ГІБО́НЫ

(Hylobates),

род сям. гібонавых атр. прыматаў. 9 відаў. Жывуць у густых трапічных лясах Паўд.-Усх. Азіі і Зондскіх а-воў на дрэвах невял. сямейнымі групамі. 4 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП: гібон аднакаляровы (Н. concolor), гібон серабрысты (Н. moloch), гібон чорнашапачны (Н. pileatus), сіяманг карлікавы (Н. klossi).

Даўж. цела 45—90 см, маса 5—13 кг. Целасклад грацыёзны. Афарбоўка валасянога покрыва ад чорнай да жаўтавата-карычневай або серабрыста-шэрай. Пярэднія канечнасці доўгія, з іх дапамогай гібоны перамяшчаюцца па галінах дрэў. Ёсць невял. сядалішчныя мазалі. Іклы вялікія. Палавеспелыя ў 5—7 гадоў, нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца пладамі, лісцем, маладымі парасткамі, насякомымі, павукамі, зрэдку птушынымі яйцамі і птушанятамі. Пры ўсходзе сонца «пяюць» (адсюль другая назва — «пявучыя малпы»), у сіяманга (Н. syndactylus) ёсць вял. няпарны гарлавы мяшок для ўзмацнення гукаў.

т. 5, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)