РАДЫЁПРЫЁМНІК,
прылада для вылучэння, пераўтварэння і выкарыстання энергіі радыёхваль. Адрозніваюць Р. прамога ўзмацнення і супергетэрадзінныя радыёпрыёмнікі; радыёвяшчальныя і прафесійныя, пераносныя і стацыянарныя.
Радыёвяшчальныя Р. служаць для прыёму моўных, муз. і тэлевіз. праграм; прафесійныя — для работы на лініях радыёсувязі (сувязныя Р.), спец. сістэмах радыёкіравання, радыёлакацыі, радыёнавігацыі, радыётэлеметрыі і інш. Асн. элементы і вузлы Р. — частотна-селектыўныя эл. ланцугі (вагальныя контуры, эл. фільтры і інш.) для вылучэння сігналаў пэўнай радыёстанцыі, узмацняльнікі эл. ваганняў, дэтэктар, сродкі ўзнаўлення інфармацыі (напр., гучнагаварыцель, кінескоп); супергетэрадзінныя Р., акрамя таго, маюць пераўтваральнікі частаты і ўзмацняльнікі прамежкавай частаты. Р. часта канструктыўна аб’ядноўваюць з электрафонам (радыёла), магнітафонам (магнітола) і інш.
А.П.Ткачэнка.
т. 13, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)