ЛІЦЭ́НЗІЯ (ад лац. licentia свабода, права),
1) дазвол на выкарыстанне абароненых патэнтам вынаходстваў, карысных мадэляў і інш. тэхн. дасягненняў. Даецца патэнтаўладальнікам (ліцэнзіярам) юрыд. або фіз. асобам (ліцэнзіяту) на пэўны тэрмін за пэўнае ўзнагароджанне; афармляецца ліцэнзійным дагаворам. Адрозніваюць Л. патэнтную (даецца на запатэнтаванае вынаходства) і беспатэнтную (даецца на незапатэнтаванае вынаходства). Асн. віды патэнтнай Л.: невыключная (дазваляе ліцэнзіяру самому выкарыстоўваць вынаходствы або даваць Л. інш. асобам), выключная (ліцэнзіяр адмаўляецца ад выдачы Л. інш. асобам і ад самастойнага выкарыстання вынаходства ў вызначаных дагаворам межах), поўная (прадугледжвае поўнае адмаўленне ліцэнзіяра ад самастойнага выкарыстання вынаходства), прымусовая (даецца ў выпадку невыкарыстання або недастатковага выкарыстання вынаходства з прычыны нязгоды патэнтаўладальніка даваць Л.; пытанне аб выдачы прымусовай Л. вырашаецца ў судзе).
2) Дазвол на вядзенне некаторых відаў дзейнасці, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам належаць ліцэнзаванню (напр., прыватныя медыцынская, банкаўская дзейнасць).
3) Дазвол на ажыццяўленне экспартна-імпартных аперацый, увоз, вываз або транзіт пэўнай колькасці тавараў, свабодны ўвоз, вываз або транзіт якіх не дапускаецца; выдаецца дзярж. органамі з мэтай кантролю экспарту, імпарту, руху валюты.
У.Р.Залатагораў.
т. 9, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)