Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЗВУГЛЯРО́ДЖВАННЕ,
памяншэнне колькасці вугляроду ў паверхневых слаях сталяў і сплаваў пры награванні ў асяроддзі кіслароду ці вадароду. Пагаршае ўласцівасці матэрыялаў. Дрэнны ўплыў абезвугляроджвання змяншаюць награваннем матэрыялаў у ахоўным асяроддзі ці ў вакууме, скарачэннем часу ўздзеяння т-ры і інш. Абезвугляроджаны слой здымаюць мех. спосабам ці адпалам у аднаўляльных газавых сумесях. Абезвугляроджванне карыстаюцца для паляпшэння ўласцівасцяў металаў і сплаваў, у якіх вуглярод — непажаданы дамешак (напр., апрацоўка трансфарматарнай нержавейнай сталі ў спец. газавым асяроддзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКО́ЛЬ (Agrostemma),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі — К. звычайны (A. githago), нар. назвы зязюльчын лён, тугаль. Трапляецца рэдка. Расце як пустазелле ў пасевах збожжавых культур, на папарах і чыг. насыпах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 40—70 см. Сцябло апушанае, прамастойнае ці слабагалінастае. Лісце лінейнае, супраціўнае. Кветкі буйныя, цёмна-ружовыя, часам белыя. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне ядавітае, дамешак яго ў муцэ і кармах небяспечны для чалавека і жывёлы. Лек расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЫГАРСКІ́Т (назва ад Палыгорскага радовішча на Урале),
гліністы мінерал падкласа ланцуговых сілікатаў, водны сілікат магнію, Mg2Al2[Si8O20](OH)2∙8H2O. Мае пераменны хім. састаў. Крышталізуецца ў рамбічнай, радзей манакліннай і трыкліннай сінганіях. Утварае зблытана-валакністыя, зямлістыя, губкава-валакністыя, ліставатыя агрэгаты. Колер белы з жаўтавата-шараватымі адценнямі. Цв. 2—3. Шчыльн. 2—2,3 г/см³. Трапляецца ў корах выветрывання магнезіяльных парод, у выглядзе тонкіх налётаў і праслояў у трэшчынах, як дамешак мантмарыланітавых і інш. глін, мергеляў, вапнякоў. Выкарыстоўваецца для свідравальных раствораў, як цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял, сарбент і каталізатар у нафтахіміі; у металургічнай, атамнай прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́НСІЯў фізіцы,
дэфект крышталя, калі ў вузле крышталічнай рашоткі адсутнічае атам. Узнікае ў выніку цеплавых ваганняў атамаў, пры радыяцыйным апрамяненні, пластычнай дэфармацыі. Вакансіі абменьваюцца месцамі з суседнімі атамамі і хаатычна рухаюцца па крышталі. Рух вакансій — асн. прычына самадыфузіі (перамешвання атамаў у крышталях) і гетэрадыфузіі (узаемнай дыфузіі крышталёў, якія кантактуюць). Вакансіі могуць аб’ядноўвацца і ўтвараць складаныя дэфекты (ды- і трывакансіі, кластэры), а таксама спалучацца з дамешкамі і ўтвараць комплексы вакансій-дамешак. Наяўнасць вакансій істотна ўплывае на ўласцівасці крышталёў і фіз. працэсы (шчыльнасць, іонную праводнасць, унутр. трэнне, тэрмаапрацоўку, рэкрышталізацыю і інш.).
Літ.:
Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПЫ,
прадукт харчавання, які складаецца з цэлых або здробненых зярнят крупяных культур, а таксама збожжавых і бабовых. Маюць высокія пажыўныя і смакавыя якасці, добра разварваюцца і засвойваюцца арганізмам. Маюць у сабе 65—75% вугляводаў, 7,6—13% бялкоў, 0,8—2,5% тлушчаў (у аўсяных да 6,5%).
Бываюць грэцкія, рысавыя, ячныя, аўсяныя, пшанічныя, кукурузныя, гарохавыя, а таксама манныя (з пшаніцы), прасяныя і інш. Ёсць К. з сумесі некалькіх мучністых кампанентаў крупяных і збожжавых культур, да якіх дадаюць цукар, сухое малако і інш. Да К. адносяцца аўсяныя, кукурузныя і пшанічныя шматкі. Тэхнал. працэс вырабу К. складаецца з ачысткі зерня ад дамешак і абалонак, тэрмічнай апрацоўкі (прапаркі, сушкі — аўса, гароху, кукурузы), шліфоўкі і паліравання зерня, сартавання яго на фракцыі і інш. З К. робяць харч. канцэнтраты, гатуюць кашы, супы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЎ (Канстанцін Васілевіч) (25.9.1904, в. Лінёва Ніжагародскай вобл., Расія — 26.7.1988),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад.АН Беларусі (1938). Засл. дз. нав. і тэхн.БССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1930). У 1938—47 прэзідэнт АН Беларусі, у 1947—49 дырэктар Фізіка-тэхн. ін-та, у 1969—73 віцэ-прэзідэнт, в.а. акадэміка-сакратара Аддз. фізіка-тэхн. навук АН Беларусі. Навук. працы па структурных ператварэннях металаў і сплаваў. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў і мадыфікавальных дамешак на працэс крышталізацыі і ўласцівасці высокатрывалага чыгуну, уплыў алюмінію, тытану, малібдэну, вальфраму і ванадыю на фазавы састаў, структуру і ўласцівасці гарачатрывалых сплаваў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Кинетика и механизм разупрочнения некоторых стареющих сплавов (разам з Р.Л.Тафпенец) // Кинетика и механизм кристаллизации. Мн., 1973;
Фазовые равновесия в сплавах Fe—Cu и Fe—C—Cr (разам з Л.А.Шаўчуком) // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РГЕЛЬ (ням. Mergel),
асадкавая горная парода змешанага глініста-карбанатнага складу. Колер светлы, пераважна шэры, з рознымі адценнямі. Тэкстура сланцаватая, аалітавая, мелападобная, шчыльная, зямлістая, камякаватая. Парода глеістая, у вільготным стане пластычная, пасля высыхання рыхлая. Вылучаюцца гліністы М. (25—50% карбанатаў), уласна М. (50—75%) і вапнавы М. (75—95%). У залежнасці ад дамешак адрозніваюць М. даламітавыя, крэменязёмістыя, пясчаныя, глаўканітавыя і інш. Утвараецца пераважна ў марскіх умовах, а таксама на дне азёр, у тарфяных балотах, на вільготных лугах. Трапляецца ў адкладах ад верхняга пратэразою да антрапагену. Заляганне пластавое, радзей лінзападобнае. Шырока выкарыстоўваецца ў цэм. прам-сці. На Беларусі для вытв-сці цэменту, буд. матэрыялу і вапнавых угнаенняў здабываецца М. марскога паходжання. Найб. радовішча Камунарскае (Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.), дзе прамысл. запасы складалі 386,5 млн.т (1999). Выяўлена таксама 300 пакладаў вапнавага прэснаводнага М. з агульнымі запасамі да 200 млн.т.
Літ.:
Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІ́РАВАННЕ (ням. legieren сплаўляць ад лац. ligare звязваць, злучаць),
увядзенне ў метал. сплавы спец. элементаў-дамешкаў для надання ім патрэбных фіз., хім., мех. і тэхнал. уласцівасцей.
Легіруюць звычайна расплаўленыя сплавы, часам — цвёрдыя (т.зв. паверхневае Л. — дыфузійная металізацыя, напр., алітаванне, азатаванне, берылізацыя, цэментацыя). У якасці легіруючых элементаў пры Л. жалезавугляродзістых сплаваў (сталей, чыгуну) выкарыстоўваюць хром, нікель, малібдэн, марганец, крэмній, вальфрам, ванадый, тытан і інш.; пры Л. каляровых металаў і сплаваў — цынк, алюміній, крэмній, медзь, марганец, магній і інш. Легіруючыя элементы могуць утвараць з асн. металам (сплавам) эўтэктыкі, цвёрдыя растворы, хім. злучэнні (карбіды, аксіды, нітрыды), якія надаюць сплаву новыя ўласцівасці. На аснове Л. створаны легіраваная сталь, легіраваны чыгун, бронза, дуралюмін, сілумін і інш. Л. наз. таксама дазіраванае ўвядзенне пабочных атамаў, дамешак, структурных дэфектаў унутр цвёрдага цела (пераважна паўправаднікоў) бамбардзіроўкай іх паверхні іонамі (іоннае Л.) для змены эл. уласцівасцей. Л. вядома са старажытнасці (пра гэта сведчаць знойдзеныя ўзоры халоднай зброі). У Расіі з 1830-х г.прамысл. доследы Л. праводзіў П.П.Аносаў. Ён распрацаваў тэорыю і тэхналогію выплаўкі легіраванай сталі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗ, лём (Ulmus),
род кветкавых раслін сям. вязавых. Каля 45 відаў. Многія віды вяза вядомы пад назвамі бераст, карагач, лём і інш. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: вяз гладкі, або звычайны (Ulmus laevis); голы, або горны (Ulmus glabra); малы, або грабалісты, бераст, карагач (Ulmus minor); шурпаты (Ulmus scabra). Растуць як дамешак у падросце і другім ярусе пераважна ў шыракалістых лясах на глебах з праслойкамі карбанатаў, асабліва ў далінах рэк. У паўд. раёнах трапляецца разнавіднасць вяза малога з коркавымі нарасцямі на ствалах і галінках, якую іншы раз разглядаюць як асобны від — вяз коркавы (Ulmus suberosa). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 10 відаў, з іх у зялёным будаўніцтве выкарыстоўваюцца вяз амерыканскі (Ulmus americana), прысадзісты (Ulmus pumila) і чырвоны (Ulmus rubra).
Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя аднадомныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты з шырокацыліндрычнай густой кронай. Лісце суцэльнае, чаргаванае, двухзубчастае з ланцэтнымі прылісткамі. Кветкі двухполыя, дробныя, непрыкметныя, у пучках або галоўках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — сухі сціснуты крылападобны арэшак (крылатка). Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве, добра пераносяць падстрыганне, перасадку, маюць шмат садовых формаў. Драўніна ідзе на сталярныя вырабы, вытв-сць мэблі і інш. Добрыя дубільнікі, меданосы і перганосы.