БЫ́ЦЕНЬ,

вёска ў Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, 163 км ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Даманава. 2108 ж., 1104 двары (1995).

Вядомы з 16 ст. як двор і мяст. Слонімскага пав. ВКЛ. Належаў М.Пяткевічу, кн. С.Адзінцэвічу і Ф.Галаўні, Я.Карыцкаму, Я.Хадкевічу, Трызнам, базыльянскаму манастыру, Тызенгаўзам і інш. У 1766—1914 у Быцені працавала Быценская суконная фабрыка. З 1795 мястэчка Слонімскага пав. Рас. імперыі. У 1858 — 975 ж., 134 двары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—57 цэнтр Быценскага р-на. У 1957—62 і з 1965 у Івацэвіцкім р-не, у 1962—65 у Бярозаўскім р-не. У 1970 — 2292 ж., 699 двароў. Дрэваапр. прадпрыемства. У Быцені сярэдняя школа, школа-інтэрнат, муз. школа, клуб, 4 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Быценская капліца, касцёл (19 ст.).

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)