ЛІЦЭ́НЗІЯ (ад лац. licentia свабода, права),
1) дазвол на выкарыстанне абароненых патэнтам вынаходстваў, карысных мадэляў і інш. тэхн. дасягненняў. Даецца патэнтаўладальнікам (ліцэнзіярам) юрыд. або фіз. асобам (ліцэнзіяту) на пэўны тэрмін за пэўнае ўзнагароджанне; афармляецца ліцэнзійным дагаворам. Адрозніваюць Л. патэнтную (даецца на запатэнтаванае вынаходства) і беспатэнтную (даецца на незапатэнтаванае вынаходства). Асн. віды патэнтнай Л.: невыключная (дазваляе ліцэнзіяру самому выкарыстоўваць вынаходствы або даваць Л. інш. асобам), выключная (ліцэнзіяр адмаўляецца ад выдачы Л. інш. асобам і ад самастойнага выкарыстання вынаходства ў вызначаных дагаворам межах), поўная (прадугледжвае поўнае адмаўленне ліцэнзіяра ад самастойнага выкарыстання вынаходства), прымусовая (даецца ў выпадку невыкарыстання або недастатковага выкарыстання вынаходства з прычыны нязгоды патэнтаўладальніка даваць Л.; пытанне аб выдачы прымусовай Л. вырашаецца ў судзе).
2) Дазвол на вядзенне некаторых відаў дзейнасці, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам належаць ліцэнзаванню (напр., прыватныя медыцынская, банкаўская дзейнасць).
3) Дазвол на ажыццяўленне экспартна-імпартных аперацый, увоз, вываз або транзіт пэўнай колькасці тавараў, свабодны ўвоз, вываз або транзіт якіх не дапускаецца; выдаецца дзярж. органамі з мэтай кантролю экспарту, імпарту, руху валюты.
У.Р.Залатагораў.
т. 9, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) дазвол дзейнасці якой-н. арг-цыі, яе ўзаконенне, наданне юрыд. сілы якому-н. акту, дзеянню.
2) Пацвярджэнне сапраўднасці подпісаў на дакументах. Л., як правіла, належаць дакументы, складзеныя за мяжой або прызначаныя для дзеяння ў замежнай дзяржаве. Выконваецца ў форме засведчанага надпісу консула («консульская Л»).
т. 9, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭ́НТ [ад лац. patens (patentis) адкрыты, яўны],
1) дакумент, які сведчыць аб прызнанні заяўленага аб’екта вынаходствам, прыярытэце вынаходства, аўтарстве і выключным праве на вынаходства. Выдаецца кампетэнтным дзярж. органам. На Беларусі П. выдаецца аўтару або яго правапераемнікам на 20 гадоў.
2) У шэрагу краін П. — спец. дазвол на занятак пэўнымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Купля П. ў дзяржавы вызваляе прадпрымальніка (звычайна індывід.) ад далейшай уплаты падаткаў (на вызначаны перыяд).
т. 12, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,
дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБД АЛЬ-КЕРЫ́М (1881 або 1882 — 7.2.1963),
паліт. і дзярж. дзеяч Марока. Атрымаў багаслоўскую адукацыю. За заклікі да вызв. барацьбы ў 1915 зняволены. У 1921 узначаліў вызв. барацьбу рыфскіх плямёнаў супраць ісп., з 1925 франц. каланізатараў. Прэзідэнт (эмір) [1921—26] Рыфскай рэспублікі. У 1926 захоплены французамі і сасланы на в-аў Рэюньён. У 1947 атрымаў дазвол на выезд у Францыю пры ўмове, што не будзе займацца паліт. дзейнасцю. Уцёк і пасяліўся ў Каіры, дзе ўзначаліў (1948—56) Камітэт вызвалення Арабскага Магрыба.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУЛЬГЕ́НЦЫЯ (ад лац. indulgentia паблажлівасць, літасць),
папская грамата, пасведчанне пра поўнае або частковае адпушчэнне грахоў, якая выдавалася за грошы або за асаблівыя заслугі перад каталіцкай царквой. Абгрунтоўвалася багасловамі тым, што каталіцкая царква мае запас добрых спраў, якія здзейснілі Ісус Хрыстос, Дзева Марыя і святыя, і імі можна пакрываць грахі людзей. Продаж І. пачаўся з 12—13 ст., што выклікала пратэст гуманістаў. Адмена І. была ў ліку асн. патрабаванняў Рэфармацыі. У пераносным сэнсе — даць дазвол на якія-н. дзеянні, учынкі.
т. 7, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ЛІСТ,
1) дакумент на права правядзення даследчыкамі археал. разведак і раскопак. Выдаецца навук. ўстановамі. На Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14.12.1818 А.Чарноцкі (З.Я.Даленга-Хадакоўскі) за подпісам рэктара Віленскага ун-та. З 1992 наз. дазвол.
2) Дакумент, які выдаецца ведамствам замежных спраў або дыпламат. прадстаўніцтвам іншаземцу, што карыстаецца дыпламат. прывілеямі і імунітэтам або з’яўляецца госцем краіны. Адрасаваны мытнай і пагранічнай службе сваёй краіны з просьбай садзейнічаць уладальніку адкрытага ліста ў час яго пераезду праз граніцу. Асобы, якія маюць адкрыты ліст, як правіла, вызваляюцца ад мытнага дагляду.
т. 1, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗА (Франц. visa ад лац. visus прагледжаны),
1) зроблены службовай асобай на дакуменце надпіс, які надае яму юрыд. сілу і засведчвае яго аўтэнтычнасць.
2) Афіцыйная адзнака ў пашпарце пра дазвол на ўезд у іншую дзяржаву, праезд ці выезд з гэтай дзяржавы. Выдаюцца кампетэнтнымі органамі дзяржавы на пэўны тэрмін. Бязвізавы ўезд, выезд ці транзіт можа быць устаноўлены спец. пагадненнямі паміж дзяржавамі. Выезд з Рэспублікі Беларусь бел. грамадзян (службовы, прыватны, на пэўны тэрмін, на пастаяннае жыхарства) рэгулюецца адпаведным заканадаўствам. Уязныя візы выдаюць дыпламат. прадстаўніцтвы або консульствы за мяжой, выязныя — МЗС, органы МУС рэспублікі.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭ́СІЯ (ад лац. concessio дазвол, уступка),
1) дагавор (пагадненне) на перадачу дзяржавай або мясц. органамі ўлады ў эксплуатацыю прыватным прадпрымальнікам, замежным фірмам або інш. юрыд. асобам прамысл. прадпрыемстваў, участкаў зямлі з правам здабычы карысных выкапняў, буд-ва розных аб’ектаў з мэтай развіцця або аднаўлення нац. эканомікі ці асваення прыродных багаццяў; само прадпрыемства, арганізаванае на аснове такога дагавору. У К. прадугледжваецца памер і парадак налічэння арэнднай платы, абавязацельствы канцэсіянера (фіз. або юрыд. асобы, якія атрымалі К.) па ахове і аднаўленні навакольнага асяроддзя, парадак найму работнікаў і інш. 2) Ўзнагарода, якую атрымліваюць банкі за арганізацыю продажу нанава выпушчаных каштоўных папер.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІНСАН ((Dickinson) Эмілі Элізабет) (10.12.1830, г. Амхерст, штат Масачусетс, ЗША — 15.5.1886),
амерыканская паэтэса. Вучылася ў жаночым каледжы; з 1854 у добраахвотным пустэльніцтве ў Амхерсце. Напісала каля 2000 вершаў, але дала дазвол апублікаваць толькі 7 (надрук. 5). Завяшчала знішчыць свой архіў, але ў 1890 выдадзена яе паэт. кн. «Вершы». Цікавасць да творчасці і асобы Дз. зноў узнікла ў 1910-я г. ў часы т. зв. «паэтычнага Рэнесансу» ў ЗША. Асн. тэмы яе творчасці — каханне, жыццё і смерць, прырода. Эксперыментавала з мовай (насычала яе неалагізмамі), адыходзіла ад традыц. граматыкі і сінтаксісу. Яе вершы грунтуюцца на творча пераасэнсаваных памеры і строфіцы пратэстанцкага гімна; выкарыстоўвала нечаканыя інверсіі, сімволіку колераў.
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения М., 1981.
Е.А.Лявонава.
т. 6, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)