Даманава (в.) 4/128; 5/39 (к.), 40

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Грыўда; чыг. ст. на лініі Брэст—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПнУ ад Івацэвіч, 155 км ад Брэста. 1400 ж., 541 двор (1997). Вытв.-гандл. камбінат. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. За 3 км ад Д. магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА (Святлана Уладзіміраўна) (н. 18.9.1963, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1982), Бел. АМ (1991). Разнастайная па тэматыцы творчасць пабудавана на кантрастах: работы ў алеі яркія, дынамічныя (трыпціх «Музыканты», «Сасуд», абедзве 1995), у тэмперы — больш мяккія, у блакітна-бірузовым, ружова-пастэльным каларыце (трыпціх «Стыхіі», 1994, «Эўрыдыкі» 1997). Свет створаных ёй вобразаў непаўторны, сімвалічны і сведчыць пра пошук уласнай адметнай стылістыкі.

С.Даманава. «Сасуд». 1995.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 24.12.1958, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1978). У ранняй творчасці сімволіка-алегарычнае асэнсаванне рэчаіснасці (серыя з 9 работ «Успамін пра Русь», 1989—90). У творах «Збіральнікі галля» (1994), «Збіральнікі камення» (1995), «Малітва» (1997) і інш. асацыятыўна-філас. трактоўка вобразаў, увасобленая праз нюансавы колеравы лад. Працуе таксама ў плакаце («Не парушаць экалагічную раўнавагу!», «У што веру?»).

А.​І.​Атраховіч.

В.Даманава. Работа з серыі «Успаміны пра Русь». 1989—90.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬКА,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Шчара. Цэнтр сельсавета. За 27 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, 163 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Даманава. 824 ж., 352 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРО́МЫСЛЬ,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Шчара. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на ПнУ ад Івацэвіч, 166 км ад Брэста, 24 км ад чыг. ст. Даманава. 688 ж., 309 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом. культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1874).

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Івацэвіцкім р-не Гомельскай вобл., за 16 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, каля в. Даманава. Створана ў 1954. Пл. 1,82 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,82 млн. м³. Чаша вадасховішча — ч. поймаў Шчары і Грыўды, агароджана дамбай даўж. 6,75 км. Напаўняецца вадой р. Шчара, якая паступае праз шлюзы з Чамялынскага вадасх., размешчанага вышэй па цячэнні. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і рыбагадоўлі.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ЦЕНЬ,

вёска ў Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, 163 км ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Даманава. 2108 ж., 1104 двары (1995).

Вядомы з 16 ст. як двор і мяст. Слонімскага пав. ВКЛ. Належаў М.​Пяткевічу, кн. С.​Адзінцэвічу і Ф.​Галаўні, Я.​Карыцкаму, Я.​Хадкевічу, Трызнам, базыльянскаму манастыру, Тызенгаўзам і інш. У 1766—1914 у Быцені працавала Быценская суконная фабрыка. З 1795 мястэчка Слонімскага пав. Рас. імперыі. У 1858 — 975 ж., 134 двары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—57 цэнтр Быценскага р-на. У 1957—62 і з 1965 у Івацэвіцкім р-не, у 1962—65 у Бярозаўскім р-не. У 1970 — 2292 ж., 699 двароў. Дрэваапр. прадпрыемства. У Быцені сярэдняя школа, школа-інтэрнат, муз. школа, клуб, 4 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Быценская капліца, касцёл (19 ст.).

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял. Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс. чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г. Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ГАСНАЯ СЫРАВІ́НА,

адходы жыццезабеспячэння і жыццядзейнасці грамадства, якія пасля адпаведнай апрацоўкі могуць выкарыстоўвацца як вытв. або энергет. сыравіна. Уключае адходы прамысл. вытв-сці, буд-ва (рэшткі металаў, драўніны, шкла), прамысл. вырабаў (брак дэталей, зношаныя аўтапакрышкі), бытавыя (макулатура) і інш.

Неабходнасць выкарыстання Д.с. абумоўлена неўзнаўляльным памяншэннем карысных выкапняў і сыравінных энерганосьбітаў, абмежаванасцю самааднаўлення арган. матэрыялаў расліннага паходжання, таксама эфектыўнасцю. Напр., кошт выплаўкі сталі з металалому ў 10 разоў меншы, чым з руды, медзі — у 5, алюмінію — у 6, прычым затраты эл. энергіі ў 25 разоў; з 1 т косці атрымліваюць 160 кг клею, 110 кг тэхн. тлушчу і 420 кг касцявой мукі.

У Беларусі нарыхтоўкай Д.с. (гл. табл.) займаюцца канцэрн «Белдругрэсурсы» і «Белкаапсаюз», перапрацоўкай — розныя прадпрыемствы і з-ды, у т. л. Жлобінскі металургічны, Магілёўскія рэгенератарны і жэлацінавы, Слонімскі кардонна-папяровы «Альберцін», будматэрыялаў «Даманава» і інш.

А.​А.​Саламонаў, Я.​П.​Мініна.

Аб’ёмы нарыхтоўкі некаторых відаў другаснай сыравіны ў Беларусі
Гады Від другаснай сыравіны
Драўнінныя адходы шчыльныя м​3 Макулатура, тыс. т Шыны зношаныя тыс. т
1990 2161,7 261 33,7
1995 719,8 93 4,8
1996 792,1 100,2 4

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)