СУМА́ТРА (Sumatra, Sumatera),

востраў у зах. частцы Малайскага архіпелага, у складзе Вялікіх Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 435 тыс. км². Нас. каля 40 млн. чал. (2000). Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1700 км. Берагавая лінія слаба парэзаная, уздоўж узбярэжжа трапляюцца каралавыя рыфы. Зах. ч. ’вострава занята сістэмай гор Барысан (выш. да 3805 м, вулкан Керынчы), на У — забалочаныя раўніны. Горы складзены пераважна з палеазойскіх метамарфічных парод з гранітнымі інтрузіямі, развіты эфузійна-асадкавыя адклады мезазою і кайназою, латэрыты. Радовішчы нафты, прыроднага газу, вугалю, золата, марганцу. Клімат экватарыяльны. Сярэднегадавая т-ра на раўнінах 25—27 °C, ападкаў 1500—3000 мм (у гарах месцамі больш за 6000 мм) за год. Густая рачная сетка. Асн. рэкі: Мусі, Хары, Індэрагіры, Кампар. Буйное воз. Тоба. Пад лесам каля 70% тэр. На раўнінах шмат’ярусныя трапічныя лясы, уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі, у гарах — лясы з вечназялёнага дубу, каштану, зараснікі лаўру, буку, хвойных і інш. парод. У фауне трапляюцца двухрогі насарог, інд. слон, малайскі мядзведзь, арангутанг, гібон, чапрачны тапір і інш. Нац. парк Гунунг-Лёсер, запаведнікі. Плантацыі рысу, каўчуканосаў, какосавых пальмаў, кавы. Асн. гарады: Палембанг, Паданг, Медан.

Плантацыі алейнай пальмы на востраве Суматра.

т. 15, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)