усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкееіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.