прылада, якая павялічвае значэнне нейкай велічыні за кошт энергіі пабочнай крыніцы; адзін з асн. элементаў у многіх галінах тэхнікі. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць У. электрычныя (гл.Узмацненне электрычных ваганняў), пнеўматычныя (гл.Пнеўматычны пераўтваральнік), гідраўлічныя і механічныя.
Існуюць У., з дапамогай якіх узмацняюць відэасігналы, — відэаўзмацняльнікі; энергію эл.-магн. хваль — квантавыя ўзмацняльнікі; мікрахваль — мазеры; магутнасць сігналу, які падаецца на абмотку ўзбуджэння, — электрамашынныя ўзмацняльнікі; эл. сігналу з дапамогай фотаэл. пераўтваральніка — фотаэлектрычныя ўзмацняльнікі, павялічваюць частату эл. ваганняў — памнажальнікі частаты; павышаюць сілу і скорасць дзеяння асн. механізма або машыны — бустэры. Гідраўлічныя У. выкарыстоўваюць для перамяшчэння кіроўных органаў гідраўл. выканаўчых механізмаў з адначасовым узмацненнем кіроўнага ўздзеяння (напр., на самалётах у сістэмах кіравання рулямі). Шырока выкарыстоўваюцца ў аўтаматыцы, тэлемеханіцы, радыётэхніцы, электроніцы, правадной сувязі, вымяральнай тэхніцы і інш.
Узмацняльнікі: 1 — схема аднатактнага ўзмацняльніка пастаяннага току (T — транзістар, R — рэзістар, E — напружанне крыніцы электрасілкавання, Uув і Uвых — напружанні на ўваходзе і выхадзе, С — стабілітрон); 2 — схема ўзмацняльніка нізкай частаты (магутнасці) з трансфарматарным уваходам (Uув — уваходны сігнал, T — транзістар, Тр — выхадны трансфарматар. Eк і Eзр, — крыніцы пастаяннага току ў ланцугах калектара і зрушэння, Г — гучнагаварыцель).