ЛАТЫ́ШСКАЯ МО́ВА,

адна з балтыйскіх моў. Мова латышоў, дзярж. мова Латвіі. Мае 3 дыялекты: сярэднелатышскі (аснова літ. мовы), лівонскі, верхнелатышскі.

У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, 5 дыфтонгаў, складовая інтанацыя, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), зваротныя назоўнікі, 6 скланенняў, 7 склонаў, 5 ладоў дзеяслова, яго складаныя часавыя формы, скланенне дзеепрыслоўяў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, параўнальна вольны парадак слоў, канструкцыя «давальны самастойны».

Літ. мова склалася ў канцы 19 ст. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. гатычнага пісьма. У аснове сучаснай лат. графікі — лац. алфавіт (антыква) з дадатковымі дыякрытыкамі. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У яе літ. мове і гаворках ёсць беларусізмы [kaza (каза), kożuch (кажух) і інш.], адпаведна ў бел. мове — латышызмы («дылда», «мітусіць» і інш.).

Літ.:

Векслер Б.Х., Юрик В.А. Латышский язык. 6 изд. Рига, 1988.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗО́ЎНІК,

знамянальная часціна мовы, якая характарызуецца грамат. значэннем прадметнасці. Н. абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш. Паводле значэння падзяляюцца на агульныя («горад», «паэт») і ўласныя («Васіль», «Свіцязь»), адушаўлёныя («чалавек», «мыш») і неадушаўлёныя («вецер», «мора»), асабовыя («мужчына», «патрыёт») і неасабовыя («неба», «алень»), канкрэтныя («стол», «год») і абстрактныя («воля», «слава»), зборныя («моладзь», «крылле»), рэчыўныя («лён», «хлеб»). Значэнне прадметнасці могуць набываць інш. самаст. і службовыя часціны мовы (гл. Субстантывацыя). Н. мае: род — мужчынскі («горад»), жаночы («вёска»), ніякі («сяло»); л і к — адзіночны і множны («сад — сады»); склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. У бел. мове бываюць Н. агульнага роду («сірата»), Н., якія ўжываюцца толькі ў адзіночным («трысцё») або множным ліках («нетры»); у дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку («дзве вярбе», «дзве вядрэ») і клічнай формы («браце», «сынку»). Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення. Нешматлікія Н. рознаскланяльныя («імя», «дзіця») і нязменныя («таксі», «калібры»), Утвараюцца афіксальным (суфіксальным: «касец», «паляшук»; прэфіксальным: «прыгарад», «нядоля»; прэфіксальна-суфіксальным: «падпечак», «пралеска»); бязафіксным («кліч», «сон») спосабамі, асноваскладаннем («крыгаход», «вадаспад»), абрэвіяцыяй («калгас», «БДУ») і інш. Могуць уступаць у сэнсава-сінтакс. сувязі з інш. словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.

Літ.:

Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове. Ч.1. Адзіночны лік. Мн., 1969;

Наркевіч А.І. Назоўнік: Грамат. катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.І.Наркевіч.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)