Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБО́НЫ (Hylobates),
род сям. гібонавых атр. прыматаў. 9 відаў. Жывуць у густых трапічных лясах Паўд.-Усх. Азіі і Зондскіх а-воў на дрэвах невял. сямейнымі групамі. 4 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП: гібон аднакаляровы (H. concolor), гібон серабрысты (H. moloch), гібон чорнашапачны (H. pileatus), сіяманг карлікавы (H. klossi).
Даўж. цела 45—90 см, маса 5—13 кг. Целасклад грацыёзны. Афарбоўка валасянога покрыва ад чорнай да жаўтавата-карычневай або серабрыста-шэрай. Пярэднія канечнасці доўгія, з іх дапамогай гібоны перамяшчаюцца па галінах дрэў. Ёсць невял. сядалішчныя мазалі. Іклы вялікія. Палаваспелыя ў 5—7 гадоў, нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца пладамі, лісцем, маладымі парасткамі, насякомымі, павукамі, зрэдку птушынымі яйцамі і птушанятамі. Пры ўсходзе сонца «пяюць» (адсюль другая назва — «пявучыя малпы»), у сіяманга (H. syndactylus) ёсць вял. няпарны гарлавы мяшок для ўзмацнення гукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛПЫ (Anthropoidea, або Simia),
падатрад млекакормячых атр.прыматаў. 2 групы (140 відаў): шыраканосыя малпы і вузканосыя М., або М. Старога Свету. Вузканосых М. 3 сям.: ніжэйшыя вузканосыя — мартышкі, вышэйшыя вузканосыя — чалавекападобныя і людзі — гамініды. М. паходзяць з палеацэну і эацэну (60—25 млн. гадоў назад) ад выкапнёвых даўгапятаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Пашыраны ў.Еўропе (1 від), Паўд. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы. Жывуць пераважна ў лясах і гарах тропікаў. Большасць відаў вядзе стадны спосаб жыцця, пераважна дрэвавы (акрамя гелад, маготаў, павіянаў). У Чырв. кнізе МСАП — каля 60 відаў.
Ад даўж. 15 см і масы каля 70 г (ігрунка карлікавая) да 2 м і 300 кг (гарыла). Валасяное покрыва развітое (акрамя твару і вушных ракавін), развітая мімічная мускулатура. Будова мозга складаная, кара са шматлікімі звілінамі і барознамі. У вузканосых М. ноздры скіраваны ўніз. Вял. палец кісці ў іх проціпастаўлены астатнім пальцам; маюць пазногці. Усёедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня (у ігрунак 2—3). Гл. таксама Арангутан, Гарыла, Гібоны, Мартышкі, Павіяны, Шымпанзе.