Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАНІ́Н, 2-аміна-6-оксіпурын,
пурынавая аснова, якая ёсць ва ўсіх жывых клетках у саставе нуклеінавых к-т (ДНК і РНК). Структурны кампанент нізкамалекулярных каферментаў, зыходнае рэчыва пры біясінтэзе птэрынаў, рыбафлавіну, фоліевай к-ты. Нуклеатыд гуаніну ўдзельнічае ў сінтэзе бялку, актывацыі тлушчавых к-т, цыкле трыкарбонавых к-т, глюканеагенезе. У значнай колькасці знаходзіцца ў экскрэментах павукападобных і птушак (адкрыты ў складзе гуана, адсюль назва), у лусцэ і скуры рыб (вапнавае злучэнне гуаніну надае лусцэ рыб характэрны бляск), паўзуноў і земнаводных. Пры дэзамінаванні адэназіндэзаміназай гуанін пераўтвараецца ў ксанцін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДО́Н, трыплет,
паслядоўнасць трох азоцістых асноў у малекуле нуклеінавых кіслот, якая вызначае размяшчэнне пэўнай амінакіслаты ў малекуле бялку пры яго сінтэзе; элементарная адзінка генетычнага кода. 4 азоцістыя асновы (адэнін, гуанін, цытазін, тымін у ДНК і урацыл замест тыміну ў РНК) у камбінацыі па тры могуць утвараць 64 К., з якіх 61 кадзіруе ўключэнне 20 амінакіслот, а 3 служаць «кропкамі», што заканчваюць працэс сінтэзу поліпептыду. Паслядоўнасць К. ў гене вызначае паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдным ланцугу бялку, які кадзіруецца гэтым генам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́НЫ,
група арганічных гетэрацыклічных рэчываў, вытворных пурыну (араматычнага біцыклічнага злучэння, утворанага кандэнсаванымі ядрамі пірымідзіну і імідазолу). Найб. пашыраны амінапурыны або пурынавыя асновы (адэнін, гуанін) і гідраксіпурыны (мачавая кіслата, гіпаксанцін, ксанцін), якія з’яўляюцца прадуктамі распаду амінапурынаў. Да П. адносяцца таксама алкалоіды кафеін і тэабрамін (метыліраваныя вытворныя ксанціну) і адэназінтрыфосфарная кіслата. Утвараюцца ў арганізме і паступаюць з прадуктамі харчавання. Біясінтэз П. пачынаецца з рыбоза-5-фасфату — прадукту пентозафасфатнага цыкла. Прыгнечанне біясінтэзу пурынавых нуклеатыдаў прыводзіць да тармажэння росту. Канчатковым прадуктам распаду П. у чалавека і большасці жывёл з’яўляецца мачавая к-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя, медыцынскія, кармавыя і тэхнічныя прадукты перапрацоўкі рыбы. Найб. важны харч. прадукт — мяса рыб (складае 35—69% ад масы рыбы), якое мае шмат паўнацэнных бялкоў (16—20%), поліненасычаных тлушчаў, вітамінаў E і групы B, мінер. рэчываў. У залежнасці ад колькасці тлушчаў у мясе рыба падзяляецца на катэгорыі: посная (тлушчаў да 2%), сярэдняй тлустасці (2—5%), тлустая (больш за 5%). Асн. віды прамысл. перапрацоўкі — замарожванне, вэнджанне, вяленне і кансерваванне. Да харч.Р.п. належаць таксама ганады (ікра, малокі), печань. Сыравіна для атрымання мед.Р.п. (тлушчы, вітамінныя прэпараты) — печань рыб сям. трасковых і інш. Кармавыя і тэхн.Р.п. (рыбная мука, рыбны клей, гуанін, жамчужны пат) атрымліваюць з адходаў перапрацоўкі рыбы (галовы, плаўнікі, луска, вантробы) і малакаштоўнай рыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДЗЯЛЕ́ННЕ, экскрэцыя,
вывядзенне з арганізма канчатковых і прамежкавых прадуктаў метабалізму, чужародных, таксічных і залішніх рэчываў, вады, солей, газаў; частка абмену рэчываў. Забяспечвае аптымальны склад унутр. асяроддзя (гамеастаз) і нармальную жыццядзейнасць арганізма. У працэсе выдзялення ў пазваночных удзельнічаюць ныркі, стрававальна-кішачны тракт, лёгкія, шчэлепы, скура, слізістыя абалонкі, плацэнта (гл.Выдзяляльная сістэма). Асновай механізмаў выдзялення ў розных органах з’яўляюцца працэсы пераходу прадуктаў абмену рэчываў праз клетачныя мембраны з вобласці з больш высокай іх канцэнтрацыяй у вобласць з больш нізкай канцэнтрацыяй. У выдзяленні адрозніваюць 3 групы з’яў: выдзяленне вуглекіслаты ў знешняе асяроддзе ў газападобнай форме (у наземных жывёл); выдзяленне канчатковых прадуктаў азоцістага абмену (аміяк, мачавіна, мачавая кіслата, гуанін) і чужародных рэчываў, якія ўсмоктваюцца; рэгуляцыя асматычнага ціску ўнутр. асяроддзя арганізма праз выдзяленне вады і солей. У норме выдзяленне прадуктаў абмену прапарцыянальнае інтэнсіўнасці іх утварэння. Паміж органамі выдзялення існуюць функцыян. і рэгулятарныя ўзаемасувязі. У раслін адрозніваюць актыўнае выдзяленне — спецыялізаванымі залозамі або ўсёй паверхняй клетак і пасіўнае выдзяленне — змыванне і вышчалочванне ападкамі. Парушэнне выдзялення вядзе да павелічэння канцэнтрацыі рэчываў, якія выдзяляюцца ва ўсіх клетках арганізма, і абумоўлівае парушэнне іх нармальнага функцыянавання.