаўна (18.3.1914, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 12.4.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—40), у абл.драм. т-рах Пінскім (1940—41, 1945—54) і Магілёўскім (1954—84). Выканаўца характарных роляў. Акрэсленасць і дакладнасць псіхал. распрацоўкі вобраза спалучаліся з яркім знешнім малюнкам. Сярод роляў: Агата, Паланея («Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), Насця («Несцерка» В.Вольскага), Бабуля Ціханаўна («Даруй мне» К.Губарэвіча), Лявоніха («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Негіна, Аксюша («Таленты і паклоннікі», «Лес» А.Астроўскага), Нэнсі («Замак Броўдзі» паводле А.Кроніна), Клара Цэханасьян («Візіт старой дамы» Ф.Дзюрэнмата).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАКО́Ў Анатоль Абрамавіч (31.3.1921, г. Растоў-на-Доне, Расія — 10.4.1990),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў студыю т-ра імя М.Горкага ў Растове-на-Доне (1940). Працаваў у т-рах Расіі. З 1955 у Магілёўскім абл.драм. т-ры. Выконваў гераічныя і характарныя ролі. Сярод работ: Кусонскі, Стрыжэўскі («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.Губарэвіча), «Камандзір браняпоезда» («Дні нашага нараджэння» І.Мележа), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Баян («Клоп» У.Маякоўскага), Судакоў («Гняздо глушца» В.Розава), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Вурм, Лейстэр («Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), доктар Ранк («Нора» Г.Ібсена). Зняўся ў тэлефільме «Атланты і карыятыды».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФМО́ЎКА,
размяшчэнне канцавых рыфмаў у строфах вершаванага твора. Р. характарызуецца месцам і колькасцю зарыфмаваных слоў. Па месцы рыфмаў бывае сумежнай (аабб), перакрыжаванай (абаб), апаясной, або кальцавой (абба). Напр., сумежная Р.:
Дарогі доўгія ў жыцці
Нам без памылак не прайсці.
Ад невялікіх — не гаруй,
Ёсць слова добрае — «даруй»!
(П.Броўка. «Дарогі доўгія ў жыцці...»
перакрыжаваная Р.:
Знят з узбраення,
бо ўстарэў зусім
Славуты «максім»,
кулямёт станковы
А ты ўсё не старэеш,
Танк Максім, —
Гады ідуць, а ты штодзённа новы...
(М.Аўрамчык. «...Калі запеў ты некалі ў гаі»)
апаясная Р.:
Мой народ жыве каля крыніц.
Мой народ любому дасць напіцца,
Акрамя гвалтоўнікаў і хціўцаў,
Акрамя забойцаў — чужаніц.
(Л.Дайнека. «Мой народ жыве каля крыніц...»)
Свой парадак Р. характэрны для цвёрдых форм верша (тэрцыны, секстыны, актавы і інш.), а таксама для строф, звязаных ланцуговымі і скразнымі рыфмамі. Па колькасці канцавых сугуччаў Р. бывае парная, трайная, чацвярная, шматкратная, манарыфма, тэрнарная, кватэрнарная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯВО́РСКІ Станіслаў Іванавіч (16.4.1915, г. Брэст — 5.2.1988),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыў студыю БДТ-1 (1938), працаваў у гэтым т-ры. З 1939 у Заслаўскім калгасна-саўгасным, у 1939—41 і з 1945 у Пінскім, у 1954—85 у Магілёўскім абл.драм. т-рах. Акцёр характарнага плана. Яго мастацтву ўласцівы сцэн. выразнасць, дакладны малюнак ролі, мяккі гумар, шчырасць і прастата. Сярод роляў: у Заслаўскім т-ры — Маргун, Шмігельскі («Партызаны» К.Крапівы); у Пінскім т-ры — Левановіч і Нічыпар, Здаравеня («Хто смяецца апошнім». «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Суддзя («Несцерка» В.Вольскага), фон Кубэ («Гэта было ў Мінску» А.Кучара), патэр Сарыні («Іспанцы» М.Лермантава), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Лешч («Апошнія» М.Горкага), Аркадзь («Платон Крэчат» А.Карнейчука); у Магілёўскім т-ры — Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» Макаёнка), Мякішаў («Пад адным небам» А.Маўзона), Мікалай II, Мікіта Сямёнавіч («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.Губарэвіча), Дульскі («Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай), клоун Бом («Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.Баравіка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБАРЭ́ВІЧ Кастусь (Канстанцін Лявонавіч; 5.1.1907, в. Радучы Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 3.7.1987),
бел.драматург.Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1927), Дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1932). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Палеская праўда», на кінафабрыцы Белдзяржкіно і Бел. радыё, з 1949 — у газ. «Літаратура і мастацтва», на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1966—74 у Мін-ве культуры Беларусі. У 1926 дэбютаваў вершамі і апавяданнямі. Першая кніга — зб. апавяданняў «Гайда туды і жывыя шрубы» (1930). Разам з І.Дорскім напісаў драму «Цэнтральны ход» (паст. 1948) і лірычную камедыю «Алазанская даліна» (паст. 1949). Аўтар гісторыка-рэв. і ваенна-патрыят. п’ес «Цытадэль славы» (паст. 1949, пад назвай «Брэсцкая крэпасць» 1953), «Простая дзяўчына» (паст. 1953), «На крутым павароце» (паст. 1956), «Галоўная стаўка» (паст. 1957), «Далёкая песня» (паст. 1962), «А куды ж нам падзецца» (паст. 1963), «Салодкі месяц» (паст. 1970), «Брэсцкі мір» (паст. 1969), «Партызанская зона» (паст. 1976), «Даруй мне» (паст. 1980) і інш., у якіх вастрыня і драматызм канфліктаў, дынамічнасць сюжэтаў, дакументальнасць грамадсказначных фактаў. Выступаў як кінадраматург: сцэнарыі фільмаў «Баям насустрач» (1932, з Я.Гезіным і К.Мінецам), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1958, з Я.Рысам), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
П’есы. Мн., 1969;
Анютина дорога: Киноповести. Мн., 1980;
Драмы і камедыі. Мн., 1981.
Літ.:
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1972. Кн. 2. С. 86—118;
Усікаў Я. Грамадзянскае сумленне мастака. Мн., 1976. С. 186—192;
Гаробчанка Т. Час вымяраецца здабыткамі // Полымя. 1976. № 12;
Колос Г. Его писательская ясность // Неман. 1987. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСА́ЛЬМЫ,
духоўныя канты. Выкарыстоўваюць сюжэты з Бібліі, з яўрэйскай Агады, агіяграфічнай (жыційнай) л-ры, гістарычныя, сац.-бытавыя падзеі і інш. Уключаюць разнастайныя жанры (гімны, філас.-маралістычныя, замілавальныя, пакаянныя, малітоўныя, услаўляльныя, эсхаталагічныя, апакаліптычныя, П.-калядкі, велікодныя і інш.). Рэлігійная тэматыка ў П. трактуецца вольна. П. былі паказальнікам гуманіст. мастацтва эпохі Адраджэння і барока. Значны ўплыў на іх меў рэфармацыйны рух.
П. маюць лац. вытокі. Лац. П. апрацоўваліся ў стылі канкрэтнай эпохі: ars nova як спяванне ў суправаджэнні 2 інструментаў; у перыяд Адраджэння як рэчытацыя на фоне акордаў з багатай уступнай мелізматыкай, сярэдзіннай і заключнай кадэнцыяй, таксама ў форме прымітызаванага матэта; у перыяд позняга Адраджэння — шматхоравасць. Пачынаючы з барока, П. становяцца асновай шматлікіх кампазіцый для сольных галасоў, хору, аргана і аркестра.
Першая бел. П. — гімн-кант «Багародзіца» (спявалі бел. палкі ў час Грунвальдскай бітвы 1410). П. ўваходзілі ў рукапісныя і друкаваныя Багагласнікі, вядомыя на Беларусі (з 15 ст.) і Украіне. З сярэдзіны 17 ст. пашырыліся ў Расіі праз бел. і ўкр. «васпевакоў», выхадцаў з бел. і ўкр. зямель. Ўвайшлі ў шматлікія зб-кі П. і кантаў 17—18 ст. Вытокі літ. П. — у прафес. і нар. песеннай сілабічнай паэзіі, муз. — у бытавой зах.-еўрап. музыцы, усх.-слав.муз. фальклоры, а таксама стараж.-рус. і бел. знаменным роспеве. Вядомы П., прысвечаныя Хрысту, Марыі, святым, гіст. і сац. падзеям і інш. (напр., кант-гімн Афанасія Філіповіча «Даруй спакой царкве сваёй, Хрысце Божа»), Шматлікія П. і канты фалькларызаваліся і ўвайшлі ў калядны, вясельны, валачобны, пахавальны абрады беларусаў. Яны суправаджалі паказ батлейкі, з імі хадзілі хрыстаславы. Увайшлі ў рэпертуар лірнікаў. У 17 ст. з’явіліся першыя бел. лірычныя канты. Збор П. — «Псалтыр рыфматворная» Сімяона Полацкага (1678), пакладзеная на музыку В.Цітовым, — выдатны помнік бел.-рус. культуры. Тэксты П. захавалі беларусізмы, украінізмы, паланізмы. Музыка заснавана на бел.-ўкр. папеўках і мелодыях, а таксама на бел. знаменным спеве. На ўзор П. складаліся першыя рус. канты. П. і канты захаваліся ў нар. побыце.