«РА́НІЦА»,

часопіс бел. студэнцкай моладзі дэмакр. кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрв. 1914 у Пецярбургу. Ставіў задачу шляхам асветы, вывучэння духоўных і прадукц. сіл Беларусі павышаць грамадскую свядомасць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэння народу. Пафас публіцыст. выступленняў (арт. К.​Голскага і Л.​Будзіловіча) — адлюстраванне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненне наблізіць яе змаганнем. У арт. Б.​Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.​Душэўскага актуальныя праблемы вывучэння культуры бел. народа — яго мовы, нар. творчасці, мастацтва. У аснове алегарычнага апавяд. «Казка аб крылах» Будзіловіча — ідэя неабходнасці служэння інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Змешчаны агляд культ.-грамадскага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расіі, рэкламы пецярб. і віленскіх бел. выданняў.

Літ.:

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.), Мн., 1971.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЯРЭ́СКІ (Друцкі-Падбярэзкі) Рамуальд Андрэевіч; 1812 ці 1813, Вільня — 22.10.1856),

бел. і польскі выдавец, публіцыст, фалькларыст. Скончыў Віленскую гімназію (1830). Вучыўся ў Маск. ун-це (1836—40). З 1840 актыўны ўдзельнік бел. гуртка ў Пецярбургу. Падтрымліваў сувязі з рус. славянафіламі, Т.​Шаўчэнкам. З 1847 у Вільні. Сваёй грамадз. дзейнасцю памагаў гуртаваць культ. сілы Беларусі. Выдаваў літ.-навук. альманахі «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», т. 1—4, Пб.; Вільня, 1843—49) і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік», т. 1—2, ч. 1—6, Вільня, 1849—50), у якіх публікаваў бел. аўтараў і матэрыялы, звязаныя з Беларуссю. У друку выступаў з допісамі пра культ. падзеі, водгукамі на творы мастацтва, літ.-крыт. артыкуламі. У арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі» (прадмова да т. 1 кн. Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...», 1844) з дэмакр. пазіцый характарызаваў бел. л-ру 1-й пал. 19 ст. і ўпершыню вызначыў рысы яе народнасці. Аўтар фальклорна-этнагр. нарыса «Беларускае вяселле» (1848); «Лістоў з Беларусі» (1844). Выдаў зб. Т.​Лады-Заблоцкага «Паэзія» (1845), апублікаваў «Дыярыуш» С.​Бельскага (1842). Вывучаў помнікі старажытнасці і гісторыі Беларусі. На польскую мову пераклаў «Каўказскага палонніка» А.​Пушкіна, «Апавяданні маларасіяніна» П.​Куліша, рус. нар. казкі і інш. У 1850 за антыўрадавую літ. дзейнасць арыштаваны і высланы ў Архангельскую губ., дзе і памёр.

Тв.:

Antoni Abramowicz — muzyk // Rocznik Literacki. 1846. T. 3.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Варановіч С. [Александровіч С.]. Р.​Друцкі-Падбярэскі // Беларусь, 1958. № 11;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 27—40;

Каханоўскі Г. Лёс Рамуальда Падбярэскага // ЛіМ. 1976. 6 жн.;

Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832—1851. Warszawa, 1966.

У.​І.​Мархель.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЕ

Нарастанне ў канцы 19 — пач. 20 ст. эканам. і геапалітычных супярэчнасцей паміж вядучымі дзяржавамі свету прывяло да ўтварэння процілеглых ваен.-паліт. блокаў — Траістага саюза і Антанты. 19.7(1.8).1914 паміж імі ўспыхнула вайна, якая паступова ўцягнула ў сваю арбіту 33 дзяржавы на ўсіх кантынентах з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек (​3/4 усяго чалавецтва) і ўпершыню ў гісторыі набыла сусв. характар. Беларусь, не маючы сваёй дзяржаўнасці і ўласнага войска, не з’яўлялася самастойным удзельнікам вайны. Але яна апынулася ў зоне сутыкнення геастратэгічных інтарэсаў Германіі, якая імкнулася адарваць ад Рас. імперыі яе зах. правінцыі, і Расіі, якая разлічвала на зах. напрамку адабраць ад Германіі і Аўстра-Венгрыі ўсе польскія землі і Галіцыю, а на паўд. — авалодаць пралівамі Басфор і Дарданелы. Таму тэр. Беларусі стала адным з эпіцэнтраў сусв. ваеннага канфлікту.

На рас.-ням. фронце вайна пачалася ў жніўні 1914 баямі ва Усх. Прусіі, Польшчы і Галіцыі. Бел. губерні апынуліся паблізу тэатра баявых дзеянняў і ў першыя дні вайны былі аб’яўлены на ваен. становішчы. Уся цывільная адміністрацыя тут падпарадкоўвалася начальнікам Мінскай і Дзвінскай ваен. акруг, утвораных замест скасаванай Віленскай ваен. акругі. У Баранавічах размясцілася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі вял. князя Мікалая Мікалаевіча. У бел. губернях значна павялічылася колькасць паліцыі і жандармерыі, пашырылася сетка ваен. контрразведкі; аднавілася дзейнасць скасаваных у 1907 ваен.-палявых судоў, якія выносілі прысуды па законах ваен. часу. Былі забаронены апазіц. сходы, шэсці і дэманстрацыі, а таксама забастоўкі. За ўдзел у забастоўках (асабліва на чыгунках) пагражала адпраўка ў штрафныя роты. Праца на прадпрыемствах, якія выпускалі ваен. прадукцыю, разглядалася як асобы від вайсковай службы. Працягласць рабочага дня фактычна не рэгламентавалася, адмяняліся выхадныя і святочныя дні, шырока практыкаваліся звышурочныя работы. Жорсткай рэгламентацыі падлягала распаўсюджванне інфармацыі. Друкаваная прадукцыя, паштовыя і тэлеграфныя адпраўленні падвяргаліся ваен. цэнзуры. Папярэдняя цэнзура існавала на лекцыі, канцэрты, спектаклі і інш. відовішчы.

У пачатковы перыяд вайны значная частка насельніцтва Беларусі трапіла пад уплыў афіц. прапаганды, якая ўкараняла ў масавую свядомасць уяўленне аб справядлівым, абарончым характары вайны з боку Расіі і фарміравала вобраз агрэсіўнага, антыгуманнага праціўніка. У Мінску, Магілёве, Пінску, Гомелі, інш. гарадах і мястэчках у першыя дні вайны праведзены патрыят. маніфестацыі з выказваннем вернападданніцкіх пачуццяў, гатоўнасці ахвяраваць сабой у імя цара і Айчыны. Асаблівым патрыят. уздымам былі ахоплены маладыя людзі, многія з якіх добраахвотна запісваліся ў войска. Сялянства ўспрыняло вайну больш стрымана. Вайна несла селяніну не толькі гора і пакуты, але прымусова адрывала яго ад працы на зямлі. Усведамленне гэтага стала прычынай гвалтоўных эксцэсаў у час мабілізацыі прызыўнікоў у бел. губернях у ліп. 1914. У многіх паветах мабілізаваныя на вайну сяляне ўчынялі разгромы памешчыцкіх маёнткаў, самавольныя высечкі лесу, уступалі ў сутычкі з паліцыяй. Нярэдка такія эксцэсы суправаджаліся пагромамі вінных крам і складоў, што было справакавана забаронай з пачаткам вайны легальнага продажу спіртнога. Улады прымянілі жорсткія пакаранні (у т. л. смяротныя) і ўціхамірылі бясчынствы. Мабілізацыя з бел. губерняў прайшла ў цэлым паспяхова. Паводле наяўных фрагментарных звестак можна меркаваць, што ўсяго за гады вайны ў рас. армію было прызвана прыблізна 0,8—0,9 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі (дакладныя падлікі адсутнічаюць).

Сярод асноўных грамадска-паліт. сіл уступленне Рас. імперыі ў вайну адназначна падтрымалі кансерватыўна-манархічныя партыі і групы. Аналагічную пазіцыю занялі і партыі рас. лібералаў — акцябрысты і кадэты. Свае праграмныя ўстаноўкі пра дэмакратызацыю сац.-паліт. ладу краіны яны адсунулі на другі план, аддаўшы прыярытэт задачы захавання і пашырэння ў ходзе вайны імперскай велічы Расіі. З ліберальна-бурж. колаў зыходзіла ініцыятыва стварэння ўлетку 1914 няўрадавых ваен.-грамадскіх арг-цый — Усерасійскага земскага саюза дапамогі хворым і параненым воінам (УЗС) і Усерасійскага саюза гарадоў (УСГ), праз якія буржуазія наладжвала пастаўкі на фронт абмундзіравання, медыкаментаў, баявога рыштунку, а таксама спрабавала выкарыстаць іх для пашырэння свайго доступу да ўлады. У прыфрантавых бел. губернях адкрываліся падведамасныя УЗС і УСГ рамонтныя майстэрні, харчовыя пункты, шпіталі, для працы ў якіх на Беларусь прыбывалі тысячы рабочых і абслуговага персаналу з унутр. губерняў Расіі.

У асяроддзі агульнарасійскіх сацыяліст. партый сфарміравалася абаронніцкае крыло (пераважна з эсэраў і меншавікоў), якое заклікала прыпыніць рэв. барацьбу да поўнага разгрому праціўніка, і інтэрнацыяналісцкая плынь, што імкнулася захаваць вернасць міратворчым прынцыпам II Інтэрнацыянала. Сярод інтэрнацыяналістаў найбольшым радыкалізмам вызначаліся бальшавікі на чале з У.​І.​Леніным: яны выставілі лозунг ператварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. На Беларусі ва ўмовах ваен. становішча разрозненыя групы эсэраў і сацыял-дэмакратаў схіляліся да абаронніцкага крыла, аддавалі перавагу легальнай дзейнасці ва ўстановах УЗС і УСГ, дабрачынных арганізацыях. Аналагічную пазіцыю на пачатку вайны заняў і Бунд, засяродзіўшыся на дабрачыннай дапамозе беспрацоўным, уладкаванні яўрэяў-высяленцаў і бежанцаў.

У бел. нац. руху на пачатку вайны пераважалі пацыфісцкія настроі. Газета «Наша ніва» (пад рэдакцыяй Я.​Купалы), а таксама блізкая да бел. руху віленская «Вечерняя газета» ўстрымліваліся ад публікацыі афіц.-патрыятычных матэрыялаў, у падцэнзурных умовах праводзілі думку пра бессэнсоўнасць і катастрафічнасць наступстваў вайны. Разам з тым бел. адраджэнцы ўсведамлялі магчымасць змены ў ходзе вайны геапаліт. становішча Беларусі і заклікалі суродзічаў «гуртаваць свае сілы», каб сцвердзіць сябе ў пасляваен. свеце ў якасці самастойнай нац. супольнасці.

У выніку паражэнняў, панесеных на працягу першага года вайны рас. арміямі Паўн.-Заходняга і Паўд.-Заходняга франтоў ва Усх. Прусіі, Галіцыі і Польшчы, тэатр баявых дзеянняў улетку 1915 наблізіўся непасрэдна да Беларусі. 13(26) жніўня рас. армія пакінула Брэст, 21 жніўня (3 вер.) Гродна. Каб палепшыць кіраванне войскамі, рас. камандаванне ў жніўні 1915 падзяліла Паўн.-Зах. фронт на Паўночны фронт, які павінен быў прыкрываць шляхі на Петраград, і Зах. фронт, каб абараняць шляхі на Маскву. Арміі Зах. фронту [1-я (да крас. 1916), 2-я (жн. 1915 — пач. 1918), 3-я (жн. 1915 — чэрв. 1916; жн. 1916 — пач. 1918), 4-я (да снеж. 1916), 10-я (жн. 1915 — пач. 1918) і Асобая (жнівень—вер. 1916 і ліст. 1916 — ліп. 1917)], а таксама большая частка злучэнняў 5-й арміі Паўн. фронту да выхаду Расіі з вайны дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Штаб Зах. фронту размясціўся ў Мінску.

8(21).8.1915 Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага была пераведзена ў Магілёў. 23.8(5.9).1915 цар Мікалай II адхіліў ад пасады вял. князя Мікалая Мікалаевіча і ўзяў абавязкі Вярх. галоўнакамандуючага на сябе. Начальнікам свайго штаба ён прызначыў ген. М.​В.​Аляксеева, у руках якога фактычна і сканцэнтравалася стратэгічнае кіраванне войскамі. Аднак арганізацыйныя і кадравыя перамены не прадухілілі далейшага адступлення царскай арміі. Выявілася тэхн.-эканам. непадрыхтаванасць Рас. імперыі да працяглай вайны. Армія дрэнна забяспечвалася артылерыяй, стралк. зброяй і боепрыпасамі. Недастаткова развіты транспарт не спраўляўся з перавозкай жывой сілы і ўзбраенняў. Мелі месца шматлікія выпадкі некампетэнтнасці каманднага складу.

У канцы жніўня 1915 герм. войскі нанеслі з раёна Коўна ўдар у напрамку Свянцян і прарвалі рас. абарону на стыку Паўн. і Зах. франтоў. Ва ўтвораны Свянцянскі прарыў 1915 немцы кінулі моцныя кавалерыйскія злучэнні, якія рушылі ў раён Смаргоні, Вілейкі, Маладзечна і выйшлі ў тыл 10-й рас. арміі. У пач. верасня 1915 перадавыя раз’езды герм. конніцы дасягнулі Смалявіч і перарэзалі чыг. лінію Мінск—Масква. Каб пазбегнуць акружэння ў Літве і зах. Беларусі, 5(18).9.1915 рас. войскі без бою пакінулі Вільню і працягвалі адступленне на ўсход. Пасля складанай перагрупоўкі яны павольна перайшлі ў контрнаступленне і выцеснілі немцаў з раёна Маладзечна, Вілейкі да азёр Свір і Нарач. У пач. кастр. 1915 Свянцянскі прарыў ліквідаваны.

Герм. наступленне выклікала неабходнасць эвакуацыі на ўсход прадпрыемстваў і ўстаноў. Яна праходзіла неарганізавана, з вял. стратамі. З зах. Беларусі ва ўмовах хуткага наступлення немцаў удалося эвакуіраваць толькі асобныя фабрыкі і заводы; з Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. эвакуацыя прадпрыемстваў абароннага значэння была арганізавана лепш. Усяго за гады вайны з Беларусі вывезена або дэманціравана 432 прадпрыемствы, у 1915 таксама эвакуіравана 201 навуч. ўстанова.

Адначасова з перамяшчэннем абсталявання і маёмасці на ўсход рушыў вял. паток бежанцаў. Многія бежанцы, знясіленыя голадам і эпідэміямі, гінулі ў дарозе. Паводле прыблізных звестак, з Беларусі сышлі ў бежанства да 1,5 млн. чал. Больш за ўсё бел. бежанцаў асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Саратаўскай, Калужскай губ., у Петраградзе і Маскве. Для дапамогі ім у сак. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у студз. 1916 — Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дзейнічалі таксама аналагічныя польскія, літоўскія, яўрэйскія т-вы.

Агульным вынікам наступлення ням. войск у 1915 стала акупацыя імі Царства Польскага, часткі Латвіі, Літвы і зах. Беларусі. У кастр. 1915 рас.-нямецкі фронт надоўга стабілізаваўся па лініі Зах. Дзвіна—Дзвінск—Паставы—Смаргонь—Баранавічы—Пінск, падзяліўшы этнічную тэр. беларусаў на дзве часткі.

З мэтай дамагчыся рэваншу рас. камандаванне правяло ў сак. Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова, а ўлетку 1916 ажыццявіла наступленне сіламі Зах. фронту, якія павінны былі наносіць гал. ўдар (але ў ходзе Баранавіцкай аперацыі 1916 не дасягнулі поспеху) пры падтрымцы войск Паўд.-Зах. фронту, чые дзеянні мелі вынікам прарыў аўстра-венгерскіх пазіцый.

Акупіраваная ўвосень 1915 зах. частка бел. этнічнага абшару была ўключана немцамі ў ваен.-адм. акругі «Літва» (уваходзілі Ковенская, Віленская і Сувалкаўская губ.) і «Беласток—Гродна». Разам з акругай «Курляндыя» яны падпарадкоўваліся Гал. камандаванню Усх. фронту (Обер Ост). На ўсход ад лініі Дукшты—Нова-Свянцяны—Варняны—Медзішкі—Воранава—Ліда—Дзятлава—Ваўкавыск—Свіслач—Белавежа—Высокае—р. Буг да лініі ням.-рас. акопаў праходзіла ваен.-аперацыйная паласа, якая знаходзілася пад кантролем ням. этапных інспекцый. Парадак кіравання акупіраванымі землямі быў нацэлены на першачарговае задавальненне інтарэсаў Германскай імперыі і яе арміі. Нягледзячы на развал эканомікі і абязлюдзенне краю ў выніку баявых дзеянняў, немцы інтэнсіўна эксплуатавалі яго гасп. і працоўныя рэсурсы. Сістэматычна ўчыняліся масавыя рэквізіцыі харч. прадуктаў, жывёлы, футра і г.д. Пад выглядам штрафаў за розныя правіннасці ажыццяўляліся грашовыя паборы. Выпампоўванню сродкаў з мясц. насельніцтва служыла сістэма шматлікіх падаткаў, пошлін, даходаў ад дзярж. манаполій. Дзеля нарыхтоўкі драўніны масава высякаліся лясы, асабліва ў Белавежскай пушчы. На ваен. аб’ектах, у сельскай гаспадарцы і лесанарыхтоўках выкарыстоўвалася прымусовая праца мясц. насельніцтва. Несанкцыянаваная паліт. дзейнасць была забаронена. Выключна строга кантраляваліся перамяшчэнні жыхароў.

Нац.-культ. палітыка акупантаў мела на мэце, з аднаго боку, як мага больш выразнае адасабленне краю ад Расіі, з другога — нейтралізацыю тут польскіх уплываў, якія ўзмацніліся пасля сыходу ў бежанства значнай часткі бел. праваслаўнага насельніцтва. Акупац. ўлады ўзялі курс на пераважную падтрымку літ., бел., яўр. культуры. У школах краю навучанне па-руску забаранялася, як абавязковы прадмет уводзілася ням. мова. Выкладанне навуч. дысцыплін магло ажыццяўляцца на ням. або роднай мове вучняў. Падкрэслівалася, што бел. мова не ідэнтычная рускай і дапускаецца без абмежаванняў. Поруч з інш. мовамі бел. мова пачала ўжывацца ў зваротах улад да насельніцтва, друкаваліся нямецка-бел. пашпарты, дазвалялася адчыняць бел. школы. Першая бел. пачатковая школа пачала працаваць у Вільні ў ліст. 1915. Восенню 1916 рэарганізавана ў беларускую Свіслацкая настаўніцкая семінарыя, адкрыты бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Паводле афіц. нямецкіх звестак, у снежні 1917 на тэр. Обер Осту налічвалася 50, у сак. 1918—89 бел. школ. З лютага 1916 да канца 1918 у Вільні выходзіла бел. грамадска-паліт. і літ. газета «Гоман».

Змяненне ў ходзе вайны геапалітычнай сітуацыі паставіла на парадак дня і праблему дзярж.-паліт. самавызначэння беларусаў. У першыя гады вайны бел. нац. актывісты, што дзейнічалі ў Вільні, спрабавалі рэалізаваць ідэю самавызначэння шляхам аднаўлення шматнацыянальнай дзяржавы на ўзор Вялікага княства Літоўскага. Для дасягнення гэтай мэты ў канцы 1915 арганізаваны блок літоўскіх, беларускіх, польскіх і яўрэйскіх палітыкаў — Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага. Але кіраўнікі літ. руху неўзабаве адышлі ад гэтага праекта, асцерагаючыся колькаснай перавагі беларусаў і верагоднага культ.-паліт. дамінавання палякаў у мяркуемай супольнай дзяржаве. Вылучыўшы на першы план мэту стварэння ўласнай этнанацыянальнай дзяржавы, літоўцы з санкцыі акупац. улад правялі ў вер. 1917 у Вільні Літоўскую канферэнцыю, на якой сфарміравалі Раду Літоўскай зямлі (Тарыбу). У процівагу гэтаму бел. дзеячы склікалі ў студз. ў Вільні Беларускую канферэнцыю 1918, якая ўтварыла орган бел. прадстаўніцтва — Віленскую беларускую раду. Гэта быў крок на шляху да стварэння бел. дзяржавы ў межах рассялення бел. этнасу.

Тэр. Беларусі на ўсход ад лініі ням.-рас. акопаў служыла тылавой зонай рас. Зах. фронту. Ва ўмовах вайны тут хуткімі тэмпамі развіваліся галіны прам-сці, якія працавалі на патрэбы арміі (хлебапякарная, тэкстыльная, абутковая, металаапрацоўчая), астатнія апынуліся ў заняпадзе. У 1916 вытворчасць мірнай прадукцыі ва ўсх. Беларусі складала ўсяго 15—16% ад даваен. ўзроўню. На стан сельскай гаспадаркі згубна паўплывала скарачэнне рабочай сілы ў выніку мабілізацыі і прыцягнення сялян на абарончыя работы. Многія сял. гаспадаркі засталіся без работнікаў-мужчын. Рэквізіцыі коней пакінулі шмат гаспадарак і без цяглавай сілы. У выніку пасяўныя плошчы пад асн. культурамі скараціліся ў 1917 (у параўнанні з 1914) на 15,6%, пагалоўе жывёлы ў 1916 — на 11,4%. За гады вайны адбылося істотнае абясцэньванне рубля: да пач. 1917 яго рэальная пакупная здольнасць знізілася да 27 капеек (паводле інш. падлікаў — да 14 кап.). Усё гэта значна пагоршыла становішча шырокіх мас народа. Ва ўсх. Беларусі ў сувязі з наплывам вайскоўцаў і бежанцаў вострыя формы набыў харчовы крызіс, дэфіцыт прадметаў першай неабходнасці, жыллёвая праблема. У 1916 над гарадамі навісла пагроза голаду. З-за недаядання рэзка вырасла захваральнасць людзей.

Эканам. бязладдзе, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, згасанне надзей на хуткую перамогу развейвалі вернападданніцкі энтузіязм. З 1915 заўважалася ажыўленне рабочага руху, нарастала колькасць сял. хваляванняў. Гібель соцень тысяч людзей на фронце, недастатковае забеспячэнне войска ўзбраеннем, харчаваннем і амуніцыяй паглыблялі незадаволенасць з боку вайскоўцаў. Шматтысячнае выступленне салдат і матросаў на Гомельскім размеркавальным пункце ў кастр. 1916 стала адным з сімптомаў разлажэння арміі — гал. узбр. апоры царскага рэжыму. Адначасова нарасталі апазіцыйныя настроі ў асяроддзі паліт. і інтэлектуальнай эліты. У 1916 актывізавалася антыўрадавая апазіцыя ў Дзярж. думе Расіі. Цэнтрам апазіцыі стала фракцыя кадэтаў на чале з П.​М.​Мілюковым. Сярод насельніцтва распаўсюджваліся чуткі пра здрадніцтва ва ўрадзе, у вярхах арміі і нават у царскай сям’і. Уцягнуўшыся ў 1-ю сусв. вайну, Рас. імперыя паставіла сябе на грань усёабдымнага, сістэмнага крызісу.

Літ.:

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Савицкий Э.М. Революционное движение в Белоруссии (август 1914 — февраль 1917 гг.). Мн., 1981;

Первая мировая война: Указ. лит. 1914—1993 / Сост. В.​И.​Бабенко, Т.​М.​Демина. М., 1994;

Весялкоўскі Ю. Беларусь у першай сусветнай вайне: (Гіст. нарыс). Беласток; Лондан, 1996;

Первая мировая война: Пролог XX в М., 1998;

Россия и первая мировая война: (Материалы науч. колоквиума). СПб., 1999;

Зайончковский А.М. Первая мировая война. СПб., 2000;

Бежанства 1915 года. Беласток, 2000;

Мировые войны XX века: В 4 кн. Кн. 1. Первая мировая война: Ист. очерк; Кн. 2. Первая мировая война: Док. и материалы. М., 2002.

С.​С.​Рудовіч.

Рускія акопы на Заходнім фронце 1915.
Лагер бежанцаў у Слуцку. 1915.
Лістоўка, выдадзеная Беларускім таварыствам у Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916.
Першая сусветная вайна. Гарыць беларуская вёска.

т. 18, кн. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)