Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́КА ЗАКО́Н,
паказвае залежнасць паміж мех. напружаннем і дэфармацыяй пругкага цела. Адкрыты ў 1660 Р.Гукам. Паводле Гука закона пры падоўжным расцяжэнні (сцісканні) стрыжня даўжынёй 1 з плошчай папярочнага сячэння S абс. падаўжэнне (укарачэнне) Δl прама прапарцыянальнае сіле F, якая расцягвае (сціскае) стрыжань: Δl = Fl/ES, дзе E — модуль Юнга (гл.Модулі пругкасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,
час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІМІЛЯ́ЦЫЯў мовазнаўстве,
распадабненне ў межах аднаго слова або словазлучэння аднаго з двух артыкуляцыйна блізкіх ці аднолькавых гукаў іншым, менш падобным. Узнікае паміж гукамі аднаго тыпу — галоснымі (вакальная Д.) ці зычнымі (кансанантычная Д.)і звычайна скіравана на аблягчэнне вымаўлення. Бывае Д. сумежных гукаў (кантактная Д., напр., «трахтар» з «трактар») і гукаў, раздзеленых інш. гукамі (дыстактная Д., напр., «більзін» з «бензін»), Адрозніваецца Д. прагрэсіўная (змяненне гука пад уплывам папярэдняга: «пролубка» з «прорубка») і рэгрэсіўная (змяненне гука пад уплывам наступнага: «канбайн» з «камбайн»). Пашырана Д. ў гаворках, прастамоўі, дзіцячым маўленні, сустракаецца ў літ. мове, дзе асобныя яе формы замацаваліся як нарматыўныя: «калідор» з «карыдор» і г.д. Д. процілеглая асіміляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЫЁВІЗУА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА, аўдыёвідэатэхніка,
сукупнасць тэхн. сродкаў, прызначаных для запісу, захоўвання, перадачы і ўзнаўлення інфармацыі, якая адначасова можа ўспрымацца органамі слыху і зроку чалавека.
Да аўдыёвізуальнай тэхнікі адносяць кіназдымачныя апараты, тэлевізійныя перадавальныя камеры, кінапраекцыйныя апараты, тэлевізары, магнітафоны (у т. л.відэамагнітафоны), відэатэлефоны, некаторыя персанальныя камп’ютэры і інш. Носьбіты аўдыёвізуальнай інфармацыі: дыяфільмы, кінафільмы, галаграмы, магн. стужкі і касеты, дыскі (у т. л.аптычныя дыскі) гука- і відэазапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ГКАСЦЬматэрыялаў,
уласцівасць цел аднаўляць сваю форму і аб’ём (цвёрдыя целы) ці толькі аб’ём (вадкасці і газы) пасля спынення дзеяння знешніх сіл, якія выклікалі іх дэфармацыю. У цвёрдых целах і вадкасцях П. абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж часцінкамі рэчыва, у газах — кінетычнай энергіяй руху малекул.
У целах з ідэальнай П. дэфармацыя поўнасцю знікае пасля спынення дзеяння сілы, у рэальных целах застаецца т.зв. астаткавая дэфармацыя (гл.Пластычнасць). Дэфармацыю пругкіх цел пад уздзеяннем знешніх сіл вывучае пругкасці тэорыя. У большасці матэрыялаў пры малых дэфармацыях залежнасць паміж напружаннем механічным і дэфармацыяй з’яўляецца лінейнай і апісваецца Гука законам. Пругкія ўласцівасці цел, што падпарадкоўваюцца абагульненаму закону Гука, характарызуюцца модулямі пругкасці. Затрачаная на пругкую дэфармацыю энергія вяртаецца назад у працэсе аднаўлення формы ці аб’ёму цела, таму пругкія целы могуць служыць акумулятарамі мех. энергіі, напр., гадзіннікавая спружына.
Літ.:
Френкель Я.И. Введение в теорию металлов. 4 изд. Л., 1972;
Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.
Да арт.Пругкасць матэрыялаў. Шарыкавая мадэль элементарнай ячэйкі кубічнага крышталя: 1 — у раўнавазе пры адсутнасці знешніх сіл; 2 — пад дзеяннем знешняга датычнага напружання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КАННЕ,
вымаўленне не пад націскам на месцы фанемы <о> гука [о]. У адрозненне ад акання О. ўласціва размежаванне пры маўленні фанем <о> і <а> ў ненаціскных складах: «вода — трава». Распаўсюджана ў паўн. гаворках рус. мовы. На Беларусі сустракаецца ў паўд. гаворках Брэсцкай і Гомельскай абл. Ў асобных гаворках Столінскага і Лунінецкага р-наў назіраецца гіпероканне — замена этымалагічнага [а] на [о]: [бозар].
Літ.:
Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРУХу супраціўленні матэрыялаў,
від пругкай дэфармацыі, які характарызуецца зменай (скажэннем) вуглоў элементарных паралелепіпедаў цела пры захаванні іх аб’ёму. Прыводзіць да ўзаемнага зрушэння паралельных слаёў матэрыялу з захаваннем нязменнай адлегласці паміж імі. Пры З. мае месца Гука закон: τ=Gγ, дзе τ — датычнае напружанне, што выклікае З., G — модуль З. дадзенага матэрыялу (гл.Модулі пругкасці), γ — вугал З. ці адносны З. Разлік на З. — асноўны для балтовых і заклёпачных злучэнняў і зварных швоў.