Гучнагаварыцель 4/98—99, 325; 11/431, 436

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЧНАГАВАРЫ́ЦЕЛЬ,

электраакустычная ці мех. прылада для моцнага ўзнаўлення гукаў (мовы, музыкі і інш.). Бывае эл.-дынамічны (найб. пашыраны), эл.-магн., п’езаэл., кандэнсатарны, пнеўматычны, рупарны. Эл.-акустычны гучнагаварыцель пераўтварае падведзеныя эл. ваганні ў гукавыя з дапамогай рухомай мех. сістэмы (дыфузара, дыяфрагмы). Асн. параметры: намінальная магутнасць і паласа ўзноўленых частот, сярэдні гукавы ціск і інш.; накіраванасць выпрамянення ствараецца рупарам ці выкарыстаннем гукавых калонак. Па эл.-акустычных параметрах адрозніваюць шырока- і вузкапалосныя, высока- і нізкачастотныя, нізка- і высакаомныя, паводле канструкцыі — адно- і двухдыфузарныя, кааксіяльныя, круглыя і інш.

А.​П.​Ткачэнка.

Гучнагаварыцель у акустычнай сістэме: 1 — абмотка; 2 — магніт; 3 — цэнтровачная шайба; 4 — дыфузар.

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАДЫНАМІ́ЧНЫ ГУЧНАГАВАРЫ́ЦЕЛЬ, дынамік,

найбольш пашыраны від гучнагаварыцеля, прынцып дзеяння якога грунтуецца на ўзаемадзеянні шпулі з токам, далучанай да крыніцы эл. ваганняў, з полем пастаяннага магніта. Адрозніваецца найб. высокай якасцю гучання.

Выпрамяненне гукавых хваль адбываецца непасрэдна (Э.г. прамога выпрамянення) або праз рупар (рупарны гучнагаварыцель). Э.г. бываюць вузка- (найб. пашыраны) і шырокапалосныя. Для ўзнаўлення гуку ў шырокай паласе частот з некалькіх вузкапалосных гучнагаварыцеляў (з рознымі палосамі частот) фарміруюць т.зв. акустычную сістэму. Выкарыстоўваюцца ў радыёпрыёмніках, магнітафонах, электрафонах, тэлевізарах і інш.

т. 18, кн. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рэпрадуктар, гл. Гучнагаварыцель

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАЎЗНАЎЛЕ́ННЕ,

працэс атрымання інфармацыі ад фанаграмы. Адрозніваецца ў адпаведнасці з відамі гуказапісу. Найб. пашыраны эл.-акустычны метад па схеме: фанаграма — пераўтваральнік — узмацняльнік — гучнагаварыцель.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАФО́Н (ад электра... + ...фон),

пераносны апарат для гукаўзнаўлення з грампласцінак. Бываюць мона- і стэрэафанічныя. Асн. вузлы: шматскарасны электрапрывод для раўнамернага вярчэння дыска з грампласцінкай, гуказдымальнік, узмацняльнік эл. ваганняў гукавой частаты, гучнагаварыцель ці акустычная сістэма.

т. 18, кн. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁПРЫЁМНІК,

прылада для вылучэння, пераўтварэння і выкарыстання энергіі радыёхваль. Адрозніваюць Р. прамога ўзмацнення і супергетэрадзінныя радыёпрыёмнікі; радыёвяшчальныя і прафесійныя, пераносныя і стацыянарныя.

Радыёвяшчальныя Р. служаць для прыёму моўных, муз. і тэлевіз. праграм; прафесійныя — для работы на лініях радыёсувязі (сувязныя Р.), спец. сістэмах радыёкіравання, радыёлакацыі, радыёнавігацыі, радыётэлеметрыі і інш. Асн. элементы і вузлы Р. — частотна-селектыўныя эл. ланцугі (вагальныя контуры, эл. фільтры і інш.) для вылучэння сігналаў пэўнай радыёстанцыі, узмацняльнікі эл. ваганняў, дэтэктар, сродкі ўзнаўлення інфармацыі (напр., гучнагаварыцель, кінескоп); супергетэрадзінныя Р., акрамя таго, маюць пераўтваральнікі частаты і ўзмацняльнікі прамежкавай частаты. Р. часта канструктыўна аб’ядноўваюць з электрафонам (радыёла), магнітафонам (магнітола) і інш.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФО́ННЫ АПАРА́Т,

прылада для перадачы і прыёму гукавой інфармацыі (маўлення, музыкі і інш.); канцавая абаненцкая прылада тэлефоннай сувязі. Мае моўныя (мікрафон, тэлефон, гучнагаварыцель), выклікальныя (нумаранабіральнік, званок) і камутацыйныя (пераключальнік «выклік — размова») прыстасаванні. Вынайдзены А.​Г.​Белам (1876).

Найб. пашыраны аўтаматычныя Т.а. з дыскавым ці кнопачным нумаранабіральнікам; паводле прызначэння адрозніваюць бытавыя Т.а., таксафоны, шахтавыя (выбуханебяспечныя), дыспетчарскія і інш. Многія Т.а. маюць мікрапрацэсар, з дапамогай якога карыстальнікі атрымліваюць розныя паслугі: электронная памяць (запамінаюцца набраныя тэлеф. нумары) з магчымасцю аўтам. паўторнага выкліку, вызначальнік нумара (вызначае і запамінае нумары Т.а., з якіх быў выкліканы дадзены Т.а.) і інш. Гл. таксама Відэатэлефон.

Схема тэлефоннага апарата: 1 — рычажны пераключальнік; 2 — кантакт нумаранабіральніка; 3 — трансфарматар; 4 — тэлефон; 5 — мікрафон; 6 — званок.

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАПРАЙГРАВА́ЛЬНІК,

электратэхнічны апарат для прайгравання грампласцінак. У адрозненне ад электрафона не мае ўласнага ўзмацняльніка гукавой частаты і гучнагаварыцеля. Найпрасцейшы Э. складаецца з гуказдымальніка і электрарухавіка, які прыводзіць у вярчальны рух дыск з грампласцінкай. Частата вярчэння 78, 45, 33 ​1/3 і 16 ​2/3 аб/мін.

Пры аднаўленні гуказапісу электрарухавік Э. падключаюць да крыніцы электрасілкавання (асвятляльная сетка ці эл. батарэя), а гуказдымальнік — да радыёпрыёмніка, тэлевізара ці інш. апарата, што мае ўзмацняльнік эл. ваганняў гукавой частаты і гучнагаварыцель. Радыёпрыёмнік з Э. наз. радыёлай. У Э. для стэрэафанічнага ўзнаўлення гуку з стэрэафанічных пласцінак іголка гуказдымальніка вагаецца ў 2 узаемаперпендыкулярных плоскасцях; ваганні раздзяляюцца і перадаюцца па 2 каналах, узмацняюцца 2 узмацняльнікамі і ўзнаўляюцца 2 гучнагаварыцелямі.

Да арт. Электрапрайгравальнік. Гуказдымальнік: 1 — вывады; 2 — п’езаэлемент; 3 — трымальнік іголкі; 4 — іголка.

т. 18, кн. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у тэхніцы,

прылада, якая павялічвае значэнне нейкай велічыні за кошт энергіі пабочнай крыніцы; адзін з асн. элементаў у многіх галінах тэхнікі. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць У. электрычныя (гл. Узмацненне электрычных ваганняў), пнеўматычныя (гл. Пнеўматычны пераўтваральнік), гідраўлічныя і механічныя.

Існуюць У., з дапамогай якіх узмацняюць відэасігналы, — відэаўзмацняльнікі; энергію эл.-магн. хваль — квантавыя ўзмацняльнікі; мікрахваль — мазеры; магутнасць сігналу, які падаецца на абмотку ўзбуджэння, — электрамашынныя ўзмацняльнікі; эл. сігналу з дапамогай фотаэл. пераўтваральніка — фотаэлектрычныя ўзмацняльнікі, павялічваюць частату эл. ваганняў — памнажальнікі частаты; павышаюць сілу і скорасць дзеяння асн. механізма або машыны — бустэры. Гідраўлічныя У. выкарыстоўваюць для перамяшчэння кіроўных органаў гідраўл. выканаўчых механізмаў з адначасовым узмацненнем кіроўнага ўздзеяння (напр., на самалётах у сістэмах кіравання рулямі). Шырока выкарыстоўваюцца ў аўтаматыцы, тэлемеханіцы, радыётэхніцы, электроніцы, правадной сувязі, вымяральнай тэхніцы і інш.

Узмацняльнікі: 1 — схема аднатактнага ўзмацняльніка пастаяннага току (T — транзістар, R — рэзістар, E — напружанне крыніцы электрасілкавання, Uув і Uвых — напружанні на ўваходзе і выхадзе, С — стабілітрон); 2 — схема ўзмацняльніка нізкай частаты (магутнасці) з трансфарматарным уваходам (Uув — уваходны сігнал, T — транзістар, Тр — выхадны трансфарматар. Eк і Eзр, — крыніцы пастаяннага току ў ланцугах калектара і зрушэння, Г — гучнагаварыцель).

т. 16, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)