ГІ́БКІ ВЫТВО́РЧЫ МО́ДУЛЬ (ГВМ),
структурны элемент гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, які функцыянуе ў яе контуры аператыўна-тэхнал. кіравання. Бываюць апрацоўчыя і зборачныя. Апрацоўчыя ГВМ уключаюць станок з лікавым праграмным кіраваннем і прыстасаванне аўтам. загрузкі-выгрузкі. У зборачныя ГВМ уваходзяць прамысловы робат для маніпуліравання дэталямі пры зборцы, зборачная галоўка для злучэння дэталей у сістэму і блок лікавага праграмнага кіравання, часам і транспартна-назапашвальная сістэма. ГВМ для зборкі буйных вырабаў складаецца са зборачнага паста, падлогавых і падвесных робатаў для выгрузкі дэталей і інш. ГВМ уласціва хуткая пераналаджвальнасць і універсальнасць.
Літ.:
Сольницев Р.И, Кононюк А.Е., Кулаков Ф.М. Автоматизация проектирования ГПС. Л., 1990;
Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.
Г.В.Рымскі.
т. 5, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДУЛЬ ГІ́БКАЙ ВЫТВО́РЧАСЦІ аўтаматызаванай,
гл. Гібкі вытворчы модуль, Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць.
т. 10, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БКА,
спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім загатоўцы або яе частцы надаецца выгнутая форма. Да гібкі адносіцца ўласна гібка, або гнуццё (атрыманне гнутых профіляў), прафіляванне (гафрыраванне, выгінанне), згортванне (атрыманне зварных труб), навіванне спружын, праўка і інш. Гібка ажыццяўляецца на гібачных машынах, універсальных прэсах або ўручную. Спосабам гібкі вырабляюць дэталі машын і прылад, розныя метызы і інш.
т. 5, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНЫ КРАН,
камплект для тушэння пажараў вадой. Складаецца з запорнага вентыля, устаноўленага на пажарным водаправодзе, пажарнага рукава (гібкі трубаправод са спец. хутказлучальнымі галоўкамі на канцах, які служыць для падачы вады) і ствала (прыстасаванне для атрымання кампактнага ці распыленага струменя вады). П.к. размяшчаюцца на вышыні 1,35 м над падлогай у спец. шафах, дзе ўстанаўліваюць таксама ручныя вогнетушыцелі. На дзверцах пазначаецца парадкавы нумар П.к. і нумар тэлефона бліжэйшай пажарнай часці. Колькасць і тып П.к. у будынку залежаць ад яго прызначэння, памераў і пажарнай небяспекі.
В.І.Якаўчук.
т. 11, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФРЫРАВА́ННЕ (ад франц. gaufrer прасаваць складкі, выціскаць узор),
наданне ліставым метал. і неметал. матэрыялам складкаватай хвалепадобнай формы; разнавіднасць гібкі. Павышае жорсткасць і трываласць матэрыялаў пры рабоце на выгін і змінанне. Робіцца на выгінальных прэсах або прафілёвачных станах.
Гафрыраваныя ліставая сталь, азбестацэментавыя вырабы ідуць на дахавыя матэрыялы, буд. канструкцыі; кардон — на гука- і тэрмаізаляцыю, выраб тары; дуралюмінавыя лісты выкарыстоўваюцца ў самалётабудаванні. Гафрыруюць таксама тканіны. Пры ручным спосабе гафрыравання тканіну закладваюць у папяровую форму (гафрэ), запарваюць і сушаць; пры прамысл. спосабе апрацоўваюць хім. рэагентамі, закладваюць у шаблоны, прапарваюць у аўтаклавах, потым высушваюць і ахалоджваюць.
т. 5, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАТРО́НІКА [ад меха(ніка) + (элек)троніка],
галіна навукі і тэхнікі, якая аб’ядноўвае дасягненні механікі, мікраэлектронікі, інфарматыкі і найноўшых тэхналогій для пабудавання складаных аўтам. сістэм. Узнікла ў 1980-я г. ў Японіі. Асн. мэта — камп’ютэрызацыя вытв-сці. Механізмы М. спалучаюць хуткадзеянне логіка-выліч. аперацый камп’ютэра з сілавымі характарыстыкамі мех. выканаўчых органаў машын і механізмаў. Машына (напр., аўтамабіль, робат, гібкі вытворчы модуль), прылада ці інш. тэхн. сістэма пры аснашчэнні мікракамп’ютэрам набывае «інтэлект».
Адзін з асн. прыкладных аспектаў М. — робататэхніка. У М. атрымалі далейшае развіццё ідэі кібернетыкі аб запазычанні ў жывой прыроды кіроўных рухальных і лагічных функцый пры стварэнні складаных тэхн. сістэм. Мехатронныя сістэмы ўтвараюць непадзельнае адзінства мех. і электронных вузлоў, дзе ажыццяўляецца абмен энергіяй і інфармацыяй, а праграмнае забеспячэнне мікра-ЭВМ рэалізуе арыгінальныя алгарытмы кіравання, адаптацыі, сачэння і інш. Тыповыя прадукты М. — механізмы прыводу (драйверы) дыскаводаў ЭВМ, прыводу кампакт-дыскаў, счытвальных прылад, відэатэхнікі.
На Беларусі работы па праблемах М. вядуцца ў Нац. АН (НДА «Кібернетыка», Навук. цэнтр праблем механікі машын), БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Мехатроника: Пер. с яп. М., 1988.
А.І.Дабралюбаў.
т. 10, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)