БРЭМ ((Brehm) Альфрэд Эдмунд) (2.2.1829, Рэнтэндорф, зямля Цюрынгія, Германія — 11.11.1884),

нямецкі заолаг, асветнік. Вучыўся ў Іенскім ун-це. Дырэктар Гамбургскага заапарка (1863—66), заснавальнік Берлінскага акварыума (1867). У час вандраванняў па Егіпце, Нубіі, Судане, Абісініі, Іспаніі, Нарвегіі, Зах. Сібіры сабраў грунтоўны матэрыял па біялогіі жывёл і абагульніў яго ў папулярным дапаможніку па заалогіі «Жыццё жывёл» (т. 1—6, 1863—69), дзе апісаў жыццё і характары жывёл.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА»,

літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся з ліп. да вер. 1927 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ф.​Умястоўскі. Ідэйныя пазіцыі часопіса былі абумоўлены памяркоўнымі поглядамі рэдактара, яго паліт. арыентацыяй на тэр. аўтаномію Зах. Беларусі з паслядоўнай эвалюцыяй да незалежнасці. Асвятляў пытанні гісторыі Беларусі, бел. асветы на зах.-бел. землях. Пісаў пра неабходнасць культ. і краязнаўчай руплівасці ў Зах. Беларусі і краязнаўчую работу ў БССР. Друкаваў творы М.​Багдановіча, А.​Бартуля, М.​Васілька, У.​Дубоўкі і інш. Меў грунтоўны раздзел «Хроніка». Выйшлі 3 нумары ў 2 кнігах.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН АЛЬ-ХАЙСА́М (Абу Алі аль-Хасан ібн аль-Хасан) (латынізаванае Альгазен; Alhazen; 965, г. Басра, Ірак — каля 1039),

арабскі вучоны. Жыў і працаваў у Каіры (Егіпет). Навук. працы ў галіне фізікі, астраноміі, матэматыкі, медыцыны і філасофіі. У рукапісным трактаце «Скарб оптыкі» (7 кн., перакладзены на лац. мову ў 12 ст., выд. ў 1572) выклаў найб. поўна на той час фізіял. і геам. оптыку, апісаў будову вока, прапанаваў тэорыю зроку, выказаў меркаванне аб тым, што святло распаўсюджваецца з канечнай скорасцю. Правёў грунтоўны аналіз «Асноў» Эўкліда.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 28—34.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДАЛ ((Budal) Андрэй) (31.10.1889, в. Штандраж, каля г. Гарыцыя, Італія — 7.6.1972),

славенскі пісьменнік, публіцыст, крытык, перакладчык. Д-р філал. н. (1913). Пісаў на славенскай і італьян. мовах. Аўтар зб-каў апавяд. «Жупан Жагар» (1927), «Бедны Уштын» (1928), «Чыя ты?» (1930), «Між сэрцам і зямлёю» (1932), «З таго боку магілы» (1934), «На кані» (1938), гіст. аповесці «Хрэсны ход Пятра Купленіка» (1924). Перакладаў з раманскіх і славянскіх моў. Адзін з першых у Славеніі перакладчыкаў і даследчыкаў бел. л-ры. У зб. «Прамень» (1933) апублікаваў грунтоўны артыкул «Пра беларусаў і беларускую літаратуру», дзе змясціў і пераклад верша Я.​Купалы «А хто там ідзе?». Пераклаў і выдаў асобнай кнігай творы Я.​Коласа («Малады дубок і іншыя апавяданні», 1933).

І.​А.​Чарота.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАЦЫЯНА́ЛІЗАТАР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца аўтарам рацыяналізатарскіх прапаноў, укараненне якіх унесла грунтоўны ўклад ва ўдасканаленне вытворчасці, у павышэнне прадукцыйнасці працы, паляпшэнне якасці прадукцыі, умоў працы і тэхнікі бяспекі, забеспячэнне н.-д. і навуч. працэсу, якія вядуць шматгадовую рацыяналізатарскую дзейнасць. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1959 існавала ганаровае званне засл. рацыяналізатар Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя рацыяналізатары Рэспублікі Беларусь

1960. Х.​І.​Гандэльман, Я.​А.​Грамыка, Р.​С.​Ермашкевіч, М.​М.​Жукаў, У.​А.​Забяжаеў, І.​М.​Зарэцкі, В.​П.​Зданкевіч, А.​К.​Іваноў, К.​К.​Крашчановіч, В.​М.​Пагадаеў, У.​А.​Паўлоўскі, Б.​В.​Растанін, У.​П.​Русак, В.​Л.​Сакалоў, Л.​І.​Свістун, У.​Д.​Свічкароў, В.​М.​Скляднеў, П.​Р.​Стацэнка, М.​П.​Тадыкін.

1963. А.​А.​Барташэвіч, Р.​С.​Бражэнас, А.​С.​Пуставайтоўскі, Л.​К.​Скуратовіч, А.​І.​Шылкін.

1964. В.​А.​Антонаў, М.​Я.​Афончанка, Р.​М.​Багдасараў, А.​І.​Вазновіч, І.​Дз.​Вярбіцкая, І.​Р.​Гаража, А.​Я.​Дзмітрыеў, І.​М.​Ермакоў, Р.​К.​Жолтак, У.​В.​Звізжоў, Р.​М.​Іваноў, М.​П.​Іхно, У.​А.​Казлоў, У.​Ф.​Касінскі, В.​М.​Корбут, В.​І.​Кушнарэнка, А.​М.​Мартыненка, М.​З.​Марціновіч, М.​П.​Марчанка, У.​К.​Масюкоў, Дз.​І.​Мечнік, П.​Я.​Прыцкер, Э.​В.​Радкевіч, А.​Е.​Смірноў, Р.​Ш.​Столін, Я.​М.​Сцяпанаў, У.​А.​Трайц, А.​К.​Трыгубовіч, А.​А.​Усаў, С.​Р.​Фарбер, Дз.​С.​Фролкін, І.​К.​Хіба, І.​Н.​Хібнік, А.​І.​Хлапіцкі, А.​П.​Шаўцоў, Н.​І.​Шофер.

1966. М.​Р.​Грынкевіч, Л.​І.​Кумец-Кулеш, У.​Р.​Пекеліс, В.​У.​Пятрышчаў.

1967. М.​А.​Ардо, І.​А.​Баранцэвіч, С.​М.​Барысавец, А.​Л.​Бераснёў, Л.​Р.​Біржакова, П.​І.​Бойка, Ю.​Ф.​Боткіна, Б.​І.​Брыч, П.​В.​Валавод, П.​Г.​Васілеўскі, Ф.​С.​Віцебская, Р.​П.​Гальперын, І.​Л.​Гапановіч, Я.​П.​Гееўскі, І.​М.​Гурэвіч, А.​Р.​Дзюндзін, П.​А.​Жураў, І.​Ф.​Казлоўскі, П.​П.​Какоткін, Р.​А.​Карвяк, У.​М.​Кошаль, У.​А.​Кузняцоў, І.​Я.​Лашкоў, В.​М.​Любецкая, П.​М.​Макараў, К.​Р.​Манахаў, Д.​А.​Марчанка, У.​Р.​Маскалёў, Н.​Ф.​Мелавацкая, М.​М.​Міско, М.​Р.​Папоў, С.​Ф.​Патапаў, І.​С.​Пацехін, Л.​А.​Раманоўскі, Э.​Е.​Сафроненка, С.​К.​Сівохін, П.​А.​Сматрыцкі, В.​П.​Спічэўская, А.​А.​Харашчо, А.​Л.​Цыркуноў, Г.​А.​Цярэшка, А.​Б.​Чыжэўскі, К.​М.​Чыстабаеў, І.​М.​Шамес.

1968. В.​Я.​Авяр’янаў, Г.​М.​Анфінагенаў, М.​М.​Ахрамовіч, А.​М.​Бабенка, М.​Г.​Баканаў, В.​М.​Ванін, П.​Ю.​Васілюк, А.​М.​Выхота, А.​Р.​Данін, В.​А.​Зінькоўскі, М.​Н.​Коннікаў, А.​М.​Кунцэвіч, Ф.​Л.​Ліпатаў, А.​М.​Лысы, У.​П.​Маркоўскі, А.​У.​Навуменка, У.​М.​Пятроў, В.​С.​Раманенка, У.​Г.​Сягоднік, Я.​Г.​Сойка, М.​П.​Стома, І.​С.​Тараеў, Я.​Ф.​Туфлін, Я.​М.​Увядзенскі, К.​В.​Чаравухін, У.​Т.​Чуракоў, І.​П.​Шапавалаў, М.​Я.​Ягораў.

1970. С.​Я.​Абросімава, В.​К.​Антонаў, М.​І.​Арашонак, Г.​А.​Асколкаў, В.​А.​Ганелес, В.​К.​Гаўрыленка, Я.​Е.​Грыгор’еў, Э.​Л.​Гузоўскі, М.​К.​Данільчук, У.​А.​Зяваліч, Ф.​Л.​Іскароў, Э.​У.​Іскроў, А.​В.​Калошын, Б.​І.​Крыніцкі, Б.​В.​Лазарчык, А.​Ф.​Папялкоўскі, В.​В.​Подух, А.​А.​Чайкоўскі, Ю.​А.​Шчарбакоў, Я.​С.​Юрчанка, А.​М.​Ярэшчанка.

1971. А.​С.​Аляксееў, А.​С.​Васіленка, Ф.​І.​Гарбуноў, І.​А.​Гардзейчык, А.​М.​Гільдэнберг, А.​А.​Дзянсківіч, А.​Ф.​Жолаб, В.​Ц.​Залатароў, А.​М.​Зянько, М.​М.​Ільясевіч, Э.​С.​Казанецкі, М.​П.​Каменскі, К.​С.​Кулеш, М.​А.​Кучко, П.​П.​Маліноўскі, Н.​І.​Мікульскі, К.​П.​Пеканюк, М.​А.​Пракапеня, П.​В.​Рыбакоў, Л.​А.​Савіцкі, У.​У.​Савіч, С.​Л.​Салавейчык, В.​С.​Семярной, Л.​М.​Станкевіч, В.​Ф.​Суздалеў, Я.​П.​Сяліцкі, Я.​С.​Франчкоўскі, Г.​П.​Шулікаў, Дз.​Ф.​Ягораў.

1972. Б.​П.​Мірановіч.

1973. М.​Я.​Бароўскі, В.​У.​Грыгор’еў, В.​М.​Духанін, У.​А.​Мазура, М.​А.​Рабянок.

1975. В.​І.​Аляксееў, У.​І.​Антонаў, М.​В.​Балыкіна, Дз.​М.​Барысенка, В.​П.​Вараб’ёў, М.​С.​Громаў, П.​А.​Дзешавіцын, У.​М.​Жукоўскі, Дз.​Д.​Заяц, В.​Д.​Кузьмін, Ф.​А.​Купалаў, В.​А.​Лычкоўскі, Ю.​І.​Мажаеў, М.​М.​Някрасаў, Л.​І.​Патаповіч, І.​Я.​Саксонаў, В.​В.​Самохін, Я.​В.​Сацукевіч, Л.​П.​Тумас, Ф.​А.​Хацкевіч, В.​М.​Чарненка, В.​І.​Яронька.

1979. Р.​Х.​Бабіеў, С.​К.​Бандарук, Л.​І.​Драмянкоў, Г.​А.​Жыраў, І.​Дз.​Забаўчык, В.​П.​Загуменкаў, Л.​В.​Касцючэнка, І.​П.​Кобрынец, В.​С.​Леган, М.​М.​Лягезін, А.​А.​Пузевіч, В.​Т.​Пуставойценка, А.​А.​Радзевіч, А.​П.​Шыян.

1981. А.​Ф.​Выбарнаў, М.​М.​Гаўрылюк, Г.​А.​Караткевіч, А.​І.​Каткоўскі, В.​В.​Куляшоў, Дз.​А.​Куртоў, М.​Т.​Лінькоў, Г.​П.​Маскін, А.​Л.​Міронаў, Г.​І.​Нікалаенка, А.​В.​Рак, У.​Р.​Шавель, В.​П.​Шамрэеў, Г.​М.​Шарэйка.

1983. В.​І.​Навумаў.

1987. К.​Н.​Раткевіч.

1988. Г.​А.​Буйноўскі, А.​В.​Гарадзецкі, В.​І.​Дзяркач, М.​М.​Дзятлаў, В.​У.​Каранкевіч, Р.​Я.​Лішанскі, М.​І.​Пажыдаеў, В.​У.​Стасюк, І.​В.​Цітоў, А.​К.​Чорная, І.​Ц.​Якімаў.

1989. К.​Т.​Бяляк, Р.​Л.​Гарус, М.​Ф.​Гаўрылаў, У.​М.​Даніленка, В.​Р.​Латушка, М.​К.​Лухвіч, В.​П.​Мамчыц, С.​Р.​Марачкаў.

1990. У.​А.​Альбіцкі, Л.​П.​Бараноўскі, А.​А.​Баркун, Л.​І.​Іофе, П.​П.​Лабкоў, У.​А.​Ламака, М.​М.​Маркевіч, А.​М.​Піменаў, Г.​І.​Сліжоў, У.​М.​Якубенка.

1991. Л.​М.​Бурскі, А.​І.​Каваленка.

1992. Б.​А.​Кусакін.

т. 6, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯЗНА́ЎСТВА,

усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.​Г.​Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст. Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш. Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.​М.​Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн. Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ. «Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.

У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л. Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л. Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час. «Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.​Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.

Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час. «Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел. навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-ва бел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.​М.​Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.​А.​Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.​Р.​Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.​Л.​Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.​М.​Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.​Фёнік (Беласток), А.​Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.

Літ.:

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;

Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;

Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;

Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;

Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;

Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.

Л.​В.​Трэпет.

Да арт. Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.
Да арт. Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.​І.​Пічэтам. 1929.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)