Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНІ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
біблейскія кнігі, прызнаныя царквой адзінаправільнымі, боганатхнёнымі. На працягу стагоддзяў служыла афіц. прызнанай крыніцай ведаў пра гісторыю чалавецтва і навакольны свет, кодэксам хрысц. веры, маралі і адначасова была папулярнай белетрыстыкай, якая задавальняла эстэт. запатрабаванні і густы розных сац. груп. Паўплывала на л-ры ўсіх. хрысц. народаў. Гл. таксама ў арг.Біблія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ГА,
бел. традыцыйная страва; малочная поліўка (паранае малако, разведзенае вадой), з якой елі густы кісель. У пост або калі не было малака валогу рабілі з тоўчанага канаплянага семя. Яго залівалі вадой, шалупінне асядала на дно, а зверху адстойвалася валога — «бы малако». Валогу рабілі найчасцей у Цэнтр. Палессі. У некаторых раёнах Беларусі валога — закраса з масла (кашу «заваложвалі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНСІМЕ́ТРЫЯ [ад лац. densus (densi) шчыльны, густы + ...метрыя],
сукупнасць метадаў вымярэння шчыльнасці цвёрдых і вадкіх цел. Для цвёрдых цел у лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць гідрастатычнае ўзважванне; шчыльнасць вадкасцей вызначаюць арэометрамі, пікнометрамі і інш. прыладамі; у прам-сці шчыльнасць вымяраюць з дапамогай розных аўтам. шчыльнамераў, прынцып дзеяння якіх заснаваны на бесперапынным узважванні пэўных аб’ёмаў вадкасці, вымярэнні ціску слупа вадкасці пэўнай вышыні, скорасці распаўсюджвання ультрагуку, рассеянні γ-прамянёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЭ́Й (Setaria),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.
Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густысултан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДО́Н (франц. bourdon літар.густы бас),
1) бесперапыннае гучанне аднаго або некалькіх басовых гукаў нязменнай вышыні. Спалучэнне мелодыі з бурдонам — адна са стараж. формаў шматгалосся, уласцівая і бел. песеннаму і інстр. фальклору. Элементы бурдону захоўваюцца ў каляндарных і вясельных песнях некаторых раёнаў Палесся. У інстр. музыцы ўзнікае пры выкананні на варгане, дудзе, цытры, колавай ліры, скрыпцы, балалайцы і інш., што абумоўлена іх канструкцыяй — наяўнасцю адкрытых струн, бурдонных трубак і інш. Сустракаецца ў творчасці прафес. кампазітараў (арганны пункт).
2) Арганны рэгістр лабіяльнай групы сям’і флейтавых. Трубы метал., закрытыя з аднаго канца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАСНЯ́К (Leymus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТАЎДА́ЛА», «Книга о Таудале-рыцеры»,
помнік бел. перакладной л-ры 16 ст., твор царк.-рэліг. характару. Арыгінал аповесці ўзнік у 12 ст. на лац. мове ў Ірландыі. Бел. пераклад з чэшскай крыніцы. У аповесці выкарыстаны папулярны матыў тагачаснай л-ры — дзівоснае перавыхаванне героя-грэшніка. У аснове сюжэта незвычайнае падарожжа па замагільным свеце душы рыцара Таўдала, які ад моцнага перапою часова страціў прытомнасць. Уражаны страшнымі пакутамі грэшнікаў у пекле, герой каецца ў грахах і вырашае жыць праведна, па хрысц. запаветах. Твор цікавы як сведчанне духоўных запатрабаванняў таго кола бел. чытачоў эпохі Адраджэння, у асяроддзі якіх былі яшчэ жывыя сярэдневяковыя ўяўленні і густы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТ (італьян. alto ад лац. altus высокі),
1) нізкі жаночы ці дзіцячы голас у хоры; 2-я па вышыні партыя ў харавой партытуры. Да 18 ст. назва высокага тэнара.
2) Муз. інструмент класа хардафонаў тыпу смыковых. Мае тую ж канструкцыю, што і скрыпка, але большых памераў, густы, насычаны гук, строй квінтай ніжэй. Мяркуюць, створаны на мяжы 15—16 ст. На Беларусі вядомы з 18 ст., выкарыстоўваўся ў ансамблях і з аркестрам; нар. назва «альтоўка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).